Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва, 1991-2011. ч. 2. “Мяне паслаў Гарбачоў!” – “А мяне – Пазьняк!”


Ля будынку ВС Літвы, студзень 1991 г.

Ля будынку ВС Літвы, студзень 1991 г.

-- Вы што тут робіце? – зьдзіўлена спытаўся ў мяне Дземянцей, калі ўбачыў нас, дэпутатаў БНФ, у залі паседжаньняў Вярхоўнага Савету Літвы. – Хто вас сюды паслаў?

-- А Вас, Мікалай Іванавіч?

-- Мяне сюды паслаў Гарбачоў.

-- А мяне – Пазьняк!

Больш пытаньняў не было, дыскусію мы не распачыналі, тым больш што побач сядзеў старшыня Вярхоўнага Савету Армэніі Тэр-Пэтрасян.

Місія ў Літве старшыні ВС БССР Мікалая Дземянцея, як ён сам пазьней сфармуляваў яе ў сваіх успамінах, была -- “аказаньне неабходнай дапамогі яе (Літвы) кіраўніцтву па падтрымцы грамадзкага парадку ў адпаведнасьці з дзейным заканадаўствам СССР”, паколькі “ў першай палове студзеня ў Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы будынак, дзе разьмяшчаліся літоўскае радыё і тэлебачаньне, захапілі сілы, якія выступалі за аддзяленьне рэспублікі ад СССР”.

Больш няўдалай фігуры, чым Дземянцей, для перамоў з кіраўніцтвам Літвы (калі Гарбачоў сапраўды спадзяваўся на перамовы) прыдумаць было немагчыма. Дземянцей ня быў увасабленьнем камуністычнага цемрашальства, хаця і прайшоў усе ступені партыйнай лесьвіцы аж да сакратара ЦК. Мікалай Іванавіч нават сярод намэнклятуры не вызначаўся асаблівым інтэлектуалізмам. Ён прамаўляў блытана, непісьменна, і часта было цяжка зразумець, што ён хоча сказаць, бо пачатак фразы, не супадаў па часе, роду і ліку з канцом. Сумняваюся, каб Гарбачоў гэтага не разумеў.

Але калі Крамлю патрэбна было адцягнуць час – менавіта такая асоба магла ідэальна выканаць ролю прыкрыцьця сілавой апэрацыі, што была праведзена з дапамогай танкаў і групы КДБ “Альфа”.

Каля будынку літоўскага тэлебачаньня, 13 студзеня 1991 г.
У сваіх успамінах Дземянцей піша, што “інцыдэнт са штурмам Вільнюскага тэлецэнтру і масавыя беспарадкі ў літоўскай сталіцы былі спэцыяльна арганізаваныя з мэтай дыскрэдытацыі частак і падразьдзяленьняў Савецкай Арміі... для аддзяленьня ад СССР”. Ён прыводзіць размовы з Ландсбергісам – але асабіста ў мяне няма даверу да памяці Мікалая Іванавіча, бо праз колькі старонак ён кажа, што мы разам з Пазьняком, адгаворваючы яго падпісваць “саюзны дагавор”, шантажавалі і пагражалі... павесіць (“на верёвке без мыла”; мыла тады сапраўды было ў дэфіцыце, магчыма, гэта паўплывала на фантазіі кіраўніка дзяржавы).

Зь Дземянцеем у адной зале паседжаньняў разам мы пабылі нядоўга – хутка ён з дэлегацыяй сышоў.

А праьз некалькі хвілінаў мяне запрасілі на трыбуну.

Цяпер у Сойме Літвы мне далі стэнаграму той прамовы (выступаў па-расейску). Зачытаўшы зварот Апазыцыі БНФ і Дэмклюбу, пад якім былі 82 дэпутацкія подпісы, скарыстаўся прамой радыётрансьляцыяй сэсіі на ўсю Літву і зьвярнуўся да этнічных беларусаў, якія жылі альбо праходзілі тут вайсковую службу:

“Пользуясь случаем, я хотел бы сказать несколько слов, обращаясь к жителям Литвы-белорусам и к солдатам-белорусам, которые, возможно, тут находятся. Шаноўныя землякі, тое, што цяпер адбываецца ў Вільнюсе, тое, што цяпер адбываецца ў Літве – гэта, можа быць, толькі пачатак той крывавай драмы, якая нам наканаваная. Цяпер спрачаюцца, калі ж пачалася перабудова. Безумоўна, што дакладна фініш перабудовы можна вызначыць – 13 студзеня 1991 года, тут. Давайце праявім салідарнасьць з народам Літвы, у якога адзінае з намі памкненьне – гэта памкненьне да свабоды, гэта памкненьне да сувэрэнітэту.

Дарагія землякі, тыя, хто па волі лёсу, па волі савецкай Канстытуцыі вымушаны апрануць вайсковую форму, памятайце, што калі дула аўтамата накіраванае на брата, дык няма ніякіх гарантыяў, а ёсьць стопрацэнтовая верагоднасьць таго, што заўтра гэтае дула будзе накіраванае на вашых маці, на вашых сясьцёр, на вашых братоў, на вашых дзяцей. Апусьціце зброю”.


У фае Вярхоўнага Савету Літвы, студзень 1991 г.
Перадаў тэкст заявы Апазыцыі і Дэмклюбу, Ландсбергісу, і таксама заклікаў дэпутатаў зь іншых краінаў праявіць салідарнасьць зь літоўскімі калегамі і не пакідаць у гэтую ноч будынак Вярхоўнага Савету, які знаходзіўся пад пагрозай штурму.

Пасьля паседжаньня міністар аховы краю, дэпутат Андрус Буткявічус павёў мяне па калідорах будынку.

Паўсюдна -- мяхі зь пяском, барыкады з мэблі. У калідорах – добраахвотнікі, і толькі ў дзясятка зь іх я ўбачыў стрэльбы – вялізныя, пачатку ХХ стагодзьдзя.

-- Колькі вы здолееце пратрымацца? – спытаўся я ў міністра.

Буткявічус не адказаў.

Абодва мы разумелі, што дэсант захопіць будынак самае большае за 15 хвілін. Але вынікам будуць сотні забітых людзей і на плошчы, і ў Вярхоўным Савеце.

Пакуль мы хадзілі па калідорах парлямэнту, Барыс Гюнтэр і Ігар Пырх сустрэліся з Ландсбергісам.

-- Ландсбергіс прасіў, каб мы дапамаглі са зброяй – расказаў потым Ігар Пырх. – Я адказаў, што ў БНФ зброі няма.

Тое была праўда.

Ня ведаю, ці зьвяртаўся з такой просьбай старшыня ВС Літвы да Дземянцея і што той адказаў. Самым шчырым адказам было б – “Як і Вы, я не кантралюю на тэрыторыі сваёй рэспублікі ніводзін пісталет. Усім распараджаецца Масква”.

Тую ноч я правёў у будынку разам з абаронцамі парлямэнту, а на наступны дзень нас прывялі ў палац, дзе стаялі труны зь целамі забітых. Потым была цырымонія пахаваньня…

Між іншым, раніцай я адчуў, што кіраўнік афіцыйнай дэлегацыі Ніл Гілевіч павітаўся са мной неяк холадна. Высьветлілася, што прычынай быў мой учорашні выступ у парлямэнце Літвы. Гілевіч сказаў, што яму не спадабалася, што я назваў Вярхоўны Савет Беларусі “пракамуністычным”, хаця, думаю, прычына была іншая. Ніл Сымонавіч вельмі вялікую ўвагу надаваў дэталям пратаколу, і выступ некага ў абыход яго, кіраўніка афіцыйнай дэлегацыі, успрыняўся ім як непавага да ягонага ўласнага статусу. Ну але ў той дзень было не да палітэсу. Да таго ж, Апазыцыя БНФ таму і накіравала сваіх прадстаўнікоў, што хацела мець сваё, незалежнае ад камуністычнай большасьці “вока” (а пры неабходнасьці – і незалежны “голас”).

Але вялікае значэньне мела і тое, што ў складзе афіцыйнай дэлегацыі быў і дэпутат БНФ Валянцін Голубеў. Ён быў пазбаўлены таго “права манэўру”, які мелі мы – затое ўбачыў тое, што мы ня ўбачылі.

Валянцін Голубеў на трыбуне ВС, 1991 г.
“Уражаньні ў мяне страшэнныя, цяжкія, – распавёў перад ад’ездам зь Вільні Валянцін Голубаў журналісту Генадзю Барбарычу. – Зьезьдзілі да Дома друку, да тэлебачаньня, бачылі гэтыя танкі, якія там стаяць, бачылі фотаздымкі забітых, гутарылі з салдатамі, спрабавалі пагутарыць з адным афіцэрам. Аказалася , сам ён беларус. Вочы апусьціў – сорамна. Казаў, што павінен выканаць загад, канстытуцыйны абавязак. Што можа казаць афіцэр, калі побач стаяць дзесяць салдат, а яшчэ іншы афіцэр побач, а потым яшчэ чалавек, апрануты ў форму міліцыянта, падбягае, і кантрольна прыслухоўваецца. Гэтага афіцэра таксама можна зразумець… Але лепш пайсьці пад суд, адмовіўшыся страляць у мірных людзей.

Былі мы ў Вярхоўным Савеце, сустракаліся зь некаторымі кіраўнікамі… Затым спрабавалі сустрэцца з тымі, хто запрасіў сюды войска. Што гэта за камітэт нацыянальнага выратаваньня, тым больш, што тэлеграма ад яго імя ў Вярхоўны Савет БССР была накіраваная з ЦК кампартыі Літвы? І сёньня мы наведалі ў канцы дня, пасьля пахаваньня, ЦК КПЛ. Мы сустрэліся там з загадчыкам ідэалягічным аддзелам Ермалавічусам, спрабавалі даведацца, што гэта за камітэт, якія людзі туды ўваходзяць? Нічога нам не назвалі – ні прозьвішчаў, нічога. Падобна, што гэтага камітэту па-просту не існуе…”

Увечары 16 студзеня мы вярталіся ў Менск.

У дарозе маўчалі.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG