Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Вус: Лёс Лукашэнкі залежыць ад Расеі


Мікола Статкевіч і Дзьмітры Вус (зправа)

Мікола Статкевіч і Дзьмітры Вус (зправа)

Сёньня былога кандыдата ў прэзыдэнты Дзьмітрыя Вуса чарговы раз выклікаюць допыт ў КДБ. Пра гэта і пра сваё бачаньне сытуацыі ў Беларусі ён распавёў у жывым эфіры Радыё Свабода.

Соўсь: Як дзейнічаюць супрацоўнікі КДБ, якія мэтады яны выкарыстоўваюць?

Вус: У мяне бізнэс тут у Беларусі. Таму яны шантажуюць з пункту гледжаньня бізнэсу. Кажуць, што калі мяне пасадзяць у турму, то мой бізнэс разваліцца, што калі я выйду з турмы, у мяне ня будзе хлеба. Яны шантажуюць бізнэсам. Маўляў, закрыюць бізнэс, і ў мяне ня будзе магчымасьці жыць нармальна. У мяне маленькае дзіця, якое трэба выхоўваць і карміць. На гэта яны найбольш ціснуць.

Соўсь: І чаго яны патрабуюць?

Вус: Яны патрабуюць, каб я даў паказаньні супраць Статкевіча, што ён наўмысна рабіў гэтыя беспарадкі. Яны настойваюць, каб я ўзьвёў паклёп на Статкевіча. Мая пазыцыя такая, што была мірная акцыя. А беспарадкі былі справакаваныя супрацоўнікамі спэцслужбаў, і што ў мяне і ў Статкевіча ў думках не было займацца беспарадкамі, якія на сёньня яны інкрымінуюць нам, усім экс-кандыдатам на прэзыдэнта.

Я б хацеў распавесьці, што мяне найбольш хвалюе. У нас ў Беларусі сытуацыя наступная. У нас 2,5 млн. пэнсіянэраў і 3 млн. бюджэтнікаў. Каб гэтую колькасьць людзей пракарміць, трэба блізу 15 млрд. даляраў у год, каб утрымліваць гэтую сыстэму, каб кіраваць і маніпуляваць ёю. На сёньня ў Беларусі такіх грошай няма. Калі зараз прадаюць нафтапрадукты ў Эўропы, гэта няправільна. Трэба Эўропе зрабіць эканамічныя санкцыі на набыцьцё нафтапрадуктаў, каб гэты рэжым хутчэй абрынуўся. Калі гэтага не адбудзецца, то рэжым будзе трымацца вельмі доўга.

Соўсь: Калі будуць уведзеныя эканамічныя санкцыі, ці вызваляць палітвязьняў?

Вус: Усё залежыць ад Расеі. Калі Расея запатрабуе вызваліць, то Лукашэнка іх выпусьціць. Таму што ў яго ўжо выйсьця няма. Таму што ён практычна знаходзіцца ў руках Расеі. Ад расейскага кіраўніцтва залежыць лёс Лукашэнкі.

Соўсь: А вы не шкадуеце, што вырашылі пайсьці ў прэзыдэнты? Што даў вам гэты досьвед?

Вус: Мая задача была данесьці людзям, што ў нас адбываецца ў Рэспубліцы Беларусь. Гэта я зрабіў. Нават супрацоўнікі КДБ зьдзіўляюцца, калі я гэта кажу. Наша выбарчая сыстэма так збудаваная, што колькі ні галасуй, усё адно выберуць таго, каго трэба – па адміністратыўным рэсурсе. Мая асноўная задача – стварыць грамадзкае меркаваньне, каб бюлетэні лічылі, каб людзі былі абаронены законам.

Соўсь: Вы лічыце, што галоснасьць – лепшая абарона, калі выклікаюць на допыты ў КДБ. Што б вы параілі іншым падазраваным у справах аб беспарадках 19 сьнежна, якія маўчаць пра допыты ў КДБ. Ці варта гаварыць пра іх, як вы зрабілі?

Вус: Я за іншых не магу казаць, толькі за сябе. Гэта індывідуальна. Але магу сказаць, што трэба гаварыць праўду.

Слухаць гутарку цалкам:

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG