Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сэнатар Маккейн: «Лукашэнку чакае такі ж лёс, як лідэраў блізкаўсходніх краін»


Сэнатар Джон Маккейн

Сэнатар Джон Маккейн

Амэрыканскія сэнатары і кангрэсмэны сустрэліся ў Вільні са студэнтамі ЭГУ ды прадстаўнікамі беларускай палітычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Якім можа быць новы падыход да беларускага рэжыму, як ЗША могуць выказаць салідарнасьць з дэмакратычнымі сіламі – на гэтыя ды іншыя пытаньні адказалі сэнатары Джон Маккейн і Джо Лібэрман.

10 амэрыканскіх сэнатараў і кангрэсмэнаў, дэлегацыя ЗША, якая накіроўваецца на Канфэрэнцыю ў справах бясьпекі ў Мюнхэне, зрабілі прыпынак у Вільні, дзе сустрэліся з кіраўніцтвам Літвы, са студэнтамі ЭГУ, з прадстаўнікамі беларускай палітычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.



“Цяпер многія эўрапейскія і амэрыканскія палітыкі кажуць пра неабходнасьць новага стаўленьня да беларускага рэжыму. Якім, па-вашаму, мусіць быць гэты новы падыход?», – запытаўся сэнатараў на выніковай прэсавай канфэрэнцыі карэспандэнт Свабоды.

Сэнатар Джо Лібэрман

"Мы, ЗША і Эўразьвяз, спрабавалі
прымяніць новы падыход, – зазначыў адзін з кіраўнікоў амэрыканскай дэлегацыі, сэнатар Джо Лібэрман. – Новы падыход быў у тым, каб уцягваць рэжым у супрацоўніцтва і адчыніць краіну. Але гэта былі памылковыя пажаданьні, што паказалі выбары 19 сьнежня. Лукашэнка паказаў вельмі выразна, што ён ня хоча быць уцягнутым у агульнаэўрапейскія працэсы. І гэта пакідае за намі толькі адну магчымасьць – рабіць тое, што мы і робім. Вось чаму былі ўведзеныя санкцыі з боку ЗША і Эўразьвязу, вось чаму будзе павялічвацца дапамога беларускай апазыцыі.

Як і ў выпадку Эгіпту, лёс Беларусі будзе вырашацца народам Беларусі. Але народу можа спатрэбіцца дапамога, каб атрымаць сапраўдны шанец выказваць свае жаданьні".



"Спадар Лукашэнка не на тым баку гісторыі, – дадаў сэнатар-рэспубліканец Джон Маккейн. – Раней ці пазьней мы ўбачым дэмакратыю і свабоду ў Беларусі таксама як ў Літве, Латвіі і Эстоніі. Народ у Беларусі ведае вельмі добра, што дэмакратыя існуе ўжо ў ягоных суседзяў. І беларусы будуць мець тую ж свабоду."

“Аляксандра Лукашэнку чакае такі ж лёс, як лідэраў Блізкаўсходніх краінаў, і ён будзе вымушаны саступіць патрабаваньням апазыцыі аб дэмакратызацыі”, – заявіў Маккейн. Ён назваў Лукашэнку “бязьлітасным, жорсткім, брутальным тыранам”.

Спатканьне сэнатараў з студэнтамі ЭГУ адбылося ў сьценах літоўскага Сойму, у "Залі 11 сакавіка", і доўжылася каля 30 хвілінаў.



Сэнатары выказалі жаданьне паслухаць беларускіх студэнтаў. "Вы – будучыня Эўропы, будучыня вашай краіны", – заявіў Джон Маккейн, а Джо Лібэрман дадаў: "Мы тут, каб больш даведацца пра тое, што адбываецца ў Беларусі, а таксама пачуць вашы парады, наконт таго, што можна зрабіць, каб справы ў Беларусі пайшлі ў лепшы бок. Ідзе гістарычная барацьба паміж свабодай і тыраніяй. Гэта цяжкая барацьба, але мы ўпэўненыя, што вы пераможаце".

Сустрэча адбывалася ў фармаце пытаньняў і адказаў, пры гэтым і самі кангрэсмэны задавалі пытаньні студэнтам ЭГУ. Кангрэсмэн Джэф Флэйк, напрыклад, запытаўся: "Як мы яшчэ можам выказаць вам сваю салідарнасьць з вамі?" У адказ ад студэнтаў ЭГУ прагучала пажаданьне, каб больш унівэрсытэтаў у Эўропе і ЗША маглі прымаць на вучобу маладых людзей зь Беларусі, пацярпелых ад рэпрэсіяў. Таксама было выказана пажаданьне палегчыць атрыманьне амэрыканскіх візаў для студэнтаў, якія пацярпелі ад уладаў.

Калі адна з сэнатарак запыталася, ці зьяўляецца навучаньне ў ЭГУ рызыкай для сем'яў студэнтаў, якія застаюцца ў Менску, то адказы студэнтаў падзяліліся: Адна са студэнтак адказала, што яе сям'я таксама жыве ў Эўропе, бо ў Беларусі няма пэрспэктываў, на думку ж іншай, сем'ям студэнтаў у Беларусі пакуль нічога не пагражае.

Рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў заявіў нашаму карэспандэнту, што сустрэча са студэнтамі ЭГУ амэрыканскіх кангрэсмэнаў – гэта чарговы факт прызнаньня значнасьці праекту:

"Фактычна ЭГУ – гэта адзіны беларускі ўнівэрсытэт, які мае магчымасьць даваць адукацыю эўрапейскага ўзору, вольную ад ідэалёгіі, ад рэпрэсій і абмежаваньняў студэнтаў. Гэта вельмі важна, бо без стварэньня крытычнай масы людзей, якія мысьляць па-іншаму наша краіна, ня будзе мець будучыні. Для гэтага мы былі створаны ў Беларусі, і мы там былі зачынены менавіта на гэтай падставе. Як вядома, у свой час былі міністар Радзькоў абвінаваціў нас менавіта ў тым, што ў нас надта шмат прафэсараў з-за мяжы".

Спадар Міхайлаў таксама адзначыў, што ён прыемна зьдзіўлены тым высокім узроўнем інтарэсу, які ёсьць да беларускай тэматыкі ў многіх сусьветных палітыкаў.

Гаворачы пра ўражаньні ад сустрэчы з амэрыканскімі сэнатарамі, студэнт ЭГУ Кірыл Атаманчык адзначыў:

"Спадабалася тое, што спадары сэнатары дастаткова добра валодаюць інфармацыяй адносна Беларусі, добра праінфармаваныя ў нашай праблематыцы. Іншая актуальная праблема, якая была ўзьнятая – гэта дапамога грамадзянскай супольнасьці і ЭГУ. Мы ведаем, што ЗША заўсёды былі сярод першых у шэрагах краін, якія дапамагалі ЭГУ. І мы атрымалі чарговыя сьведчаньні таго, што і надалей гэтыя намаганьні будуць працягнутыя".




  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG