Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мерачоўшчыне ўспаміналі пра Касьцюшку


Ва ўрочышчы Мерачоўшчына каля Косава Івацэвіцкага раёну сёньня адзначалі 265 дзень народзінаў Тадэвуша Касьцюшкі. Сярод гасьцей былі дыпляматы ЗША, Польшчы, Швайцарыі — краін, у гісторыі якіх Тадэвуш Касьцюшка пакінуў прыкметны сьлед.

Невялікія залі музэю-сядзібы Касьцюшкі не змаглі ўмясьціць усіх гасьцей адначасова. На афіцыйным сьвяткаваньні дня народзінаў змагара за свабоду Беларусі, Польшчы, ЗША, Францыі прысутнічалі каля ста чалавек. Паводле Леаніда Несьцерчука, старшыні фонду імя Касьцюшкі, Мерачоўшчына стала знакавым месцам:

«Гэтае месца для нас вельмі важнае, сапраўды, рытуальнае, мэмарыяльнае. Яно без запрашэньня зьбірае нас. Прычым, як я лічу, нас зьбірае менавіта Касьцюшка. Дух Касьцюшкі тут прысутнічае заўжды і натхняе нас на добрыя справы. Нават на сьвятыя справы, такія, як барацьба за свабоду, за незалежнасьць, павагу да асобы».

Па-за афіцыйнымі дэлегацыямі на сьвяткаваньне прыехалі сябры незарэгістраванага «Саюзу палякаў» на Беларусі, прадстаўнік вашынгтонскага офісу Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці Кент Ларсан:

У ЗША імя Касьцюшкі служыць напамінам пра ўнівэрсальныя каштоўнасьці свабоды.
«Калі я даведаўся, што буду ў тых мясьцінах, дзе нарадзіўся Касьцюшка, то вырашыў, што не праміну магчымасьці наведаць гэтае месца. У ЗША імя Касьцюшкі служыць напамінам пра ўнівэрсальныя каштоўнасьці свабоды і пра тое, што барацьба за свабоду адных народаў дапамагае ў такой жа барацьбе іншым народам».

Прадстаўнікі амбасадаў, абласных і раённых уладаў, госьці дарылі падарункі музэю, выступалі з прамовамі. Прадстаўнік швайцарскай амбасады адзначыў:

«Касьцюшка — гэта ваш нацыянальны герой. Але яго імя паважаецца і ў Швайцарыі, дзе прайшлі яго апошнія дні. Жыхары Швайцарыі глыбока шануюць памяць гэтага чалавека, змагара за свабоду».

Віцэ-консул амбасады ЗША ў Менску Антон Купэр павіншаваў беларусаў з нагоды дня народзінаў Касьцюшкі і выказаў праз Радыё Свабода пажаданьні з гэтай нагоды:

«Пажаданьні заўсёды адны і тыя ж: важна, каб людзі памяталі і шанавалі імя Касьцюшкі. Прычым ня толькі памяталі імя, але і шанавалі той шлях, які акрэсьліў для сябе Касьцюшка. Для нас надзвычай важна наведаць тую зямлю, дзе нарадзіўся Касьцюшка. Бо яго ідэалы — гэта і нашыя ідэалы».



Выступае намесьнік старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Леанід Цупрык.
Ускладаньне кветак.

Пачатак афіцыйнага сьвяткаваньня.

У музэі Тадэвуша Касьцюшкі.
Віцэ-консул ЗША Антон Купэр.
Вуліца Касьцюшкі ў Косаве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG