Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пласкавіцкі: «На эгіпецкіх падзеях можна асэнсаваць тое, што было ў нас»


Падзеі ў Эгіпце, як мяркуюць аналітыкі, уступаюць у вырашальную стадыю. Ад прынцыповай пазыцыі апанэнтаў дзейнага рэжыму залежыць, ці здолеюць урэшце эгіпцяне ўпершыню за 30 гадоў выбраць сабе новага прэзыдэнта. Ці паказальны эгіпецкі досьвед для беларусаў, якія паўтара месяца таму гэтаксама спрабавалі выказаць сваё незадавальненьне ўзурпацыяй улады ў руках аднаго чалавека?

Людміла Гразнова
У кіраўніцы «Праваабарончага альянсу» Людмілы Гразновай даўняя завядзёнка — пачынаць чарговы год з паездкі ў Эгіпет. Сёлета з розных прычын падарожжа не адбылося, аднак згадкі пра знаёмыя мясьціны — штодня на экране тэлевізара, на сайтах інфармацыйных рэсурсаў:

«Гэта цудоўнае месца, нават не хацелася ў нейкае іншае. Для звычайных людзей, якія працуюць, лепшага варыянту папросту няма… А што тычыцца агульнасьці падзеяў, то нешта падобнае, вядома, ёсьць. Найперш тое, што людзі стаміліся і хочуць пераменаў. У Беларусі адзін чалавек уладарыць 16 гадоў, у Эгіпце — 30. У сучасным сьвеце абсалютна немагчыма столькі трываць царскую ўладу, гэта ўжо нонсэнс.

У выніку звычайныя, шараговыя, можа, нават не зусім адукаваныя людзі стамляюцца ад такой доўгай улады адной асобы. Які б ён ні быў добры, зьмены да дэмакратыі, новыя магчымасьці для пад’ёму амбітных грамадзянаў павінны існаваць. Зараз прынцыпова іншая сытуацыя, і зьмены ў сьвеце могуць адбывацца настолькі нечакана, што і народу ў Беларусі ня варта адчайвацца і ў любы момант быць гатовымі, што і ў нас падзьме вецер пераменаў».

Аляксандар Пласкавіцкі
Былы супрацоўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Пласкавіцкі адзначае відавочную розьніцу ў маштабнасьці таго, што адбывалася ў Беларусі і цяпер мае месца на поўначы Афрыкі. Аднак перакананы, што менавіта ў параўнаньні найлепш бачныя хібы:

«Усе акцыі пратэсту падобныя адна да адной, і гэта амаль усё, што тычыцца беларускіх і эгіпецкіх падзеяў. Таму што цяжка, напрыклад, параўнаць блыху і слана. Але ж і тое, і другое — жывёліна. Калісьці Платон раіў: дзеля таго, каб зразумець нешта малое, трэба пабачыць нешта вялікае, да яго падобнае. Так і тут: гледзячы на эгіпецкія падзеі, можна лепей асэнсаваць тое, што было ў нас. Таму параўнаньні гэтыя карысныя».

Карэспандэнт: «Ледзь ня першае ўражаньне, што беларусам не хапае настырнасьці й здольнасьці ісьці да канца…»

«Ведаеце, у іхнім выпадку я б назваў гэта фанатызмам. Той народ, якому няма чаго губляць і які кіруецца ісламскім фундамэнталізмам, паводзіць сябе так, як у Эгіпце. А наш народ — ён вельмі талерантны, і я лічу, што гэта лепш. Бо калі гэта адбываецца так фанатычна, руйнуецца ўсё да падмурку і зноў усё трэба будзе будаваць з нуля, то гэта таксама ня ёсьць добра».

Учора ў інтэрвію «Свабодзе» сэнатар Ніна Мазай назвала нацягнутымі спробы знайсьці нешта агульнае ў сытуацыі, якая склалася ў Беларусі і ў Эгіпце. Ці азначае гэта, што найперш розныя прычыны незадавальненьня рэжымамі Лукашэнкі і Мубарака? На вуліцы найбуйнейшых эгіпецкіх гарадоў выйшлі перадусім даведзеныя да адчаю зьбяднелыя пласты насельніцтва, а ў Беларусі сацыяльны складнік не такі востры:
Той народ, якому няма чаго губляць і які кіруецца ісламскім фундамэнталізмам, паводзіць сябе так, як у Эгіпце.

«Так, сацыяльна-эканамічная сытуацыя справакавала таксама падзеі, але адказнасьць тых, хто яе абвастрае, таксама павінна быць. Але думаю, што якая б ні была складаная сацыяльна-эканамічная сытуацыя, усе іншыя цяжкасьці, — сродкам вырашэньня праблемы павінен заставацца перш за ўсё мірны шлях».

Карэспандэнт: «Беларусь мае значныя інтарэсы ў Эгіпце, у тым ліку эканамічныя. Ці пацярпяць стасункі з улікам цяперашняй сытуацыі?»

«Адносіны паміж краінамі — гэта ня тыя адносіны, якія будуюцца адным днём. Паміж дзяржавамі яны павінны заставацца (і я спадзяюся, што будуць заставацца) партнэрскімі і надалей».

Тым часам імкліва скарачаецца беларуская турыстычная прысутнасьць у Эгіпце. Калі на пачатку тыдня на ўзьбярэжжы Чырвонага мора адпачывала больш за 2 тысячы беларусаў, то цяпер — толькі крыху больш за 1 тысячу. Ад сёньня Міністэрства спорту і турызму Беларусі наклала мараторый на продаж тураў у гэтую краіну ў сувязі з народнымі хваляваньнямі і непрадказальнасьцю сытуацыі. Генэральны дырэктар кампаніі «Белавія» Анатоль Гусараў паведаміў, што пасьля вяртаньня ўсіх беларусаў на радзіму прыпыніць палёты ў Эгіпет і беларускі авіяперавозчык:

«У сувязі з тым, што колькасьць ахвотных выехаць у Эгіпет значна зьменшылася, частку рэйсаў мы адмянілі. Бліжэйшы рэйс у нас будзе 8 лютага, але турыстаў туды мы везьці ўжо ня будзем, а мяркуем людзей толькі вывозіць. Плянуем выканаць яшчэ тры рэйсы, каб вывезьці адтуль усіх турыстаў, якія адляталі зь Менску, і пакуль палёты прыпыніць».

Бальшыня беларускіх турыстаў, якія вяртаюцца з курортаў Эгіпту, сьцьвярджаюць, што пра хваляваньні ў Каіры ды буйных гарадах краіны даведваліся толькі з тэлевізійных паведамленьняў, і надзвычайныя падзеі іх асабіста не закранулі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG