Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімера Някляева вазілі на праверку страўніка


Уладзімер Някляеў сустрэўся з адвакатамі, а таксама яго агледзелі дактары. Павал Севярынец ў "амэрыканцы" чытае Біблію і піша раман. Сваякі Ірыны Халіп спадзяюцца, што ўдасца заключыць дамову з "надзейным адвакатам".





Уладзімер Някляеў
5 лютага Уладзімер Някляеў сустрэўся ў сваім доме з адвакатамі, якія яго абараняюць. Пра гэта "Свабодзе" паведаміла жонка былога кандыдата на прэзыдэнты Вольга Някляева. З 30 студзеня Уладзімера Някляева трымаюць пад хатнім арыштам у ягонай кватэры. Кантактаваньні з журналістамі, размовы па тэлефоне і выхад у інтэрнэт палітыку забароненыя. У тым ліку да Ўладзімера Някляева не пускаюць ягоную дачку Еву. Спадар Някляеў накіраваў у КДБ заяву аб спатканьні з дачкой, паведаміла Вольга Някляева. Вось урывак тэлефоннай размовы з Вольгай.

Карэспандэнт: "І каму гэты ліст быў адрасаваны?"

Вольга Някляева:
"Уладзімер, каму ты пісаў? Старшыні КДБ і начальніку сьледчага аддзелу. Адказу пакуль няма".

4 лютага Уладзімера Някляева адвозілі на агляд да лекараў – у яго правяралі страўнік. "Выпісалі лекі", -- кажа Вольга Някляева пра вынік агляду. Жонка палітыка спадзяецца, што пазьней яму зробяць комплексны мэдычны агляд.

Ірына Халіп
Напярэдадні стала вядома, што ад абароны Ірыны Халіп адмовілася адвакат Тамара Гараева з юрыдычнай кансультацыі Савецкага раёну. Нібыта з прычыны занятасьці. Сваякі журналісткі, якую трымаюць пад хатнім арыштам, не выключалі, што адмова стала вынікам ціску на адваката. Маўляў, яе прымушаюць пагадзіцца на дзяржаўнага абаронцу. Ці ўдаецца пераадолець праблему пошуку новага адваката для жонкі Андрэя Саньнікава? Бацька Ірыны Ўладзімер Халіп сёньня быў больш аптымістычны.

"Трошкі быццам акрэсьлілася. У панядзелак, хутчэй за ўсё, канчаткова вырашыцца. Гэта, мяркую, будзе чалавек, якому мы давяраем".

Паводле Ўладзімера Халіпа ягоная дачка пачуваецца добра, увесь час аддае сыну Даніку.

"Настрой у яе нармальны. Яна не з тых, хто хістаецца".

А вось што да мужа Ірыны Халіп экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, пра яго на гэтым тыдні не было новых зьвестак. Маці палітыка Ала Саньнікава вельмі засмучаная з гэтай прычыны.

"Усё. Да 31-га яшчэ нешта зварухнулася, але пасьля гэтага няма лістоў, як і адваката да яго не пускаюць".

Ала Уладзіміраўна нядаўна хварэла на прастуду. "Дзякуй, зараз лепей, ужо пачынаю выходзіць на вуліцу", -- адказала маці Андрэя Саньнікава на пытаньне пра здароўе.

Акцыя пратэсту ля КДБ. Аляксандар Атрошчанкаў, партрэт
Жонка Алеся Атрошчанкава Дар'я
паведаміла, што атрымала ліст ад мужа. "Піша, што здаровы, ўсё нармальна", -- паведаміла Даша Атрошчанкава і дадала зьвесткі пра стрыечнага брата Алеся Цімафея, якога таксама затрымалі паводле падзеяў 19-га сьнежня.


"Цімафея Атрошчанкава дапытвалі на Акрэсьціна, дык сёньня мы да яго накіравалі адваката. Кажа, што прымушалі падпісваць нейкія тлумачэньні, а ён не падпісаў. Паглядзім, што далей. Заўтра палову на восьмую ён мусіць выйсьці, а калі не выйдзе, будзем раіцца, што рабіць".

Анатоль Лябедзька
Павал Севярынец
Зьміцер Бандарэнка

Таксама лісты з турмы КДБ атрымалі сваякі Анатоля Лябедзькі і Паўла Севярынца.

Анатоль Лябедзька напісаў, што шмат чытае, у тым ліку перачытаў раман Булгакава "Белая гвардыя".

Павал Севярынец паведаміў, што сам піша ў турме раман пра жыцьцё ў Беларусі, а таксама дамогся, каб яму прадалі Біблію і чытае гэтую сьвятую кнігу.

Між тым да вялікай часткі сваякоў вязьняў "амэрыканкі" чамусьці лісты не даходзіць.

Прыкладам, толькі адзін ліст за болей як месяц зьняволеньня маюць сваякі ад каардынатара "Эўрапейскай Беларусі" Зьмітра Бандарэнкі.

Паводле праваабаронцаў, абвінавачаньні ва ўдзеле у масавых непарадках 19 сьнежня выстаўленыя ужо не меней як 43 чалавекам. Яшчэ болей за 10 лічацца падазронымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG