Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня допыт, дык суд. Ня суд, дык арышт


КДБ і міліцыя працягваюць перасьлед грамадзкіх актывістаў у рэгіёнах. На допыты выклікаюць ня толькі ўдзельнікаў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня, але й тых, каго там не было. А на Гарадзеншчыне міліцыянты дамагаюцца паўторнага арышту пляменьніка Яраслава Раманчука, які ўжо адбываў пакараньне за ўдзел у Плошчы.


МАГІЛЁЎШЧЫНА

Дзейнага дэпутата трымалі ў КДБ дзьве гадзіны

На допыты ў КДБ на Магілёўшчыне выклікаюць усіх давераных асобаў былога кандыдата на прэзыдэнта Віталя Рымашэўскага.

У аддзяленьне КДБ у Асіповічах быў выкліканы Аляксей Цюлькоў — дзейны дэпутат тамтэйшага райсавету, актывіст стваранай партыі "Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя".

На допыце ў КДБ адно зь першых пытаньняў сьледчага Вадзіма Марозава было — чаго ехаў у Менск? Пытаньне апазыцыйны актывіст палічыў некарэктным:

"Намагаліся прымусіць, каб я адказаў, але я вельмі жорстка на гэта сказаў, што адказваць ня буду. І яны тады ад мяне адсталі".

У КДБ Аляксей Цюлькоў прабыў дзьве гадзіны. Кажа, што змарнаваў час, бо сэнсу ад допыту патлумачыць сабе ня можа:
Я проста быў зьдзіўлены, што мяне столькі часу не выклікалі ...

"Можа, яны спрабавалі запалохаць, але ж не атрымліваецца. Людзі ж ужо ведаюць пра гэтыя допыты. Прынамсі, для мяне не было нічога страшэннага ад таго, што я прыйшоў у КДБ. У нас усіх давераных асобаў Віталя Рымашэўскага выклікаюць. Я проста быў зьдзіўлены, што мяне столькі часу не выклікалі".

Як кажа Аляксей Цюлькоў, 19 сьнежня да Менску ён не даехаў. Яго затрымалі ў Пухавіцкім раёне. Даставілі ў мясцовы аддзел міліцыі.

Выклік у КДБ па старых сьпісах

Тым часам допыту ў КДБ чакае й магілёўскі актывіст грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Павал Варашылаў. У позьве пазначана, што ён сьведка, аднак у якой справе — невядома. Справа схаваная за наборам лічбаў. Выклік опэрупаўнаважанага Андрэя Рошчына для хлопца незразумелы:

"Можа, таму, што я вельмі актыўна ўдзельнічаў у перадвыбарчай кампаніі".

Карэспандэнт: "А хіба гэта забаронена?"

Варашылаў:
"Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і іншых законаў — канечне, не, але з гледзішча ўладаў гэта, відаць, забаронена".

Павал Варашылаў на Плошчы ня быў. Начальства заводу, дзе робіць хлопец, загадала ў выходны дзень працаваць.

Не застаюцца ў Магілёве без увагі спэцслужбаў і незалежныя журналісты. Днямі а пятай гадзіне раніцы ўчастковы міліцыянт і невядомы чалавек, які прыйшоў зь ім, спрабавалі пагутарыць з Алесем Бураковым. У двары таго не было. Бацька раньнім гасьцям дзьверы не адчыніў. Журналіст на Плошчы ня быў і наагул знаходзіўся па-за межамі Беларусі. Увагу да сваёй асобы Алесь Буракоў тлумачыць актыўнасьцю магілёўскай моладзі, якая праводзіць акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі.

"У 2006 годзе я быў затрыманы на Кастрычніцкай плошчы ў Менску падчас папярэдняй прэзыдэнцкай кампаніі — вось яны проста паднялі старыя сьпісы й цяпер ходзяць па гэтых сьпісах да ўсіх актыўных людзей, каб не дапусьціць іхнага ўдзелу ў акцыях пратэсту".

ВІЦЕБШЧЫНА


Актывіста Леаніда Аўтухова дапыталі супрацоўнікі КДБ

Старшыня суполкі партыі БНФ з райцэнтру Гарадок, актывіст кампаніі "Гавары праўду" Леанід Аўтухоў трапіў на допыт, калі панёс у мясцовы райаддзел міліцыі дакумэнты, каб замяніць стары пашпарт:

Леанід Аўтухоў
"Я сабраў паперы, думаю, замяню пашпарт. Тэлефонны званок: "Добры дзень, гэта начальнік міліцыі". Кажу: "Дык і я ў РАУС!" Просіць: "Пачакайце, з вамі хочуць пагаварыць супрацоўнікі КДБ". Пытаюся, у якасьці каго. Адказваюць: "У якасьці сьведкі. Вы ж 19-га ў Менску не былі? Таму абвінавачаньня супраць вас няма. Але ж вы ведалі, што будзе ў Менску 19-га?" Кажу: "Канечне, ведаў! Гэта ўсе ведалі!"

19-га сьнежня Леанід Аўтухоў быў назіральнікам на выбарах у Гарадку. Ад’ехаць у Менск не атрымалася: яго перасьледавалі невядомыя асобы, якія суправаджалі ягоную машыну да позьняга вечара.

13-га студзеня ў Леаніда Аўтухова супрацоўнікі КДБ правялі ператрус. Узялі толькі некалькі дыскаў ды флэшак — бо кампутар у актывіста сканфіскавалі раней за нявыплату штрафаў. Штрафы былі накладзеныя судамі за правядзеньне акцый зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, але беспрацоўны апазыцыянэр ня можа плаціць у дзяржаўны бюджэт больш як 10 тысяч рублёў штомесяц.

7-га лютага Леаніда Аўтухова зноў выклікалі ў Гарадоцкі раённы суд, каб нагадаць пра запазычанасьць:

"Каб пагасіць штраф, кожны месяц плачу 10 тысяч, плюс яшчэ кампутар канфіскавалі, прадалі ў кошт штрафу за 360 тысяч. Засталося яшчэ 1 мільён 66 тысяч!"

У судзе актывісту зноў сказалі, што ён расплачваецца занадта марудна і што за затрымку яму можа пагражаць новае адміністрацыйнае пакараньне.

Барыса Хамайду зноў затрымалі

Барыс Хамайда
Адміністрацыйнае пакараньне пагражае і віцебскаму апазыцыянэру Барысу Хамайду — таксама за акцыю зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Вядомы ў горадзе актывіст 7-га лютага выйшаў распаўсюджваць незалежную прэсу пад бел-чырвона-белым сьцягам. Такім чынам ён вырашыў працягваць абвешчаную ім на пачатку году акцыю "2011 год — год нацыянальнага сьцяга", прысьвечаную 20-м угодкам беларускай незалежнасьці.

У першы дзень акцыі, 3-га студзеня, Барыса Хамайду затрымалі. На мінулым тыдні, калі скончыўся судовы працэс па гэтым факце, апазыцыянэра прызналі невінаватым. Судзьдзя Чыгуначнага райсуду Алена Цыганкова прыняла рашэньне скасаваць справу, бо ня ўбачыла ў дзеяньнях спадара Хамайды складу правапарушэньня.

Аднак міліцыянт па прозьвішчы Рыбакоў, які быў сьведкам на тым судзе, затрымаў апазыцыянэра зноў:

"Напачатку ён сказаў, што абласны суд будзе пераглядаць тое рашэньне. Кажу: "Судзьдзя ж усё разгледзела…" А ён: "Цяпер будзе разглядаць іншая. Гэтая судзьдзя нічога не разумее!" Ну як гэта не разумее? Яна ж паводле закону разглядала… "Не, вы парушылі артыкул, было несанкцыянаванае пікетаваньне!" — кажа. Прывезьлі мяне ў РАУС, перад тым сфатаграфавалі, як я стаяў са сьцягам".

У Чыгуначным РАУС у Барыса Хамайды забралі сьцяг, пад якім ён стаяў каля так званага "сіняга дома" — дома № 28 па вуліцы Леніна ў Віцебску. Міліцыянты патлумачылі, што сьцяг будзе рэчавым доказам у судзе.



ГАРАДЗЕНШЧЫНА

На пляменьніка Яраслава Раманчука зноў палююць міліцыянты

Артур Раманчук
Пляменьнік Яраслава Раманчука — Артур Раманчук атрымаў пастанову суду, паводле якой ён павінен адбыць яшчэ 9 сутак пакараньня. 20 сьнежня яго асудзілі на 12 сутак, але праз трое сутак выпусьцілі з Жодзінскай турмы.

Артур Раманчук навучаецца ў Польшчы, а зараз прыехаў дадому на канікулы. І вось адразу да яго завітаў міліцыянт з пастановай. Ён кажа, што павінен быў ісьці з участковым адразу, але ў яго высокая тэмпэратура.

Раманчук: "У мяне, напэўна, грып, бо высокая тэмпэратура, горла закладзенае, нос таксама. Учора тэмпэратура трымалася 38, сёньня трошкі ніжэй".

Што тычыцца пастановы суду, якую прынёс участковы міліцыянт, Артур Раманчук вельмі зьдзіўлены такім паваротам падзеяў.

Раманчук:
"Я сам гэтага не разумею, дый адвакат, у якога 40 гадоў стаж, першы раз сутыкаецца з такім, што спачатку адпускаюць, а потым ізноў садзяць. Каму ні скажаш — усе зьдзіўляюцца".

Раней прадстаўнік адміністрацыі турмы ў Жодзіне заявіў, што Артура адпусьцілі, бо ён студэнт замежнай ВНУ. Сам Артур кажа, што да канца не разумее гэтага, але бачыў даведку, згодна зь якой яго выпусьцілі паводле стану здароўя.

Маці Артура Раманчука Сьвятлана Раманчук дадае, што пастанову суду ніхто ня можа адмяніць і яна дзейнічае на працягу трох месяцаў. Яна таксама цікавілася, зь якой прычыны тады выпусьцілі яе сына.

Раманчук: "Яго адпусьцілі тады на падставе мэдыцынскай даведкі, што ў яго нібыта быў сындром, тыпу эпілепсіі. Я ўчора была ўжо ў такім стане, што з пастарунку тэлефанавала дахаты і пыталася — ці праўда гэта? Сын адказвае, што нічога зь ім такога не было".

Спадарыня Сьвятлана кажа, што перадумала самае рознае і яе гэта вельмі турбуе. Яна кажа, што чалавек, калі ў яго і быў такі стан, то ён папросту нічога ня памятае. Пры гэтым дадае, што раней з сынам ніколі нічога падобнага не здаралася.

Раманчук: "Я ня ведаю, што тут думаць, бо сын кажа, што такога не было. А ўчора размаўляла з урачом, і той кажа, што ён можа пра гэта ня памятаць. Але сын кажа, што зь ім гэтага не было".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG