Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Давыдзька: «Ніхто ня будзе зьвяртаць увагу на гэты сьпіс».


Сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу, прыцягнуў вялікую грамадзкую ўвагу ў Беларусі. Да ранейшага пераліку 40 чалавек дададзена яшчэ 117 прозьвішчаў — высокапастаўленыя службовыя асобы, сябры Цэнтравыбаркаму, судзьдзі, супрацоўнікі сілавых структураў, журналісты. Як рэагуюць на візавыя санкцыі тыя, каму забаронены ўезд у ЭЗ?

У сьпісе «неўязных» два кіраўнікі тэлеканалаў — Першага і СТВ — і некалькі тэлежурналістаў. Нядаўна прызначаны на пасаду старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька выказаў такое меркаваньне:

«Па-першае, гэты сьпіс зроблены так неахайна, узьнікае такое адчуваньне, што нейкія чыноўнікі Эўразьвязу штосьці падпісалі, паслухаўшы толькі адзін бок. А другі бок быццам бы і не існуе. Проста сорамна, як чыноўнікі тыя працуюць. Калі б нашы чыноўнікі так працавалі, пазвальнялі б усіх проста! Па-другое, некаму здаецца, што гэта абраза, а мне здаецца, што гэта камплімэнт і нават пашана. Аказваецца, я ўваходжу ў сьпіс людзей, якія больш за іншых заклапочаны абаронай уласнай радзімы, самастойнасьці, незалежнасьці. Гэта элітны сьпіс, і я ганаруся, што трапіў у яго».

Гэта элітны сьпіс, і я ганаруся, што трапіў у яго.
У сьпісе — кіраўніцтва Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце: дырэктар і тры ягоныя намесьнікі. Службовыя асобы, якія трапілі ў сьпіс, камэнтароў не даюць, кажа кіраўніца прэс-службы Ксенія:

«Гэта наша рашэньне, пакуль што агульная пазыцыя такая. Яна можа, канечне, зьмяніцца цягам бліжэйшага часу, але пакуль яна такая. Інфармацыйнае поле мы цудоўна ведаем, таму што мы яго адсочваем. Але, на жаль, пакуль, на дадзены момант, на 12.47 мы вам нічым дапамагчы ня зможам».

Што да асобаў, якія перакачавалі ў цяперашні «чорны сьпіс» са сьпісу 2005 году, прэсавы сакратар прэзыдэнцкага аналітычнага цэнтру выказала недаўменьне:

«Эўрапейская бюракратыя ўспрымае нас па віртуальным асяродзьдзі, а не па рэальнай сытуацыі, таму сьпіс так і складаўся. Зноў жа, інэртны эфэкт любой бюракратыі, у тым ліку і эўрапейскай. Таму мы заўсёды вельмі рады бачыць усіх эўрапейскіх чыноўнікаў у Беларусі, каб яны лепш разумелі нашу сытуацыю».

Не камэнтуюць сьпіс Эўразьвязу і Міністэрства юстыцыі, Вярхоўны Суд, Генпракуратура.

У сьпісе Эўразьвязу — кіраўніцтва Міністэрства інфармацыі: міністар і два ягоныя намесьнікі. А таксама — амаль паўтара дзясятка журналістаў дзяржаўных выданьняў. Цягам двух дзён мы спрабавалі здабыць камэнтар хоць каго-небудзь з кіраўніцтва — безвынікова.

Прысутнічаюць у сьпісе галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» і чатыры ягоныя намесьнікі. Намесьнік галоўнага рэдактара Аляксандар Таранда кажа:

«Не хацелася б мне гэта камэнтаваць, шчыра вам скажу. Таму што гэта ўсё я зь цяжкасьцю ўспрымаю, гэта не рэальны і не здаровы падыход».

Карэспандэнтка: «Вось вы асабіста якія кірункі ў газэце курыруеце?»

«Я асабіста курырую кірунак сацыяльнага разьвіцьця, аддзел уласных карэспандэнтаў і газэту „Беларусь — Расея“. Прабачце, не хачу я пра гэта гаварыць».

Дарэчы, у прэамбуле Рэглямэнту Рады Эўразьвязу пазначана, што ўнесеныя ў «чорны сьпіс» грамадзяне маюць права «выказаць сваю нязгоду».

Але старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька выказаў такое меркаваньне:

«Я ўпэўнены, што калі я захачу, я змагу зьезьдзіць зусім спакойна, бо ніхто, спадзяюся і нават ведаю, ніхто ня будзе зьвяртаць увагу на гэты сьпіс нават у амбасадах гэтых самых дзяржаваў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG