Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Webometrics апублікаваў чарговую вэрсію лепшых вышэйшых установаў сьвету. У топ-500 беларускія ўнівэрсытэты не ўвайшлі, самая высокая пазыцыя – 1474-е месца – у Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, паведамляе “Ежедневник".

Першыя 10 месцаў у рэйтынгу Webometrics, абнародаваным у студзені 2011 году, займаюць амэрыканскія ўнівэрсытэты. Узначальвае яго Масачусэцкі тэхналягічны ўнівэрсытэт, другое і трэцяе месцы – Гарвард і Стэнфард.

З краін-суседзяў Беларусі найбольш высокія пазыцыі ў двух польскіх унівэрсытэтаў – Ягелонскага (373) і Вроцлаўскага тэхналягічнага (433), а таксама ў Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта ім. М. Ламаносава (386).

Па вэрсіі Webometrics у топ-10 беларускіх ВНУ ўваходзяць таксама Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (2441), Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (2994), Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт (4000), Беларуская мэдычная акадэмія пасьлядыплёмнай адукацыі (4503), Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт ( 5662), Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (5692), Акадэмія пасьлядыплёмнай адукацыі (5845), Менскі інстытут мэнэджмэнту (6028) і Берасьцейскі дзяржаўны тэхнічны ўнівэрсытэт (6299).

Толькі на 11-м месцы сярод беларускіх ВНУ апынуўся Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт (6458-я пазыцыя ў сусьветным рэйтынгу). Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце РБ, якая нядаўна адзначыла свой юбілей, у беларускім рэйтынгу на 18м месцы, а ў сусьветным – на 7984-м. Усяго Webometrics ацаніў 36 беларускіх ВНУ.

Рэйтынг унівэрсытэтаў сьвету Webometrics лічыцца адным з самых аўтарытэтных у сьвеце. Ён складаецца дасьледчай групай Cybermetrics Lab, якая зьяўляецца часткай найбуйнейшай дасьледчай групы CSIC пры гішпанскім міністэрстве адукацыі.

Webometrics аналізуе не адукацыйную дзейнасьць унівэрсытэтаў у цэлым, а прадстаўленьне ВНУ ў інтэрнэце. З 2004 года двойчы ў год робіцца ранжыраваньне прысутнасьці ў Сеціве ВНУ ўсяго сьвету. У дадзены момант аналізуецца каля 13 тысяч адукацыйных устаноў з амаль 18 тыс. ВНУ, уключаных у Сусьветную базу вышэйшай адукацыі (WHED).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG