Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле якіх правілаў працуюць у Беларусі замежныя інвэстары?


Аляксандар Лукашэнка выказаў незадаволенасьць працай у Беларусі француска-расейскай кампаніі «Данон-Юнімілк». Чаму замежным інвэстарам прапануюць выключныя ўмовы працы? Ці адпавядае гэта міжнароднай практыцы? Ці спрыяюць такія ўмовы прыцягненьню замежных інвэстыцый?

Удзельнікі: эканамісты Леанід Злотнікаў і Барыс Жаліба.

Леанід Злотнікаў
Барыс Жаліба
Валер Карбалевіч


Чаму замежным інвэстарам прапануюць эксклюзіўныя ўмовы працы?


Валер Карбалевіч: «Існуе гіпотэза, што па меры павелічэньня колькасьці замежнага капіталу сыстэма ў Беларусі будзе мяняцца — у кірунку рынкавых, эўрапейскіх стандартаў ва ўсіх сфэрах жыцьця.

Але вось з нарады ў Лукашэнкі ў чацьвер мы даведаліся шмат цікавага пра замежных інвэстараў. Аказваецца, яны працуюць не паводле агульных правілаў, якія дзейнічаюць для ўсіх, а паводле нейкіх эксклюзіўных дамоўленасьцяў. Вось высьветлілася, што кампанія „Данон-Юнімілк“ гэтыя дамоўленасьці парушыла. Як можна гэта пракамэнтаваць? Ці адпавядае гэта міжнароднай практыцы?»

Леанід Злотнікаў: «На пачатку 2000-х гадоў быў прыняты Інвэстыцыйны кодэкс, паводле якога з кожным інвэстарам павінна заключацца адмысловая дамова. Калі я быў у Японіі, то расказаў пра гэтыя правілы аднаму японскаму прадпрымальніку. Той сказаў, што ня пойдзе ў такую краіну, бо закон павінен рэгуляваць адносіны. Таму што калі чыноўнік выпрацоўвае правілы гульні, то гэта аснова для карупцыі».
Калі чыноўнік выпрацоўвае правілы гульні, то гэта аснова для карупцыі.


Барыс Жаліба: «Не адпрацаваная тэхналёгія супрацоўніцтва з замежнымі інвэстарамі. У дамове павінны быць прапісаны ўсе ўмовы. То бок — няма парадку, і прэзыдэнт правільна на гэта зьвяртае ўвагу».

Карбалевіч: «Вы лічыце, што гэта правільна, калі замежны інвэстар працуе не на агульных умовах, якія распаўсюджваюцца і на беларускіх суб’ектаў гаспадараньня, і на замежных, а на эксклюзіўных, спэцыяльных умовах для кожнай кампаніі? Ці гэта адпавядае міжнароднай практыцы?»

Агульныя ці адмысловыя ўмовы?


Жаліба: «Я не лічу, што такая практыка, якая існуе ў Беларусі, павінна быць нормай. Для ўсіх павінны быць агульныя правілы гульні. Але лічу, што ў асобных выпадках, часова, для некаторых інвэстараў могуць быць ільготы. І ня трэба ўмяшаньня ні з боку прэзыдэнта, ні з боку ўраду».

Карбалевіч: «Хачу нагадаць, што, акрамя Інвэстыцыйнага кодэксу, існуюць яшчэ 20–25 умоваў прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў замежнымі кампаніямі. Лукашэнка ўвесь час пра гэта кажа».

Злотнікаў: «Інвэстары павінны выконваць агульнае заканадаўства аб падатках, умовах працы, абароне прыроды. І ні прэзыдэнт, ні мясцовыя ўлады не павінны ўмешвацца ў працу інвэстараў. Трэба стварыць умовы для свабоднай канкурэнцыі.

А ў нас ад прадпрымальніка патрабуюць, каб ён працаваў не на свае інтарэсы, а на дзяржаву, каб клапаціўся пра сацыяльную абарону насельніцтва. Калі дзяржава бярэ на сябе функцыю клопату пра грамадзян, то яна будзе ўмешвацца ў працу прадпрымальнікаў. Гэта ня рынкавая, а сацыялістычная мадэль. І Лукашэнка пад гэтую мадэль усіх «загінае».

«Пад каўпаком»?


Карбалевіч: «Яшчэ адзін цікавы сюжэт. Лукашэнка заявіў, што ён ведае, куды ідуць грошы кампаніі „Данон-Юнімілк“, як дзеліцца прыбытак. А як жа камэрцыйная тайна? Усе інвэстары працуюць „пад каўпаком“? Зноў жа, як гэта адпавядае міжнароднай практыцы?»

Жаліба: «Калі ствараецца сумеснае прадпрыемства, то ў адпаведнай дамове павінна быць запісана, як разьмяркоўваецца прыбытак. Так прынята ў сьвеце. Атрымліваецца, што і тут парадку няма».
Большая частка замежных інвэстыцый у Беларусь — расейскія. Яны гатовыя ісьці на рызыку.


Злотнікаў: «Падаткі замежная кампанія павінна плаціць адпаведна заканадаўству. А што будзе рабіць інвэстар з прыбыткам, гэта ягоная справа. Тут дзяржава не павінна ўмешвацца. Бо пры такім падыходзе ніякі замежны інвэстар сюды ня прыйдзе. Яму ёсьць куды ісьці і акрамя Беларусі».

Карбалевіч: «Вы кажаце, што на такіх умовах ніхто ня прыйдзе. Але ж ідуць. Хоць і не ў такіх маштабах, якіх хочуць беларускія ўлады. Дык, можа, шмат каго такія ўмовы задавальняюць — атрымаць ільготы і выконваць эксклюзіўныя ўмовы?»

Злотнікаў: «Такіх інвэстараў таксама хапае. Але гэта несур’ёзныя інвэстары зь невялікімі грашыма. Дарэчы, у Беларусі мала інвэстыцый, асабліва прамых. Напрыклад, мінулым годам такіх інвэстыцый было толькі некалькі сот мільёнаў даляраў».

Жаліба: «Замежныя інвэстары неяк прыстасоўваюцца. Моцны ўплыў робіць палітычны чыньнік. У замежных інвэстараў няма ўпэўненасьці, што іх уласнасьць гарантаваная, што ў іх працу ня будуць умешвацца ўлады. Апошні прыклад з кампаніяй „Пінскдрэў“ насьцярожвае. Таму буйныя інвэстары сюды не ідуць».

Злотнікаў: «Большая частка замежных інвэстыцый у Беларусь — расейскія. Яны гатовыя ісьці на рызыку і ня вельмі пралічваюць сытуацыю».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG