Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артур Раманчук: «Спробаў уплываць празь мяне на Яраслава не было»


Артур Раманчук

Артур Раманчук

У той час як Нацыянальны камітэт Аб’яднанай грамадзянскай партыі выказаў вотум недаверу намесьніку старшыні АГП Яраславу Раманчуку, ягоны пляменьнік Артур атрымаў пастанову суду, паводле якой павінен адбыць 9 сутак пакараньня.

20 сьнежня мінулага году Артура Раманчука асудзілі на 12 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мітынгу на плошчы Незалежнасьці ў Менску, але праз трое сутак выпусьцілі з Жодзінскай турмы з-за стану здароўя. Што спрычынілася да зьмены рашэньня і калі хлопец павінен вярнуцца на нары?

Артур Раманчук — студэнт І курсу Люблінскага ўнівэрсытэту ў Польшчы, будучы журналіст. У дзень прэзыдэнцкіх выбараў быў затрыманы ў Менску падчас мірнай акцыі, а 20 сьнежня на рашэньне суду атрымаў 12-суткавы тэрмін зьняволеньня. Быў вызвалены дачасна, але сёньня атрымаў паведамленьне, што «недаседжаныя» 9 сутак давядзецца кампэнсаваць:

Раманчук: «Я павінен быў пачаць адбываць рэшту тэрміну адразу пасьля таго, як прыехаў з Польшчы ў Беларусь. Да мяне прыйшоў участковы і пазнаёміў з адпаведнай пастановай. Але ў мяне зараз праблемы са здароўем. То бок, я ўчора выклікаў „хуткую дапамогу“, і мне ў гэтым зьвязку сказалі: як толькі выздаравею — адразу ў турму. Зрэшты, я думаю, што пайду ўжо сёньня, таму што ў мяне праз тыдзень ужо пачынаецца вучоба і атрымліваецца, чым раней я адседжу, тым лепей будзе для майго навучальнага працэсу. Бо якраз атрымліваецца перапынак перад сэмэстрам, які можна скарыстаць.

Спадзяюся, што паціху папраўляцца і так буду, прынамсі, кажуць, што лекі там прымаць можна. Таму, хутчэй за ўсё, сёньня ўвечары і пайду».

Карней: «Для вас такое разьвіцьцё падзеяў стала нечаканасьцю, сюрпрызам са знакам мінус?»

Раманчук: «Ну так, гэта, канечне, непрыемна. Шчыра кажучы, было немалое зьдзіўленьне, бо ніхто такога нават не чакаў. Адвакат кажа, што таксама за сорак гадоў сваёй практыкі ня памятае, каб нешта падобнае здаралася — каб чалавека выпусьцілі, а потым зноў вярнулі «даседжваць».
Адвакат кажа, што таксама за сорак гадоў сваёй практыкі ня памятае, каб нешта падобнае здаралася — каб чалавека выпусьцілі, а потым зноў вярнулі «даседжваць».


Карней: «З Жодзіна вас выпусьцілі паводле стану здароўя?»

Раманчук: «Так, я маю даведку наконт стану здароўя, і мяне на гэтай падставе адпусьцілі».

Карней: «Сёньня Нацыянальны камітэт АГП выказаў недавер намесьніку старшыні АГП, экс-кандыдату ў прэзыдэнты, вашаму дзядзьку Яраславу Раманчуку. Якая на гэты конт ваша рэакцыя?».

Раманчук: «Ведаеце, у мяне зараз няма інтэрнэту, і я проста не магу нічога дакладна сказаць. Так што ніякай інфармацыі адносна гэтага ня бачыў і ня маю ніякай пэўнасьці, што там і як. Прабачце».

Карней: «Артур, пакуль вы сядзелі трое сутак у Жодзіне, ці былі спробы неяк паўплываць праз вас на Яраслава?».

«Не-не. Ніякіх такіх спробаў не было. Магу з усёй адказнасьцю казаць, што нічога падобнага ні ад кога не сыходзіла. Але ня думаю, што я мог бы ў гэтым сэнсе кагосьці ўсур’ёз зацікавіць».

Карней: «Увогуле зь Яраславам кантактуеце, непаразуменьняў ніякіх няма?».

Раманчук: «Так, праўда, рэдка, але калі ёсьць магчымасьць, то кантактуем, без праблемаў».

Карней: «Трымайцеся, каб у турме зноў не захварэць».

Раманчук: «Дзякуй! Буду старацца…»

Родныя Артура Раманчука не хаваюць зьдзіўленьня ад рашэньня зноў вярнуць хлопца на турэмныя нары. Маці Артура Сьвятлана Раманчук у размове з нашым гарадзенскім карэспандэнтам сказала, што ўвогуле існуе блытаніна з фармулёўкай вызваленьня сына з-пад арышту ў мінулым годзе.

З аднаго боку, яна сама бачыла даведку, у якой было напісана, што ў турме ў яго здарыўся прыступ эпілепсіі, хоць сам Артур запэўнівае, што нічога падобнага зь ім не было. Зь іншага боку, прадстаўнік адміністрацыі турмы ў Жодзіне заявіў, што Артур быў адпушчаны, бо ён студэнт замежнай ВНУ. Праўда, падобная гуманнасьць чамусьці не была ўлічаная ў выпадку з сынам кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва Андрусём, які таксама вучыцца ў Польшчы. Яго асудзілі на 15 сутак і ніякай «амністыі» не ўжылі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG