Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цягам мінулых выходных з Эгіпту вярнуліся блізу трох сотняў беларускіх турыстаў. Эвакуацыю яшчэ больш як 800 грамадзянаў Беларусі, якія застаюцца на эгіпэцкіх курортах, плянуецца завяршыць на гэтым тыдні. Між тым, нягледзячы на накладзены Міністэрствам спорту і турызму Беларусі мараторый на продаж тураў у ахопленую хваляваньнямі краіну, некалькі дзясяткаў чалавек зноў адляцелі туды зь Беларусі — адпачываць.

У выходныя з Хургады вярнуўся наш калега Юрый Дракахруст. Расказвае, што выдаткі рэвалюцыі адчуў перадусім у каірскім аэрапорце, дзе панаваў сапраўдны хаос. Але ў часе самога адпачынку калі нейкая напружанасьць і адчувалася, то збольшага ўскосна:

«Адчувалася ў тым, што амаль увесь адпачынак не працаваў інтэрнэт, ён быў адключаны. Пры канцы была адмененая адна экскурсія: то бок выезд за межы санаторыю, з пункту гледжаньня арганізатараў, ужо ўяўляў сабой нейкую небясьпеку. А калі ўсё ж на адну экскурсію паехалі, то найперш каля банкаў стаялі ваенныя патрулі, прычым са зброяй, з аўтаматамі, з расчэхленымі кулямётамі. Натуральна, рэвалюцыі не адбываюцца ў кожнай кропцы краіны. У Каіры, Александрыі, Суэцы, зразумела, было горача, але што тычыцца курортнай зоны, то там нічога асабліва рэвалюцыйнага няма».

Карэспандэнт: «А як прайшоў транзыт у самім Каіры?».

я набыў квіток у Эўропу, у Вену, і адтуль вырваўся …

«Транзыт прайшоў, зразумела, кепска. Чамусьці адмянілі самалёт з Хургады ў Каір — ён павінен быў вылятаць у пятніцу, якраз у дзень ці ня самых буйных маніфэстацый. Прыехаў я ў Каір на наступны дзень. У аэрапорце — суцэльны Бабілён, тысячы людзей чакаюць рэйсаў. Мой самалёт на Прагу адляцеў значна раней, чым я прыехаў туды. Ну, я крыху пабегаў з натоўпам іншых людзей, і мне, трэба сказаць, пашанцавала, бо я набыў квіток у Эўропу, у Вену, і адтуль вырваўся. То бок, рэвалюцыі — гэта заўсёды пэўны бардак у такіх арганізацыйных справах».

Кіраўніцтва авіякампаніі «Белавія» запэўнівае, што зь Менску самалёты адлятаюць пустымі і вяртаюцца з эгіпэцкіх курортаў пад завязку забітыя пасажырамі. Наступны рэйс заплянаваны на 8 лютага, дадому вернуцца яшчэ паўтары сотні турыстаў. Аднак у агенцтвах кажуць, што далёка ня ўсе турысты адмовіліся ад набытых раней тураў: некаторыя ляцяць у Эгіпет літаральна на ўласную рызыку. Паводле зьвестак, распаўсюджаных дзяржаўнымі тэлеканаламі, апошнім рэйсам «Белавія» туды выправіліся блізу 30 чалавек. І, як перакананая дырэктарка турыстычнай кампаніі «Latinserviss» Марыя Рацэнэ, будуць лётаць і далей:
Пакуль кулі ня будуць сьвісьцець, прабачце, над галавой, я ўпэўненая, што лятаць будуць працягваць …

«Негалосна Міністэрства спорту і турызму абмежавала наведваньне Эгіпту. Але, тым ня меней, экстрэмалы як былі, так яны і засталіся. Канечне, адмаўляюцца вельмі многія, але ў прынцыпе людзі як ляталі, так і працягваюць лятаць. Грошы вяртаюць, гэта без праблемаў: вось у мяне 1 лютага турысты павінны былі ляцець — само сабой, адмовіліся. Усё ім у поўным аб’ёме вяртаецца. Але ж тут відавочная тэндэнцыя: як толькі ў Эгіпце пачаліся вядомыя падзеі, адтуль адляцелі турысты толькі з нармальных эўрапейскіх краінаў. А ў нашых дагэтуль „усё ў парадку“. Пакуль кулі ня будуць сьвісьцець, прабачце, над галавой, я ўпэўненая, што лятаць будуць працягваць. Таму што цэньнік так ці інакш адразу ж падупаў, і за 300 даляраў можна адпачыць як мае быць».

Тым часам жарсьці ў Эгіпце крыху суцішыліся. Прадстаўнікі ўладаў і апазыцыі распачынаюць перамоўны працэс з мэтай стварыць камітэт па канстытуцыйнай рэформе, які павінен падрыхтаваць пакет законапраектаў дзеля дэмакратызацыі. Пры гэтым апазыцыйныя групоўкі ўжо заявілі, што прапановы ўраду «недастатковыя». Паводле слоў аднаго зь лідэраў апазыцыі Мухамэда эль-Барадэі, перамоўны працэс ідзе «непразрыста», пры тэндэнцыі скіраваць яго на карысьць цяперашняга рэжыму.

Экс-кандыдат на нядаўніх выбарах прэзыдэнта Беларусі Віктар Цярэшчанка лічыць: колькі б дыктатары ні спрабавалі працягнуць сваё знаходжаньне на вяршыні ўлады, лёс іх падобны ва ўсім сьвеце. Аднак шкадуе, што час, бясплённа патрачаны на змаганьне з адыёзнымі рэжымамі, можна было б выкарыстаць нашмат больш эфэктыўна:
Сёньня дэпутат мае заканадаўчую ініцыятыву, а партыя — не …

«Гэтыя людзі крадуць у нас час і жыцьцё. Год пройдзе, два пройдзе, а далей што? Мы ж таксама старэем. Каб толькі хтосьці старэў, а то ж мы ўсе старэем, пакуль яны намі кіруюць. І гэта вельмі цяжка ўсьведамляць. Шкада такога жыцьця. На жаль, я проста Віктар і ня маю ніякіх паўнамоцтваў для зьменаў. Вось мы зараз будзем ствараць партыю (іншае пытаньне, зарэгіструюць яе ці не). Але зноў жа, што можа зрабіць у гэтых умовах група людзей — тысяча, дзьве, нават пяць тысяч? Сёньня дэпутат мае заканадаўчую ініцыятыву, а партыя — не. Вось і ўсе справы. Я думаю, час пераменаў прыйдзе, але шмат што зараз, на жаль, проста ўпустую».

Варта нагадаць, што Аляксандар Лукашэнка ад моманту пачатку народных хваляваньняў у Тунісе і Эгіпце толькі аднойчы адрэагаваў на тыя падзеі, заявіўшы, што гэта фактычна галодныя бунты. Іншымі словамі, кармілі б тамтэйшыя лідэры сваіх людзей, як у Беларусі, то і надалей кіравалі б без праблемаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG