Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія сэнатары ня сталі публічна крытыкаваць Грыбаўскайце


Дж.Маккейн і Д.Грыбаўскайце
Дж.Маккейн і Д.Грыбаўскайце
Сэнатар ЗША Джон Маккейн пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Літвы Далёй Грыбаўскайце заявіў, што яна зрабіла на яго вялікае ўражаньне, нягледзячы на некаторыя рознагалосьсі, паведамляе delfi.lt.

"Прэзыдэнт на нас усіх зрабіла вельмі прыемнае ўражаньне. Яна пераканаўчая, дынамічная і моцны лідэр. Нашы меркаваньні па некаторых аспэктах могуць розьніцца, але яна выдатна прадстаўляе народ Літвы. Мы зь ёй згодныя ў пытаньнях, зьвязаных з гэтак званай палітыкай «перазагрузкі», а таксама з апошнімі дзеяньнямі расейскіх уладаў у дачыненьні да М.Хадаркоўскага, з трагічнай сьмерцю ў турме С.Магніцкага ды зь іншымі дзеяньнямі Расеі, за якія адказная цяперашняя ўлада. Я думаю, што ў нас больш пунктаў, па якіх мы пагаджаемся адно з адным, чым не пагаджаемся. Яна магла б удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША", - сказаў у пятніцу журналістам Маккейн.

Аднак ён не пагадзіўся выказаць сваё меркаваньне аб палітыцы Д.Грыбаўскайце і наогул Літвы ў дачыненьні да Беларусі. На пытаньне, ці, на ягоную думку, пазыцыя Літвы не занадта мяккая, Маккейн сказаў, што выказваецца за больш жорсткія захады ў дачыненьні да дыктатарскага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, аднак ня можа крытыкаваць палітыку свабодна абраных прэзыдэнта Літвы і ўраду.

"Нам цяжка сказаць, як павінны паводзіць сябе нашы сябры, саюзьнікі або свабодна абраная ўлада. На гэта больш права маюць члены ўраду, а не прадстаўнікі заканадаўчай улады. Відавочна, што ўсе мы выступаем за больш жорсткія захады ў дачыненьні да Беларусі, але я не магу крытыкаваць палітыку ўраду і прэзыдэнта, абраных шляхам свабодных выбараў ", - сказаў амэрыканскі сэнатар.

Маккейн сказаў, што ЗША і надалей будзе падтрымліваць розныя санкцыі супраць Лукашэнкі і яго "карумпаванага рэжыму".

"Мы таксама ўдзячныя за магчымасьць сустрэцца з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі і сказаць, што мы яе падтрымліваем, што ведаем іх імёны і твары. Мы таксама ведаем імёны іх крыўдзіцеляў і мы іх ніколі не забудзем. ЗША, спадзяюся, возьме на сябе лідэрства ў забесьпячэньні санкцый у дачыненьні да дыктатарскага і карумпаванага рэжыму ў Менску. Мы вельмі цэнім тыя крокі, якія зрабіў Эўразьвяз у пытаньні візавых санкцый, аднак мы лічым, што трэба ісьці далей і выкарыстоўваць эканамічныя, энэргетычныя рычагі ", - падтрымаў Маккейна яго калега Джозэф Лібэрман.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG