Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскага актывіста стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Яўгена Якавенку апыталі сёньня ва ўправе ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкаму.

Якавенка: «Хаця ў позьве было напісана, што выклікаюць мяне як сьведку, аднак падпалкоўнік Раман Урублеўскі падчас сустрэчы ўдакладніў, што хоча пагутарыць са мной «па-чалавечы».

Падпалкоўніка Ўрублеўскага, які працуе ў крымінальным вышуку, цікавіла, ці быў актывіст 19 сьнежня ў Менску, ці ўдзельнічаў у масавых беспарадках?

Спадар Якавенка распавёў, што асабліва яго пацешыла такая прапанова міліцыянта: «Ён хацеў таксама, каб я, калі быў у Менску, апрануўся так, як у той дзень, а пасьля ў іх сфатаграфаваўся».

Паводле актывіста, размова з падпалкоўнікам была кароткая, бо ён спаслаўся на артыкул 27 Канстытуцыі — права ня сьведчыць супраць сябе й сваіх блізкіх.

Да таго ж Яўген Якавенка паінфармаваў падпалкоўніка, што ўжо адказваў на падобныя пытаньні ва ўправе КДБ. Паведаміў таксама, што ў ягонай кватэры яшчэ 6 студзеня чэкісты правялі ператрус, забралі ноўтбук, сыстэмны блёк кампутара, дыктафон, здымач, 2 мабільныя тэлефоны, відэакасэты, дыскі і нават бел-чырвона-белыя сьцягі.

Сёньня ж быў паўторна дапытаны ў Рагачоўскім аддзеле Гомельскага УКДБ мясцовы актывіст беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Дзьмітры Дашкевіч, удзельнік выбарчай кампаніі ў падтрымку Віталя Рымашэўскага.
XS
SM
MD
LG