Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фарыд Закарыя: "Дэмакратыя ў Эгіпце можа працаваць"


Фарыд Закарыя

Фарыд Закарыя


Вядомы амэрыканскі журналіст Фарыд Закарыя лічыць, што альтэрнатывай уладзе Хосьні Мубарака ў Эгіпце не абавязкова будзе тэакратычны рэжым, усталяваны ісламісцкім "Мусульманскім брацтвам" на ўзор Ірану, а можа быць нешта накшталт "абмежаванай дэмакратыі" на ўзор Расеі. Прапануем вашай увазе пераклад фрагмэнтаў артыкула Закарыі "Як дэмакратыя можа дзейнічаць на Блізкім Усходзе" з апошняга выданьня тыднёвіка Time.


Амэрыканцы – Мубараку: сыходзь


Калі Фрэнк Візнэр, дасьведчаны амэрыканскі дыплямат і пасланец прэзыдэнта Абамы сустрэўся з Хосьні Мубаракам у аўторак, 1 лютага, абставіны павінны былі быць добра знаёмыя ім абодвум. На працягу апошніх 30 гадоў амэрыканскія дыпляматы наведвалі адзін з пышных палацаў у Геліяполісе каля Каіру, зь якіх Мубарак кіраваў Эгіптам. Эгіпецкі прэзыдэнт цёпла вітаў кожнага амэрыканца, а потым абодва пачыналі абмяркоўваць
Калі я зраблю тое, чаго вы хочаце, ісламскія фундамэнталісты захопяць уладу
амэрыканска-эгіпецкія адносіны ды пэрспэктывы міру на Блізкім Усходзе. Калі амэрыканцу здаралася зьлёгку зачапіць пытаньне палітычных рэформаў, твар прэзыдэнта напружваўся, і Мубарак даваў вострую рэпліку: "Калі я зраблю тое, чаго вы хочаце, ісламскія фундамэнталісты захопяць уладу". Гутарка зноў вярталася да новых перашкодаў у мірным працэсе.

Цалкам верагодна, што такая размова адбылася і ў аўторак. Мубарак напэўна перасьцярог Візнэра, што безь яго Эгіпет станецца ахвярай радыкалізму "Мусульманскага брацтва", ісламісцкага палітычнага руху ў Эгіпце. Ён часта нагадваў сваім наведвальнікам неразважлівасьць ЗША ў Іране ў 1979 годзе, калі тыя адмовілі ў падтрымцы свайму вернаму саюзьніку, шаху, і ўзамен атрымалі непрыглядны антыамэрыканскі тэакратычны рэжым. Але на гэты раз у амэрыканскага дыплямата быў іншы адказ на аргумэнты прэзыдэнта Эгіпту. Надышоў час для перадачы улады. І гэта быў сыгнал, які паслаў Мубараку Абама, калі абодва размаўлялі па тэлефоне 1 лютага. (...)


Мубарак рэфармаваў эканоміку і душыў дэмакратаў


Мала хто думаў, што калі-небудзь у Эгіпце дойдзе да таго, што адбываецца цяпер. Эгіпецкае грамадзтва здаўна лічылася паслухмяным у адносінах да ўладаў; дзяржаўная ўлада і бюракратыя былі дастаткова моцнымі, каб, нягледзячы на сваю адсталасьць і карумпаванасьць, захоўваць мір у грамадзтве. (...) Але пад канец студзеня вуліцы Каіру і Александрыі ды іншых гарадоў запоўніліся рознымі людзьмі: натоўпамі энэргічных, валявых мужчын з усіх пластоў грамадзтва ды нават некаторымі жанчынамі, якіх вырашылі самі сфармаваць сваю будучыню і стаць гаспадарамі свайго лёсу.

Што зьмянілася? (...)

Эгіпет дамогся пэўных посьпехаў, і адзін з іх, па іроніі лёсу, дапамог запачаткаваць зьмены. Апошнія дзесяць гадоў Эгіпет рэфармаваў сваю
Эгіпет дамогся пэўных посьпехаў, і адзін з іх, па іроніі лёсу, дапамог запачаткаваць зьмены.
эканоміку. Пачынаючы зь сярэдзіны 1990-х, Эгіпет зразумеў, што для таго, каб атрымаць крэдыты ад МВФ і Сусьветнага банку, ён павінен дэмантаваць самыя неэфэктыўныя сэктары сваёй часткова сацыялістычнай эканамічнай сыстэмы. У апошнія гады Мубарак – перакананы сваім сынам Гамалем, якія атрымаў адукацыю банкіра на Захадзе – прызначыў шмат энэргічных рэфарматараў у свой кабінэт, які пачаў амбітныя намаганьні па рэструктурызацыі эгіпэцкай эканомікі, зьніжэньні падаткаў і тарыфаў, ліквідацыі рэгуляваньня і скарачэньні субсыдыяў. Эгіпет, які доўгі час гібеў, пачаў моцна разьвівацца. З 2006 па 2008 год эканоміка расла прыкладна па 7% у год, і нават у мінулым годзе, пасьля эканамічнага крызысу, рост склаў амаль 6%. Доўгі час ізаляваны за пратэкцыянісцкімі мурамі, са сродкамі масавай інфармацыі пад жорсткім кантролем рэжыму, Эгіпет стаў больш зьвязаны з астатнім сьветам праз новыя камунікацыйныя тэхналёгіі.

Чаму эканамічны рост выклікаў пратэсты? Рост наогул разварушвае жыцьцё, раскалыхвае адрэгуляваны, застойны парадак і стварае сытуацыю няроўнасьці і няўпэўненасьці. Ён таксама стварае новыя чаканьні і патрабаваньні. Туніс не разьвіваўся так энэргічна, як Егіпет, але і там карумпаваная старая сыстэма адкрылася для сьвету, і рэжым ня даў рады запанаваць над выніковым браджэньнем. (...)

Мубарак зьвязаў рух наперад у эканоміцы з шэрагам жорсткіх крокаў назад у палітыцы. Дазволіўшы больш адкрытыя парлямэнцкія выбары ў 2005 годзе, рэжым зьмяніў курс і масава сфальсыфікаваў выбары ў 2010 годзе, скараціўшы прадстаўніцтва "Мусульманскага брацтва" ў парлямэнце з 88 дэпутатаў да нуля. Айман Нур, які быў канкурэнтам Мубарака на прэзыдэнцкіх выбарах у 2005 годзе, быў арыштаваны па сфабрыкаваным абвінавачваньні, яго пасадзілі ў турму, катавалі і выпусьцілі толькі ў 2009 годзе. Мубарак дазволіў некаторую свабоду слова і сходаў на мясцовых выбарах 2005 года, а потым зноў закруціў гайкі. Судзьдзі і адвакаты, якія супрацьстаялі рэжыму, цярпелі перасьлед. (...)


Спадзяваньне на армію?


Я па-ранейшаму перакананы, што боязь перад разваротам Эгіпту ў тэакратыю вельмі завышаная. Шыіцкі Іран не зьяўляецца мадэльлю ні для адной краіны – а ўжо напэўна не для суніцкага арабскага грамадзтва ў Эгіпце. Народ пабачыў і Мубарака, і мулаў Ірану, і ня хоча ні аднаго, ні
Шыіцкі Іран не зьяўляецца мадэльлю ні для адной краіны – а ўжо напэўна не для суніцкага арабскага грамадзтва ў Эгіпце.
другога. Больш верагодная пэрспэктыва "нелібэральнай дэмакратыі", у якой Эгіпет становіцца краінай з досыць свабоднай і справядлівай выбарчай сыстэмай, але абраная большасьць абмяжоўвае правы і свабоды асобы, уціскае грамадзянскую супольнасьць і выкарыстоўвае дзяржаўны апарат у якасьці інструмэнту ўлады. Інакш кажучы, у такой небясьпекі менш Ірану, чым Расеі.

Я спадзяюся, што Эгіпет пазьбегне гэтага шляху. Я не магу вам сказаць, паклаўшы руку на сэрца, што так яно і будзе. Але шмат што сьведчыць пра тое, што дэмакратыя ў Эгіпце можа працаваць. Па-першае, армія, якая па-ранейшаму застаецца рашуча сьвецкай, будзе спыняць любыя намаганьні, накіраваныя на стварэньне рэлігійнага палітычнага парадку. Эгіпецкая армія можа таксама супрацьстаяць намаганьням дэмакратаў дэмантаваць некаторыя элемэнты вайсковай дыктатуры – паколькі эліта ўзброеных сілаў мае шмат выгады ад цяперашняй сыстэмы – але яна настолькі магутная і папулярная, каб вызначыць сабе мяжу. У Эгіпце, як і ў Турцыі, армія мае магчымасьць адыграць жыцьцёва важную ролю ў мадэрнізацыі грамадзтва і зацугляньні празьмернасьці рэлігійнай палітыкі. (...)

Ня выключана, вядома, што эканамічныя рэформы ня будуць працягнутыя. Як і ў шматлікіх іншых краінах, палітыка, якая адмяняе субсыдыі і дэмантуе сацыяльна абароненыя галіны вытворчасьці, выклікае грамадзкі неспакой і энэргічную апазыцыю з боку алігархаў (якія часта аказваюцца тымі, каго гэтая сацыяльная сыстэма абараняла). Але ўлічваючы, што эканамічны рост Эгіпету неабходны, немагчыма будзе павярнуць назад асноўны рух у бок вольнага рынку. Такая палітыка патрабуе лепшых судоў і законаў ды намаганьняў па барацьбе з карупцыяй і па павышэньні ўзроўню адукацыі. Зь цягам часу гэтыя намаганьні створаць сярэднюю клясу, якая стане больш незалежнай ад дзяржавы. (...)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG