Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонцы Аляксандра Класкоўскага аддалі шлюбны пярсьцёнак мужа


Сваякі былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага, абвінавачанага ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» у дзень прэзыдэнцкіх выбараў, амаль месяц ня маюць пра яго ніякіх зьвестак. Сьледзтва залічыла Класкоўскага ў лік самых актыўных удзельнікаў падзеяў 19 сьнежня. Яго родным ужо параілі рыхтавацца да горшага.

Вольга Класкоўская, сястра Аляксандра, гаворыць, што напачатку студзеня з братам сустракалася ягоная адвакатка Ірына Бурак, аднак пасьля гэтага ўсялякія візуальныя кантакты былі спыненыя:

«Амаль месяц у нас няма ніякай інфармацыі пра Аляксандра. Адвакат сустрэлася зь ім больш як тры тыдні таму, ліст ад Сашы прыйшоў толькі аднойчы. Дарэчы, у тым лісьце брат паведаміў, што маральна падрыхтаваны да любога разьвіцьця падзеяў і яшчэ папрасіў, каб яму перадалі маленькі крыжык».

Сьледзтва лічыць Аляксандра Класкоўскага ледзь не асноўным арганізатарам «штурму» Дому ўраду. Вольга Класкоўская працягвае:

«Ягоная жонка Натальля была выкліканая ў ГУУС Менгарвыканкаму, дзе ёй перадалі асабістыя рэчы мужа. Сярод нейкай дробязі там былі матузкі, заручальны пярсьцёнак і 200 беларускіх рублёў. Я так разумею, гэта тое, што было ў кішэнях, калі яго арыштавалі. Натальля афіцыйна зьвярнулася да кіраўніцтва КДБ у справе спатканьня з мужам і атрымала адказ, у якім адказу па сутнасьці і няма. Было паведамлена, што, маўляў, будзем разглядаць ваш зварот падчас сьледчых мерапрыемстваў. То бок ні „так“, ні „не“. Але, па вялікім рахунку, зразумела, які адказ».

У менскай кватэры Класкоўскіх па-ранейшаму разьбітыя дзьверы і разламаная мэбля.
Сям’я Аляксандра Класкоўскага — жонка і трое дзяцей — зьехалі зь Менску да бацькоў Натальлі ў Бялынічы Магілёўскай вобласьці. На адлегласьці ня так цяжка перажываць падзеі ночы 20 сьнежня, калі былога міліцыянта ягоныя ж калегі забіралі на допыт, а потым пасадзілі за краты. У менскай кватэры Класкоўскіх па-ранейшаму разьбітыя дзьверы і разламаная мэбля.

Як кажа Вольга Класкоўская, пра лёс бацькі ведае толькі старэйшы сын Аляксей, якому сёлета споўніцца 12 гадоў:

«Ён таксама не адразу даведаўся. Але ж па сутнасьці гэта падлетак і з размоваў пабочных асобаў, суседзяў нейкія зьвесткі перахапіў. І магу засьведчыць, што ён вельмі ганарыцца татам. Аднак ад малодшых — дачкі Дашы і маленькага Арсеня — пакуль праўду хаваюць, каб не нанесьці ім псыхалягічную траўму. Лёша і Даша ходзяць у Бялынічах у школу, а малы Арсень сядзіць з бабуляй…

Насамрэч усё вельмі страшна, бо толькі ў такіх сытуацыях пачынаеш разумець, што нічога каштоўнейшага за жыцьцё няма. І калі сутыкаесься з такімі трагедыямі пэрсанальна, то ўсьведамляеш, як на задні плян адыходзіць усё астатняе».

Вольга Класкоўская разам з маці Людмілай некалькі апошніх гадоў жывуць у Швэцыі, дзе яны распачалі шырокую кампанію міжнароднай салідарнасьці зь беларускімі зьняволенымі. Сям’я Класкоўскіх выступае за неадкладнае вызваленьне ўсіх затрыманых падчас акцыі 19 сьнежня:

«Вельмі спадзяюся, як і большасьць прадстаўнікоў беларускай дыяспары за мяжой, што Эўропа прыме больш жорсткія захады і санкцыі ў адносінах да беларускага рэжыму. Перакананая таксама, што патрабаваньнем № 1 мусіць быць вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў, бо няма нічога вышэйшага за жыцьцё чалавека. Дарэчы, я ня вельмі разумею, калі чытаю некаторыя артыкулы, дзе некаторыя арганізацыі альбо палітычныя плыні патрабуюць вызваленьня той ці іншай асобы. Мне здаецца, што гэта ня вельмі карэктна, бо неабходна патрабаваць вызваленьня ўсіх палітвязьняў і нельга вылучаць тут нейкія канкрэтныя прозьвішчы. Бо ўсе пакутуюць зараз аднолькава».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG