Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ф.Закарыя: Вашынгтон не павінен дапусьціць вайсковай дыктатуры ў Эгіпце


Фарыд Закарыя

Фарыд Закарыя

Амэрыканскі журналіст Фарыд Закарыя перасьцерагае, што Эгіпту пагражае хутчэй вайсковая дыктатура, чым нейкая форма ісламісцкага кіраваньня. Прапануем вашай увазе пераклад большай часткі артыкулу Закарыі "Сапраўдная паралель паміж Эгіптам і іранскай рэвалюцыяй" зь сёньняшняга выданьня TheWashington Post.

(...) Прывід блукае па Захадзе. У 1979 годзе Злучаныя Штаты назіралі за вулічнай рэвалюцыяй на Блізкім Усходзе, якая зрынула іх вернага саюзьніка, іранскага шаха Рэзу Пахлаві, і ўсталявала тэакратычную Ісламскую Рэспубліку. Цяпер, назіраючы за іншай вулічнай рэвалюцыяй у іншай краіне Блізкага Ўсходу, шмат хто, як здаецца, напалоханы гэтай згадкай. (...)

Усё гэта сапраўды можа адбыцца, але пакуль няшмат што сьведчыць на карысьць такіх страшных сцэнароў. Эгіпецкія пратэсты працягваюць быць сьвецкімі; "Браты-мусульмане" зьяўляюцца адной са шматлікіх групаў, якія ў іх удзельнічаюць, а ўсе тыя групы дамагаюцца дэмакратыі і правоў чалавека. Эгіпет – не Іран, і паміж імі ёсьць ня менш за дзясятак важных
Эгіпет – не Іран.
адрозьненьняў. Суніцкае духавенства не адыгрывае ніякай герархічнай або палітычнай ролі, у адрозьненьне ад духавенства ў Іране. Але, магчыма, самае важнае тут тое, што цяперашні іранскі рэжым не зьяўляецца папулярнай мадэльлю ў арабскім сьвеце. Эгіпцяне пабачылі і Мубарака, і іранцаў, і не жадаюць ні аднаго, ні другога – апытаньне, праведзенае Pew Research Center у 2010 годзе сьведчыць пра тое, што большасьць зь іх падтрымлівае дэмакратычную форму кіраваньня.

Боязь перад гэтай уяўнай будучыняй адцягвае ўвагу амэрыканцаў ад надзённай праблемы Эгіпту: вайсковай дыктатуры. Эгіпет – гэта не рэжым, уцэнтраваны на асобе Мубарака, нягледзячы на паведамленьні аб яго багацьці і намаганьнях замацаваць свайго сына ў якасьці наступніка. Пачынаючы зь перавароту афіцэраў ў 1952 годзе, Эгіпет быў дыктатурай, заснаванай і кіраванай вайскоўцамі ды створанай для вайскоўцаў. Тыя нешматлікія прэзыдэнты, якія кіравалі краінай ад часу таго перавароту, паходзяць з афіцэрскага корпусу; узброеныя сілы маюць вялізны бюджэт і поўную незалежнасьць. Вайскоўцы актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх сфэрах грамадзтва, у тым ліку валодаюць вялізнымі ўчасткамі зямлі і сотнямі кампаній.

Цяпер вайскоўцы кансалідуюць сваю ўладу. Намаганьні Мубарака з 2004 году прывесьці цывільных асобаў і лідэраў бізнэсу ва ўрад былі скасаваныя на мінулым тыдні – насамрэч, бізнэсмэнаў ператварылі ў ахвярных казлоў і ахвяравалі імі, каб генэралы маглі кіраваць далей.
Вайскоўцы кансалідуюць сваю ўладу ў Эгіпце.
Тры кіраўнікі Эгіпту - віцэ-прэзыдэнт, прэм'ер-міністар і міністар абароны – паходзяць з арміі. Палова кабінэту – вайскоўцы, і каля 80 адсоткаў губэрнатараў, у якіх вялізныя паўнамоцтвы, таксама паходзяць з узброеных сілаў. Вайскоўцы, падобна, вырашылі прынесьці Мубарака ў ахвяру, але спрабуюць кіраваць працэсам зьменаў, каб захаваць свой уплыў на ўсё. Эгіптам, не забывайце, па-ранейшаму кіруюць закон ваеннага становішча і вайсковыя суды.

Шматлікія камэнтатары рабілі паралелі з Турцыяй, дзе вайскоўцы адыгралі важную ролю ў мадэрнізацыі краіны. Аднак вайскоўцы ў Турцыі аддавалі ўладу вельмі неахвотна і толькі таму, што Эўразьвяз пастаянна аказваў ціск, каб аслабіць ролю арміі ў палітычным жыцьці. Небясьпека заключаецца ў тым, што Эгіпет стане ня Турцыяй, а Пакістанам, бутафорскай дэмакратыяй, у якой рэальная ўлада належыць генэралам у кулюарах. (...)

Варта ўзгадаць, што прывяло да росту ісламскага экстрэмізму і антыамэрыканскай разьюшанасьці на Блізкім Усходзе. Арабы глядзяць на Вашынгтон як на цэнтар, які падтрымліваў жорсткія дыктатуры, што ўціскалі свае народы.
Небясьпека ў тым, што Эгіпет стане ня Турцыяй, а Пакістанам.
Арабы лічаць, што Вашынгтон ігнараваў гэты ўціск у выпадках, калі рэжымы ішлі ў фарватэры амэрыканскай зьнешняй палітыкі. Калі цяпер Вашынгтон стане пасярэднікам у зьдзелцы, якая ўсталюе ва ўладзе ў Эгіпце вайсковую дыктатуру, дэ-юрэ ці дэ-факта, наступствам будзе глыбокая расчараванасьць і фрустрацыя на вуліцах Каіру. З часам апазыцыя да рэжыму і да Злучаных Штатаў стане больш цьвёрдай, больш рэлігійнай і больш гвалтоўнай. І гэта можа стацца рэальнай паралельлю паміж Эгіптам і сіламі, якія прывялі да іранскай рэвалюцыі.
XS
SM
MD
LG