Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адных — зьняволіць, другіх — запалохаць


Актывісту «Маладога фронту» з Горадні Алесю Кіркевічу прад’яўлена абвінавачваньне ва ўдзеле ў падзеях на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Яму пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўленьня волі. Алеся Кіркевіча, як і іншых палітвязьняў, працягваюць утрымліваць у турме КДБ у Менску. Тым часам у іншых рэгіёнах працягваецца перасьлед грамадзкіх актывістаў.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Гарадзенцу Алесю Кіркевічу прад’яўлена абвінавачаньне за ўдзел у Плошчы

Алесь Кіркевіч
Намесьніку старшыні незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Алесю Кіркевічу з Горадні, які цяпер знаходзіцца ў турме КДБ, прад’явілі абвінавачаньне паводле ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэксу — актыўны ўдзел у масавых беспарадках. Яму пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Пра гэтую навіну паведаміла Радыё Свабода маці маладафронтаўца Ларыса Кіркевіч, якая напярэдадні сустракалася з адвакатам сына:

Кіркевіч: «Учора юрыдычны абаронца пабачыла яго першы раз, калі яму прад’яўлялі абвінавачаньне, а потым яшчэ быў допыт. Усе кантакты зь ім перапыняюцца сьледчым. Два дні адвакат не магла патрапіць да яго, бо адказвалі, што няма памяшканьняў для сустрэчаў».

Спадарыня Ларыса нават ня ведае, ці атрымаў Алесь яе пасылку, якую яна дасылала зь менскага Галоўпаштамта яшчэ ў панядзелак. Маці вельмі турбуецца, што сын ня мае цёплых рэчаў, бо калі яго забіралі, то ён нічога з сабою ня ўзяў.

Сёньня на спатканьне з Алесем Кіркевічам езьдзіла ягоная жонка — Надзея Крапівіна. Яна ўжо адбыла 12 сутак на Акрэсьціна за ўдзел у Плошчы. Распавядае, што пра сустрэчу з мужам нават няма размовы, а вось перадачу ўзялі.

Крапівіна: «Зь ежы можна перадаваць хлеб, гарбату, каву, цукар, супы, якія хутка гатуюцца, гародніну — нават сьвежую, сыры, сухія каўбасы, цукеркі, толькі не шакалядныя, а кшталту ляндрынак».

Надзея Крапівіна кажа таксама, што ейнаму мужу там даводзіцца няпроста, яна ведае пра гэта, таму што сама была вязьнем на Акрэсьціна.

Крапівіна: «Ён наагул мужны чалавек, і адвакат казала, што ён ня зломлены, добра выглядае, не прыгнечаны. Таму спадзяюся, што ён пройдзе праз гэтыя выпрабаваньні і вытрымае іх».

Супрацоўнікі КДБ затрымалі кіраўніка гарадзенскай філіі «Маладога фронту» Алеся Кіркевіча ў мінулую пятніцу. Затрыманьне адбылося пасьля ператрусу ў кватэры, дзе жыве Алесь. Забралі кампутар, нататнікі, розныя матэрыялы, газэты. Пасьля хлопца выклікалі на допыт, а пазьней перавезьлі ў Менск.

Алесь Кіркевіч ужо адбываў у Менску 10-суткавы арышт за ўдзел у акцыі салідарнасьці 24 сьнежня ля турмы на завулку Акрэсьціна ў Менску.

У Горадні з ініцыятывы грамадзкіх арганізацый пачаўся збор сродкаў для вязьня «амэрыканкі» Алеся Кіркевіча.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Незалежны прафсаюз РЭП зьвяртаецца ў суд, каб абараніць беспрацоўнага будаўніка ад дыскрымінацыі

Аляксей Паўлоўскі
У Магілёве другі месяц шукае працу былы назіральнік на прэзыдэнцкіх выбарах ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксей Паўлоўскі. Уладкаваць яго ня можа нават служба занятасьці. Актывіст лічыць, што гэтак улада помсьціць яму за грамадзкую дзейнасьць.

Аляксей Паўлоўскі — будаўнік з шматгадовым стажам і высокай кваліфікацыяй. Апошняе месца яго працы — рэканструкцыя Магілёўскага тэатру лялек. Па яе заканчэньні прафсаюзнага актывіста Паўлоўскага звольнілі на той падставе, што ў арганізацыі, дзе ён працаваў, не было новых будаўнічых аб’ектаў.

«Зараз я больш за месяц спрабую ўладкавацца ў будаўнічы трэст № 12. Чатыры разы туды хадзіў па накіраваньні цэнтру занятасьці. Мне давалі зьвесткі, што там патрэбныя муляры 4–5 разраду. Прыходзіш туды, бягуць да ўпраўляючага, тэлефануюць і адклікаюць заяўку. Мяне не бяруць, бо я ж паўсюдна намагаюся бараніць тыя правы, якія запісаныя ў Канстытуцыі. А гэта не падабаецца наймальніку. У іх тады пачнуцца праблемы, бо яны парушаюць працоўнае заканадаўства».

Незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці, у які ўваходзіць Аляксей Паўлоўскі, зьвярнуўся са скаргай у суд, каб абараніць правы свайго актывіста:

«Мы лічым, што яго дыскрымінуюць. Ён актыўную пазыцыю займае. Яны гэта ведаюць. Правы свае бароніць. Яго накіроўвае цэнтар занятасьці, а яму адмаўляюць ва ўладкаваньні з надуманых прычын»,— тлумачыць сытуацыю юрыст прафсаюзу Аляксей Яўгенаў.

У суд прафсаюз скардзіцца на будаўнічы трэст № 12. У аддзеле кадраў трэсту прызнаюць, што Аляксей Паўлоўскі тут бывае рэгулярна:

«Вакансіяў для Паўлоўскага, на жаль, на сёньняшні дзень у нас няма. Мы набіраем муляраў шостага разраду. Ён працаваў у нас раней. Як спэцыяліста яго ніводная арганізацыя са станоўчага боку не характарызуе»,— зазначае супрацоўніца аддзелу кадраў.
Пасьля таго як я дамагаўся справядлівага падліку галасоў, і там жа былі замежныя назіральнікі, ён мне заявіў, што з-за майго выступу мяне ніхто ня возьме на працу.

Аляксей Паўлоўскі падчас перадвыбарчай кампаніі быў заўсёднікам на сустрэчах давераных асобаў Аляксандра Лукашэнкі. Яго вострыя пытаньні змушалі выступоўцаў апраўдвацца. На адной з такіх сустрэч у будаўнічым каледжы арганізатары вымушаныя былі нават вывесьці з залі ўсіх навучэнцаў. З сотні чалавек застаўся дзясятак.

Такой жа была пазыцыя актывіста й падчас назіраньня:

«Там адзін быў назіральнік ад улады. Пасьля таго як я дамагаўся справядлівага падліку галасоў, і там жа былі замежныя назіральнікі, ён мне заявіў, што з-за майго выступу мяне ніхто ня возьме на працу. Можа, ён агентам якім быў».

Аляксей Паўлоўскі неаднойчы балятаваўся ў дэпутаты гарсавету й Палаты прадстаўнікоў. Да яго рэгулярна зьвяртаюцца людзі па дапамогу ў вырашэньні сацыяльных праблем. У актывіста — пяты разрад муляра.

ВІЦЕБШЧЫНА


Суд абараніў права Барыса Хамайды стаяць на вуліцы з нацыянальным сьцягам

Маці зьняволенага палітыка Паўла Севярынца, спадарыня Тацяна, вяртаецца на выходныя зь Менску дадому ў Віцебск. Яна кажа, што змаганьне за сустрэчу са зьняволеным у СІЗА КДБ сынам ператварылася ў штодзённую працу: за мінулы тыдзень яна некалькі разоў сустракалася з праваабаронцамі, наведвала адміністрацыйныя ўстановы ды напісала больш за дзясятак скаргаў:

Тацяна Севярынец
«Генэральная пракуратура — тры, КДБ — чатыры, менская гарадзкая пракуратура — адна, яшчэ дзьве на сустрэчу з Паўлам у сьледчы камітэт, у Міністэрства аховы здароўя і Чырвоны крыж. Разьлік на тое, каб хоць адна з трох акрэсьленых мной праблем — гэта сустрэча Паўла з адвакатам, сустрэча са мной і каб яму перадалі лекі — нарэшце вырашылася. Калі там ёсьць хаця б нейкія зачаткі законнасьці, то павінны былі б вырашыцца ўсе тры. Але калі няма — дык няма!»

Спадарыня Тацяна згадвае, што апошні раз адвакат сустракаўся з Паўлам Севярынцам 29-га сьнежня. З тае пары сустрэч не было, а са сьледчым, які вядзе справу, зьвязацца немагчыма ўвогуле:

«На мае тэлефанаваньні ён не адгукаецца, хаця датэлефанавацца я спрабую ці не штодня».

Аляксей Гаўруцікаў
Дэмакратычныя актывісты Віцебшчыны рыхтуюць акцыі салідарнасьці са сваім земляком Паўлам Севярынцам ды іншымі вязьнямі СІЗА КДБ. У Чыгуначны райвыканкам Віцебску заяўку падаў Аляксей Гаўруцікаў, які ў час выбарчай кампаніі быў даверанай асобай Мікалая Статкевіча, а цяпер гэтую ініцыятыву падтрымалі па ўсёй вобласьці і за яе межамі:

«На 13 лютага адначасова з намі падалі заяўку на пікет у Наваполацку, на 19 — на пікет у Полацку, у Воршы яшчэ вызначаюцца з датай. І сёньня гамельчукі падпісваюць і падаюць заяўку на 23 лютага — на цэлую сэрыю пікетаў па горадзе».

Рэакцыі на заяўкі ад уладаў пакуль няма, кажа спадар Гаўруцікаў. Але пэўныя надзеі на дазвол ёсьць: ці то пад уплывам санкцый з боку ЗША ды Эўразьвязу, ці то зь нейкіх унутраных прычын, але стаўленьне да апазыцыянэраў зьмянілася.

Так, 4 лютага судзьдзя Чыгуначнага райсуду Алена Цыганкова апраўдала апазыцыянэра Барыса Хамайду, якога месяц таму затрымалі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Тады ён абвясьціў бестэрміновую акцыю «2011 год — год нацыянальнага сьцяга», прысьвечаную 20-годзьдзю беларускай незалежнасьці, і выйшаў пад бел-чырвона-белым сьцягам распаўсюджваць незалежную прэсу.

Судзьдзя пастанавіла, што ў гэтым учынку Барыса Хамайды няма складу правапарушэньня:

Барыс Хамайда
Хамайда: «Гістарычная падзея! Тут жа на іх напіраюць і ў Брусэлі, і паўсюль: маўляў, выпускайце палітвязьняў... Дык судзьдзя ў мяне пытаецца: „Калі прыму станоўчае рашэньне, вы і далей будзеце са сьцягам стаяць?“ Кажу: „Буду, нават калі вы мне суткі прысудзіце ці штраф!“ Ну, а цяпер я вазьму ў судзе копіі пастановы і буду з гэтай „індульгенцыяй“ стаяць са сьцягам! Во з панядзелка і пачну гэта рабіць!»

Але Барыс Хамайда ня пэўны, што «адліга» працягнецца доўга — не выключае, што на наступным тыдні можа здарыцца і новае затрыманьне.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Замоўленыя пікеты на знак пратэсту й салідарнасьці

Уладзімер Кацора
Грамадзкія актывісты Гомельшчыны накіравалі сёньня заявы ў гарадзкія й раённыя выканаўчыя камітэты з патрабаваньнем даць дазвол на правядзеньне пікетаў пратэсту й салідарнасьці.

Пра мэту масавых акцыяў гаворыць сябра рэгіянальнай рады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Уладзімер Кацора:

«Зьвярнуць увагу грамадзкасьці на палітычныя рэпрэсіі супраць былых кандыдатаў у прэзыдэнты і сяброў іхніх камандаў, якія зараз знаходзяцца ў турмах. Такія пікеты маем наладзіць у Гомелі, Жлобіне, Сьветлагорску, Рэчыцы й Добрушы. Падаем ня менш як 20 заявак у гар-, райвыканкамы на правядзеньне такіх пікетаў 23 лютага».

Адам Варанец з жонкай Клаўдзіяй.
Грамадзкі актывіст Адам Варанец з Добрускага раёну таксама накіраваў сёньня заяву на пікет у мясцовы райвыканкам:

«Усё ж такі гэтых нашых кандыдатаў у прэзыдэнты арыштавалі і некаторых трымаюць да гэтага часу — увесь цывілізаваны сьвет гэтага не прымае. Нават Расея й тая заявіла, што трэба ўсіх выпусьціць і ня трэба было наагул гэтага рабіць».

Рэпрэсіі, якія ўчыніла дзейная ўлада пасьля выбараў, ахапілі ўсе рэгіёны краіны. На Гомельшчыне арыштамі пакаралі чатырох актывістаў. Супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы, адабралі кампутары, іншую тэхніку амаль у двух дзясяткаў актывістаў, а таксама ў офісах рэгіянальных арганізацыяў Аб’яднанай грамадзянскай партыі й руху «За свабоду».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG