Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 лютага – 265 гадоў з дня нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі


У мястэчку Мерачоўшчына, што каля Косава ў Івацэвіцкім раёне, грамадзкасьць, улады і дыпляматычныя прадстаўнікі адзначаць сёньня 265-я ўгодкі з дня нараджэньня Андрэя Тадэвуша Банавэнтуры Касьцюшкі.

Гісторык з Івацэвічаў Павал Дайлід кажа: штогод 4-га лютага ў Мерачоўшчыну, дзе знаходзіцца адноўленая сядзіба, у якой нарадзіўся Касьцюшка, прыяжджае даволі вялікая дэлегацыя:
Кожны год павялічваецца колькасьць людзей, якія прыяжджаюць адзначыць угодкі з дня нараджэньня нашага слаўнага земляка...

"Традыцыйна сюды прыедуць прадстаўнікі дыпляматычных місій, прадстаўнікі ўлады з вобласьці і раёну. Што адметна, кожны год павялічваецца колькасьць простых людзей, зусім не ангажаваных партыямі, рухамі, якія з навакольных вёсак, суседніх гарадоў прыяжджаюць адзначыць угодкі з дня нараджэньня нашага слаўнага земляка".

Штогод удзел у мерапрыемстве бяруць прадстаўнікі польскай нацыянальнай меншасьці зь Берасьця, кажа намесьніца старшыні берасьцейскай філіі неафіцыйнага Саюзу палякаў Ганна Панішава:

"Мы заўсёды едзем да Касьцюшкі. 4-га лютага вучні нашай школы падрыхтавалі адмысловы выступ. Яны будуць чытаць вершы Мар’і Канапніцкай на польскай і беларускай мовах. Вершы прысьвечаныя Касьцюшку і паўстаньню".

Краязнаўца зь Берасьця Ігар Бараноўскі мяркуе, што пакуль асоба Касьцюшкі не ўшаноўваецца на належным узроўні ў нашай краіне:
Вуліца імя Касьцюшкі ня ў цэнтры гораду, а недзе ў новабудоўлі, ды няма яму і помніка на цэнтральнай плошчы...

"Яго сьлед у нашай гісторыі вельмі важны і значны, яго імя сапраўды вартае пашаны. Але калі толькі паглядзець па Берасьці, то можам прасачыць, што нават вуліца імя Касьцюшкі ня ў цэнтры гораду, а недзе ў новабудоўлі, ды няма яму і помніка на цэнтральнай плошчы. На жаль, ня тая пакуль улада, якая ведае прыярытэты гісторыі і належна іх расстаўляе. Імя Касьцюшкі яшчэ недастаткова ўшанавана".

Урачыстасьці ў Мерачоўшчыне пачнуцца а 12-й гадзіне. Мерапрыемства афіцыйна адзначаецца ўжо 16-ты год запар.


Тадэвуш Касьцюшка – нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і Злучаных Штатаў Амэрыкі. Удзельнічаў у барацьбе за незалежнасьць Паўночнай Амэрыкі ад Вялікай Брытаніі, таксама ўдзельнічаў у Вялікай францускай буржуазнай рэвалюцыі. У 1794 годзе Касьцюшка кіраваў паўстаньнем супраць падзелаў Рэчы Паспалітай паміж Расеяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Лёзунг паўстаньня гучаў: “Свабода, еднасьць, незалежнасьць!”.

Пры Берасьцейскім аблвыканкаме створаны фонд імя Тадэвуша Касьцюшкі.

У Сяховічах, што ў Жабінкаўскім раёне, знаходзіцца дом, дзе, як даводзяць некаторыя дасьледчыкі, нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка.

Імя Касьцюшкі носяць вуліцы ў Косаве, Івацэвічах, Лідзе і Горадні.

Помнікі Касьцюшку ёсьць у ЗША, Швайцарыі і Францыі.

А ў Аўстраліі ў гонар Тадэвуша Касьцюшкі названа найвышэйшы пункт кантынэнту – гара на 2 228 мэтраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG