Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовую справу апазыцыянэра, затрыманага за тое, што ён распаўсюджваў незалежную прэсу пад вялікім бел-чырвона-белым сьцягам, разьбірае судзьдзя Чыгуначнага райсуду Алена Грабянчук.

Міліцыянты склалі на Барыса Хамайду пратакол за парушэньне артыкула 23.34 адміністрацыйнага заканадаўства — яго вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванага пікету. Але судзьдзя ў самым пачатку працэсу заявіла, што «ня варта сьпяшацца» і прызначыла дату наступнага пасяджэньня — 10 лютага.

Спадарыня Грабянчук пыталася ў Барыса Хамайды, ці прыцягваў увагу мінакоў нацыянальны сьцяг — бо ні плякатаў, ні іншых атрыбутаў у апазыцыянэра не было. Аднак сьведкі-міліцыянты настойвалі, што каля так званага «сіняга дому», дому № 28 па вуліцы Леніна, адбываўся менавіта несанкцыянаваны пікет.

На мінулым тыдні калега Алены Грабянчук, судзьдзя Чыгуначнага райсуду Алена Цыганкова апраўдала апазыцыянэра, затрыманага за падобны ўчынак яшчэ 3 студзеня. У той дзень Барыс Хамайда абвясьціў бестэрміновую акцыю «2011 год — год нацыянальнага сьцяга», прысьвечаную 20-м угодкам беларускай незалежнасьці. Тады ён прастаяў пад сьцягам усяго пару хвілін — яго затрымалі амаль адразу. Але вынікам судовага працэсу, які цягнуўся цэлы месяц, стала рашэньне судзьдзі, каб скасаваць справу: Алена Цыганкова ня ўбачыла ў дзеяньнях апазыцыянэра складу правапарушэньня.

Сёньня міліцыянты заявілі, што судзьдзя Цыганкова «не разабралася» і што яе рашэньне можа быць абскарджана ў Віцебскім абласным судзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG