Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трапнае "бамбардаваньне" "амэрыканкі" тэрміновымі тэлеграмамі


З Настай Палажанкай у турме КДБ сустрэлася адвакатка. Сваякі Зьмітра Бандарэнкі ўпершыню атрымалі яд яго пасьцельную бялізну для мыцьця. Малюнак дзесяцігадовай Лесі Міхалевіч ня трапіў яе тату.

Бацька актывісткі "Маладога фронту" Насты Палажанкі атрымаў ліст ад дачкі і цяпер уяўляе, як праходзіць для Насты турэмны час.

"Пад'ём раніцай у 6 гадзін, у 7 п'ю каву, у 8 пішу лісты, з 10.30 да 11.30 прамэнад, потым абед і гэтак далей. Піша, што вось так днямі забівае час, бо чытаць жаночыя раманы немагчыма, як і глядзець тэлевізар, па якім круцяць "Беларусь. Найноўшая гісторыя". Зараз можаш уявіць, у якім становішчы я знаходжуся, - цытуе ліст дачкі Ўладзімер Палажанка. - Забіць нечым цэлы дзень складана, паколькі, у адрозьненьне ад той жа Валадаркі, тут нельга перадаваць сваёй літаратуры, каб вучыцца ці каб чытаць нешта карыснае й сабе ў задавальненьне."

Адвакат Насты Кацярына Пятровіч бачыла сваю падабаронную падчас сьледчых дзеяньняў у КДБ 4 лютага. Што за сьледчыя дзеяньні адбываліся, адвакат бацьку не сказала. "Выглядае нармальна, настрой добры", - спасылаецца на зьвесткі адваката Ўладзімер Палажанка.

Па-ранейшаму няма лістоў ад кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, і адваката да яго таксама не дапускаюць, паведаміла "Свабодзе" ягоная маці Ала Ўладзімераўна.
Падзейнічалі, відаць, нашы тэлеграмы і скаргі

7 лютага сваякам некаторых вязьняў нарэшце аддалі іх пасьцельную бялізну для мыцьця. Вольга Бандарэнка атрымала бялізну ўпершыню за ўсё зьняволеньне мужа, якога арыштавалі ў ноч на 20 сьнежня. Цягам апошняга тыдня Вольга Бандарэнка, як яна кажа, "літаральна забамбіла" сьледчую турму КДБ тэрміновымі тэлеграмамі на імя Зьмітра Бандарэнкі, а таксама скаргамі ў пракуратуру:

"Падзейнічалі, відаць, нашы тэлеграмы і скаргі. А яшчэ інтэрвію ў розныя мэдыі адносна гэтай жыцьцёвай праблемы".

Паводле ўнутраных правілаў КДБ, каб сваякам вязьняў перадалі пасьцельную бялізну, вязень "амэрыканкі" спачатку мусіць напісаць адпаведную заяву адміністрацыі. Тое, што такіх заяваў няма, адміністрацыя часта выкарыстоўвае як падставу, каб адмовіць сваякам, якія аб гэтым просяць. Тым часам некаторыя сваякі расказваюць, што ім пасьцельную бялізну аддавалі без усялякіх заяваў. "Нават такія бытавыя моманты становяцца сродкам узьдзеяньня на вязьняў", — кажа Вольга Бандарэнка. Сёньня пасьцельную бялізну атрымалі таксама сваякі Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча.

Ад кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча ўпершыню дайшоў ліст на імя дачкі Лесі. Як высьветлілася, з усіх лістоў, якія дзесяцігадовае дзіця дасылала тату, ён атрымаў толькі адзін, і той без малюнка, які Леся ўклала ў ліст, паведаміла жонка вязьня Мілана Міхалевіч:
Дайшоў ліст тату ад дзіцяці. А малюнак, які быў зь лістом, гэтак і не аддалі

"Галоўнае, што дайшоў ліст тату ад дзіцяці. Але вось малюнак, які быў зь лістом, гэтак і не аддалі".

Скарга адваката Аляксандра Фядуты на зьмену меры стрыманьня адхіленая, паведаміла ягоная жонка Марына:

"Таксама не задаволілі хадайніцтвы аб спатканьнях. Ён хадайнічаў аб спатканьні са мной і з адвакатам сам-насам. Але не задаволілі гэта. Усё, больш навін ніякіх".

У нядзелю, 6 лютага, выйшаў з ізалятара на Акрэсьціна моладзевы актывіст Цімафей Атрошчанкаў, стрыечны брат прэсавага сакратара Саньнікава Алеся Атрошчанкава, якога трымаюць у "амэрыканцы". Напярэдадні праваабаронцы не выключалі, што Цімафея Атрошчанкава, як шмат каго з актывістаў, могуць пасьля арышту на Акрэсьціна перавесьці ў ізалятар на Валадарскага як абвінавачанага па справе 19 сьнежня. "Дзякуй Богу, гэтага не адбылося. Такім чынам, у справе 19 сьнежня застаюцца 43 абвінавачаных і некалькі чалавек падазроных", — паведаміла "Свабодзе" праваабаронца Наста Лойка зь "Вясны".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG