Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы адвакат абяцае не адмовіцца ад Ірыны Халіп


Журналістку Ірыну Халіп будзе абараняць новы адвакат -- Ганна Бахціна. Кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў чакае дадатковага агляду мэдыкаў. Ірына Халіп і Ўладзімер Някляеў па-ранейшаму застаюцца пад хатнім арыштам у сваіх кватэрах ва ўмовах жорсткіх абмежаваньняў.

Ірына Халіп
Бацькі Ірыны Халіп у панядзелак завяршылі ўсе фармальныя юрыдычныя працэдуры, каб наняць для дачкі новага адваката. Ім стала Ганна Бахціна — вядомая сваім удзелам у працэсах палітзьняволенай Эніры Браніцкай і грамадзкай арганізацыі "Саюз беларускіх пісьменьнікаў".

Раней Ірыну Халіп спрабавалі абараняць адвакаты Ўладзімер Тоўсьцік і Тамара Гараева. Апошняя адмовілася ад гэтай працы напярэдадні. Ганна Бахціна — ужо трэці адвакат, кажа маці журналісткі, Люцына Бяльзацкая:
сёньня, калі мянялася зьмена, ахоўнікі пазванілі, а Даня кажа: напэўна, яны прывезьлі тату ...

"Я ў яе спыталася, ці не баіцца яна і ці не адмовіцца. Яна сказала, што не. Бо надакучыла ўжо знаходзіцца ў незразумелых умовах, калі заключаецца дамова, а праз два дні ад яе адвакат адмаўляецца без тлумачэньня прычын. А астатняе бязь зьменаў. Даня стаў вельмі спакойны, лагодны: увесь час "мама, мама". А сёньня, калі мянялася зьмена, ахоўнікі пазванілі, а Даня кажа: напэўна, яны прывезьлі тату".

Уладзімер Някляеў
Зьняволенага ў хатніх умовах Уладзімера Някляева агледзелі мэдыкі шпіталя КДБ, але толькі часткова, таму ён будзе дамагацца больш поўнага абсьледаваньня ў найбліжэйшы час, паведамляе жонка кандыдата Вольга Някляева:

"У яго толькі страўнік паглядзелі, а для галавы выпісалі лекі. Патрэбна ж тамаграфія галавы, а таксама абсьледаваньне праз аналізы — будзем настойваць на гэтым. А больш нічога не адбывалася: п'е пігулкі, мерае ціск. Дома, канечне, лепш, але ў такіх умовах у сваёй хаце адчуваеш сябе ня вельмі ўтульна".

Як паведаміла Вольга, яны адлучаныя ад усялякай інфармацыі пра падзеі вакол зьвінавачаных паводле агульнай крымінальнай справы, а для Ўладзімера Някляева галоўным жаданьнем застаецца вызваленьне ўсіх палітвязьняў.

Адпушчаная з турмы пад падпіску аб нявыезьдзе Натальля Радзіна абавязаная заставацца ў Кобрыне, але ў кантактах яе не абмежавалі, таму яна наведалася ў сваю школу на сустрэчу з выпускнікамі:

Натальля Радзіна
"Схадзіла ў школу на выпускны вечар. Па-першае, там я паднялася на сцэну, калі выступала мая клясная кіраўніца, падаравала ёй кветкі. А калі спускалася і ішла па залі, то некалькі чалавек падышлі і выказалі словы падтрымкі. Яны прыехалі зь Менску, былі таксама на плошчы 19 чысла, але не спадзяваліся мяне пабачыць тут, бо ня ведалі, што я ў гэтай жа школе вучылася. Таксама што тычыцца маіх аднаклясьнікаў і настаўнікаў, то таксама не адчула нейкага асуджэньня ці варожасьці, а наадварот: гэта была падтрымка, бо яны ведалі, дзе я знаходзілася, перажывалі за мяне і былі шчасьлівыя пабачыць на свабодзе".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG