Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілана Міхалевіч: У паводзінах уладаў усё меней і меней лёгікі





Соўсь: Вас не пусьцілі на канфэрэнцыю ў Варшаву, кэдэбісты патлумачыўшы гэта тым, што вы нібыта невыяздная, пакуль не завершыцца справа мужа. Як вы ацэньваеце візавыя санкцыі, якія ўвёў Эўразьвяз супраць беларускай намэнклятуры? Ці дастатковыя яны?

Міхалевіч: Мне здаецца, што даваць ацэнку такім рэчам – хутчэй справа палітыкаў. Я магу толькі выказаць сваё меркаваньне пра апошнія падзеі, якія былі ў пэўнай ступені вынікам чаканьня санкцый, і вызвалілі некалькі чалавек. Ці, дакладней, калі некалькім асобам зьмянілі меру стрыманьня. І такая зьмена меры стрыманьня, і лісты, якія ўсе пачалі атрымліваць на мінулым тыдні, усё гэта падобна на нейкія саступкі ў чаканьні санкцый. Але гэтыя саступкі нагэтулькі мізэрныя, мінімальныя, што цяжка іх разглядаць сур'ёзна. Такое адчуваньне, што гэтая гульня з саступкамі, патрабаваньнямі ня хутка скончыцца, на жаль.

Соўсь: Што ці хто можа прымусіць беларускія ўлады вызваліць палітвязьняў?

Міхалевіч: Ня ведаю. У дзеяньнях уладаў, ці арганізацый, якія іх прадстаўляюць, апошнімі днямі я бачу ўсё меней і меней лёгікі. Таму адказ на гэтае пытаньне павінен даваць хтосьці, хто гэтую лёгіку разумее. Няўжо цяжка аддаць памытую бялізну? Няўжо да такой ступені трэба было звужаць сьпіс прадуктаў, які можна перадаваць?

Соўсь: Калі Аляксей вырашыў балятавацца на прэзыдэнта, пакуль ішла выбарчая кампанія, ці вы размаўлялі з мужам пра тое, што яго могуць пасадзіць у турму? Што ён гаварыў на гэты конт?

Міхалевіч: Перад тым, як пачалася кампанія, перад тым як ён абвясьціш пра сваё жаданьне балятавацца, у нас не было магчымасьці пра гэта пра ўсё пагаварыць. Таму што я тады ляжала ў шпіталі і чакала малодшую дачку. Пасьля зь ёй былі праблемы. Калі мы пасьля ўсіх рэанімацый зьвярнуліся дадому, гэтае рашэньне ўжо было прынятае. Вядома, мы размаўлялі на гэтую тэму, бо рашэньне ісьці на выбарчую кампанію такога высокага ўзроўню закранае ня толькі аднаго чалавека, але ўсю сям'ю. Алесь тады сказаў, маючы на ўвазе сваю каманду, "я не магу іх падвесьці". Алесь пра сваю бясьпеку заўсёды думаў у апошнюю чаргу.

Соўсь: Хто дапамагае вам цяпер у адсутнасьць Аляксея?

Міхалевіч: Алесева старэйшая сястра вельмі моцна дапамагае. сябры і вельмі шмат дапамагаюць звычайных простых людзей, і далёкіх ад палітыкі, і людзей, мне не знаёмых. Асобны дзякуй хочацца сказаць аднаклясьнікам старэйшай дачкі, якія моцна яе падтрымліваюць. У школе яна практычна забывае пра ўсе гэтыя праблемы. Яна стала меней плакаць.

Соўсь: У амэрыканцы нельга слухаць радыё свабода, але давайце ўявім, што ў вас зьявілася магчымасьць зьвярнуцца да мужа праз наша радыё. Што б вы яму сказалі?

Міхалевіч: Тое ж самае, што я кожны раз пішу ў лістах, хоць ня ведаю, ці яны даходзяць: "Трымайся сонейка!"

Слухаць гутараку цалкам:

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG