Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беспрацоўны з Турава спыніў галадоўку, але працы не дамогся


Чарга ў цэнтар занятасьці ў Баранавічах

Чарга ў цэнтар занятасьці ў Баранавічах


Міхаіл Козел, жыхар Турава (што ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласьці), спыніў галадоўку, якой ён спрабаваў дамагчыся зьняцьця негалоснай забароны на працаўладкаваньне. Чарговая спроба Міхаіла ўладкавацца на працу зноў аказалася безвыніковай.



Міхаіл Козел быў грамадзкім актывістам, некалі выдаваў ў Тураве незалежную газэту "Вольныя навiны". Але яшчэ ў 2008 годзе ён вымушаны быў адмовіцца ад палітычнай і грамадзкай дзейнасьці, бо ня мог знайсьці працу ў невялікім гарадку Тураве. У сярэдзіне студзеня дайшоў да адчаю і абвясьціў галадоўку. Распавядае Міхаіл Козел:

"Я спыніў галадоўку, таму што стан здароўя пагоршыўся, мяне хапіла толькі на два тыдні. Мая знаёмая доктарка папярэджвала, што могуць быць праблемы з ныркамі. Так яно і здарылася, яны пачалі балець. Да таго ж вельмі цяжка было рухацца. Кожны рух выклікаў такую цяжкасьць... Калі б доктарка не настаяла, можа, я б працягваў галадоўку. Але яна сказала: "Усё, хопіць".

Міхаіл згодны на любую працу, спрабаваў уладкавацца жывёлагадоўцам у СУП "Каленскае", але яму і там адмовілі:

"Я з уласнай ініцыятывы абышоў усе прадпрыемствы Турава. Тут ёсьць дарожна-будаўнічыя арганізацыі, але ў іх цяпер няма аб'ёмаў, няма фінансаваньня, і яны самі сыходзяць у вымушаны адпачынак. Тут, каля Турава, будуецца новая фэрма. Яны аб'ядналі ўсе калгасы Тураўшчыны ў адкрытае акцыянэрнае таварыства, і сытуацыя такая, што вы ідзяце толькі да аднаго кіраўніка, і ён вырашае, браць вас на працу альбо ня браць. У пятніцу старшыня Тураўскага райвыканкаму Ігар Міцюрыч сказаў мне: "Зьезьдзіце туды, вас там абавязкова хоць куды-небудзь прымуць, я дамовіўся". Я паехаў, а мне сказалі: "Не, вас нікуды мы ня можам узяць да вясны". Я кажу: "Дык да вясны яшчэ дажыць трэба".

Грамадзкая актывістка, сябра руху "За Свабоду" Галіна Скараход перакананая, што мясцовыя ўлады перасьледуюць Міхаіла Козела:

Мне сказалі: "Не, вас нікуды мы ня можам узяць да вясны". Я кажу: "Дык да вясны яшчэ дажыць трэба"
Сапраўды, гэта ўсё з-за грамадзянскай пазыцыі Міхаіла. Міхаіл вельмі ўдала выдаваў бюлетэнь для Турава "Тураўскія навіны", і газэта гэтая карысталася вельмі вялікай папулярнасьцю ў гарадку. І менавіта ён знаходзіў такія вострыя вуглы, праблемы сацыяльныя, якія характэрныя для такога невялікага гораду. Ён крытыкаваў улады, я думаю, што гэта якраз і паспрыяла таму, што цяпер ён ня можа працаўладкавацца".

Прычым чыняць ціск на Міхаіла Козела рознымі спосабамі:

"Мясцовыя ўлады падпісаліся пад тым, што ня могуць мне дапамагчы – гэта старшыня Тураўскага райвыканкаму. А райвыканкам – яны паказваюць, што дапамагаць яны ня будуць ніяк. Наадварот, я адчуваю перасьлед з боку раённага суду за тое, што своечасова не сплаціў падатку на нерухомасьць. То тэлефануюць, то шлюць позвы ў суд. Дзякуй Богу, мне дапамаглі знаёмыя, далі грошы, каб я сплаціў. Але ж перасьлед працягваецца. Я думаю, яны хочуць мяне аштрафаваць".

У сярэдзіне студзеня Міхаіл Козел напісаў скаргу ў пракуратуру на негалосную забарону на працаўладкаваньне, адказу яшчэ не атрымаў. Летам ён звычайна падзарабляе ў суседнім Столінскім раёне, дзе шмат фэрмэрскіх гаспадарак. Але зімой у фэрмэраў няма працы для Міхаіла.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG