Лінкі ўнівэрсальнага доступу


У Вільні палітыкі Эўразьвязу і ЗША абмяркуюць сёньня сытуацыю ў Беларусі. Дыскусія пройдзе ў рамках міжнароднай канфэрэнцыі. На яе запрошаны палітыкі, дыпляматы, экспэрты, журналісты.


Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі найперш адзначае надзвычай высокі ўзровень прадстаўніцтва Злучаных Штатаў Амэрыкі. Гэта – вядомыя сэнатары Джон Маккейн і Джозэф Лібэрман:

“Гэтыя два сябры кангрэсу ЗША – вельмі ўплывовыя і знакавыя людзі ў амэрыканскай палітыцы. А што да Беларусі, то яны абодва прыхільнікі вельмі жорсткага падыходу і да самога Аляксандра Лукашэнкі, і да яго рэжыму”.

Раман Якаўлеўскі працягвае:
Можна чуць, што менавіта цьвёрдая замежная палітыка ЗША, якую прапаноўваў Маккейн, больш карысная для ЗША...


“Маккейн на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах быў галоўным супернікам Абамы і прайграў яму. Але апошнім часам можна чуць, што менавіта цьвёрдая замежная палітыка ЗША, якую прапаноўваў Маккейн, больш карысная для ЗША ў параўнаньні з той, якую праводзіць Барак Абама.

А Лібэрман у свой час удзельнічаў у праймэрыз. У амэрыканскай практыцы гэта выбары лідэра партыі. І ён пасьля становіцца адзіным партыйным кандыдатам у прэзыдэнты”.

Эўрапейскія структуры на сэмінары будуць прадстаўленыя больш сьціпла, пераважна літоўскімі палітыкамі. Сэмінар пройдзе ў памяшканьні парлямэнту.

Варта нагадаць, што краіны Балтыі фактычна заблякавалі намер некаторых іншых краін Эўразьвязу ўвесьці эканамічныя санкцыі супраць беларускага рэжыму пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Літоўскі палітоляг Томас Янялюнас у размове са “Свабодай” сказаў, што бізнэс-інтарэсы краін Балтыі да Беларусі безумоўна існуюць і гэтыя краіны хочуць іх захаваць:

“Аднак я думаю, што ў большай ступені аргумэнты супраць эканамічных санкцыяў трымаюцца на той думцы, што яны так ці інакш закрануць увесь беларускі народ. І таму эканамічныя санкцыі ператворацца ў санкцыі супраць усіх, а ня толькі супраць рэжыму Лукашэнкі”.
Можна пазьбегчы эканамічных санкцыяў, але ў той жа час знайсьці новыя падыходы для беларускай апазыцыі...


Палітоляг згадвае, што Літва падтрымлівае Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт – адзіны ў Эўропе ўнівэрсытэт у выгнаньні:

“Трэба знаходзіць як мага болей магчымасьцяў для жыхароў Беларусі наведваць Літву ды іншыя краіны Эўразьвязу, спрашчаць для іх візавы рэжым. Можна пазьбегчы эканамічных санкцыяў, але ў той жа час знайсьці новыя падыходы для беларускай апазыцыі. І, можа, нават павялічваць ім дапамогу, найперш моладзевым арганізацыям”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG