Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пакіньце яго сам-насам з дойнай расейскай каровай!"


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 2 лютага 2011 году

Мы працягваем атрымліваць шматлікія лісты-водгукі на падзеі 19-га сьнежня і наступныя жорсткія рэпрэсіі ўлады супраць палітычнай апазыцыі і ўвогуле ўсёй грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Хто вінаваты ў тым, што адбылося ў той халодны сьнежаньскі вечар? Ці здольны Захад з дапамогай эканамічных і палітычных санкцый дамагчыся вызваленьня арыштаваных апазыцыйных палітыкаў?

Вось як спрабуе адказаць на гэтыя пытаньні наш слухач Лявон Ліберман з Бабруйску, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову. Ён піша:

"Па сутнасьці, тыя людзі нічога антыграмадзскага не ўчынілі — паплаціліся ўласнай свабодай ні за што. Апазыцыя ў цэлым паводзіла сябе мірна. Адбылася правакацыя, але хто яе задумаў і ажыцьцявіў? Ці не сама ўлада? Апазыцыянэры ж ня столькі нашкодзілі ўладзе, колькі самі сабе, сваім родным і блізкім. А таго выніку, на які разьлічвалі, не дасягнулі. Навошта было так рызыкаваць?

Мяне зьдзіўляе тое, што яны пайшлі на такі крок. На што разьлічвалі? Мне падаецца, экс-кандыдаты былі ў вялікай эйфарыі ад той псэўдалібэральнасьці, якую дэманстравала ўлада падчас выбарчай кампаніі. Меркавалі, што ўлада прызнае іхныя патрабаваньні справядлівымі, паддасца ціску, пагодзіцца на другі тур галасаваньня... Поўнае глупства.

Улада перахітрыла ўсіх — і беларускіх дэмакратаў, і цалкам увесь Захад. Яна загадзя падрыхтавала сцэнар, правяла рэпэтыцыю і была цалкам гатова адказаць на нясьмелую спробу рэвалюцыі жорсткім разгонам і суровай помстай. Вось калі б Захад і апазыцыя гэта ўлічылі, то і вынік быў бы зусім іншы. А ў падобнай адказнай справе нельга быць такімі наіўнымі. Гэта — вельмі горкі і адначасова важны ўрок на будучыню. Цяпер высокім эўрапейскім установам трэба не хістацца ды перавальвацца з боку на бок, а зрабіць усё магчымае дзеля вызваленьня беларускіх палітвязьняў. Бо тое, што здарылася 19-га сьнежня — і на іхным сумленьні. Эўразьвяз павінен заняць прынцыповую і цьвёрдую пазыцыю адносна кіраўніцтва Беларусі"
.

Вялікай хітрасьці і вынаходлівасьці ў тым, як сябе павяла ўлада ўвечары 19-га сьнежня, я, спадар Лявон, ня бачу. Грубая сіла і гвалт? Так. Жорсткасьць, запалохваньне, псыхалягічны прэсінг на арыштаваных? І гэтага багата. Але ці можна назваць гэта палітычным трыюмфам, у выніку якога пераможца можа прымаць заслужаныя віншаваньні?

Гэта калі б падчас гульні ў шахматы агрэсіўны гулец атрымаў перамогу за кошт таго, што разам змахнуў рукой з дошкі фігуры і агрэў суперніка гэтай дошкай па галаве. Напэўна, у сваім шахматным клюбе ён за кошт магутных кулакоў мог бы застрашыць палахлівых пачаткоўцаў і абвясьціць сябе вечным пераможцам. Але ці прызнала б з-за гэтага яго гросмайстрам міжнародная шахматная супольнасьць? Ці пусьцілі б яго пасьля гэтага на прэстыжныя турніры ў прыстойныя кампаніі?

Аўтар наступнага ліста Ягор Петушкоў зь Берасьця лічыць, што заходнія краіны прыкладаюць недастаткова намаганьняў дзеля таго, каб паўплываць на сытуацыю ў Беларусі. Слухач піша:

"Не магу маўчаць! Колькі ў Захаду сілы і магчымасьці — а ён спакойна сядзіць і маўчыць, назіраючы за страшнымі злачынствамі, што творацца ў Беларусі. Ніякіх сур’ёзных, дзейсных мер не прымаецца. Дробныя спробы ўтаймаваць дыктатара ніякага ўплыву на сытуацыю ня маюць. Як кажуць у такіх выпадках, Васька слухае ды есьць.

Згадваецца ’98-ы год, так званая "драздоўская гісторыя", калі 22 амбасадары былі гвалтам выселены са сваіх рэзыдэнцый у Драздах. Заходнім краінам, вобразна кажучы, плюнулі ў твар, а яны выцерліся і ў выніку вярнулі сваіх амбасадараў у Менск. Не, каб разарваць дыпляматычныя адносіны і пакінуць дыктатара сам-насам з дойнай расейскай каровай!

Падобных прыкладаў — дзясяткі. Лукашэнка цяпер адкрыта і не баючыся кідае выклік Захаду, бо ведае: той урэшце саступіць. Палітыка ўлагоджваньня дыктатара заўсёды аказвалася і аказваецца неэфэктыўнай.

А здавалася б, што можа быць прасьцей! Ня дайце грошай, спыніце пастаўкі нафтапрадуктаў, абмяжуйце да мінімуму эканамічныя кантакты… Пакіньце яго сам-насам з імпэрскай Расеяй.

Захад не павінен марнаваць час — трэба, каб ён неадкладна ратаваў беларускі народ ад гэтага рэжыму!"
.

Наўрад ці варта, спадар Ягор, разьлічваць на тое, што нехта прыедзе з Захаду, вызваліць беларусаў ад аўтарытарнага рэжыму, усталюе тут дэмакратычны лад, верне свабоду, наладзіць дружалюбныя стасункі з усімі краінамі сьвету… Дэмакратыю немагчыма імпартаваць, як нейкі тавар. Ёсьць рэчы, якія можа і павінна зрабіць толькі само беларускае грамадзтва. Ня Захад выбіраў Лукашэнку ў ’94-м годзе прэзыдэнтам Беларусі. Ня Захад павінен вырашаць і тое, калі і якім чынам скончыцца прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Эканамічныя і палітычныя санкцыі супраць аўтарытарнага рэжыму здольныя паспрыяць дэмакратычным сілам унутры Беларусі, але ня гэтыя санкцыі выконваюць вырашальную ролю.

Наступныя некалькі кароткіх лістоў — таксама на тэму падзей 19-га сьнежня і наступных палітычных рэпрэсій у Беларусі. Слухачы выказваюць сваё стаўленьне да таго, што адбылося, адрасуюць словы падтрымкі і салідарнасьці палітычным зьняволеным. Вось што піша Мікалай Куксо з Івянца Валожынскага раёну:

"Уся наша сёньняшняя рэчаіснасьць азмрочана пабоішчам 19-га сьнежня 2010 году, той хваляй палітычнага перасьледу, якая абрынулася на незалежнае грамадзтва пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Каб зламаць апазыцыю і запалохаць народ, людзей безь віны кідаюць у турму, праводзяць аблавы супраць грамадзкіх актывістаў, выклікаюць на допыты, забіраюць кампутарную тэхніку… Але ня трэба ўпадаць у дэпрэсію, бо бяз нашых актыўных дзеяньняў мы ніколі ня выйдзем з рабскага становішча".

Такой жа думкі прытрымліваецца Браніслава Федаровіч зь вёскі Пазяняты Івейскага раёну. Яна піша:

"Палітычным вязьням хочацца пажадаць сілы духу і вытрымкі. Няхай ведаюць, што яны не ў самоце. Зь імі Бог і лепшая частка нашага народу! Пакуты за праўду ачышчаюць чалавека, робяць яго больш мудрым, справядлівым, а ўрэшце рэшт — моцным. Улада цемры спраўляе баль, але гэтая ўлада — часовая. Бог і Праўда ўсё роўна перамогуць. І тыя, хто прыняў пакуты за сьвятыя каштоўнасьці, будуць узнагароджаны".

Падобныя словы падтрымкі тым людзям, якія цярпяць за свае палітычныя перакананьні, выказваюць і сотні іншых нашых слухачоў, якія пішуць на "Свабоду" лісты, тэлефануюць, пакідаюць свае водгукі на інтэрнэт-старонцы нашага радыё.

Многія задаюць пытаньне: якія санкцыі, якія звароты міжнароднай супольнасьці альбо акцыі беларускай апазыцыі здольныя прымусіць беларускі рэжым аслабіць абцугі рэпрэсій і вызваліць палітвязьняў. Калі чытаеш такія лісты, то разумееш: ад санкцый гэты рэжым можа адмахнуцца, заявы праігнараваць, апазыцыю задушыць АМАПам і КДБ. А вось людзкое спачуваньне бязьвінна пакараным, людзкую салідарнасьць, якая вельмі хутка здольная перарасьці ў нянавісьць і пратэст супраць тых, хто чыніць несправядлівасьць і гвалт — не праігнаруеш і не задушыш АМАПам.

Аўтар апошняга ў сёньняшнім аглядзе ліста, Іван Знаёмцаў зь вёскі Друцк Талачынскага раёну, разважае пра тое, чаму хакей стаў у Беларусі відам спорту нумар адзін і як да гэтага ставяцца простыя людзі ў ахопленых беспрацоўем рэгіёнах. У сваім лісьце на "Свабоду" слухач піша:

"Усяму свой час, і кожнаму ўзросту — свой занятак. Можа, каму і падабаецца, як чалавек перадпэнсійнага веку ганяе клюшкай шайбу па лёдзе. Ну што кепскага, што ён напоўніцу кампэнсуе тое, чаго ня мог атрымаць у маленстве? Яно так, калі б гэтае ягонае захапленьне не распаўсюджвалася на эканоміку і фінансы дзяржавы. У нас маленькая і ня самая багатая краіна, а лядовыя палацы будуем так, нібы мы Нарвэгія ці Канада... У гэтую забаву кідаюцца мільярды рублёў — і не асабіста прэзыдэнцкіх, а народных. Хакею ўсё больш, а жыхароў у Беларусі ўсё менш. За гады, так бы мовіць, "спартыўнага" кіраваньня насельніцтва зьменшылася на 700 тысяч чалавек. Людзі паміраюць рана. Хакей фізычна нямоглага чалавека не ўратуе — яму б добры шпіталь, мэдычнае абслугоўваньне. Мала таго, што якаснай і даступнай мэдыцыны ў нас няма, дык яшчэ паўсюль пануе псыхалягічны дыскамфорт. На працы з чалавекам цяпер як абыходзяцца? Толькі і чуеш: "Ня нравіцца ў нас — ухадзі с работы, увальняйся! За тваёй сьпіной дзесяць работнікаў у вочарадзі стаяць!" І гэта праўда. Колькасьць працоўных месцаў мінімальная, а колькасьць прэтэндэнтаў — максымальная. Вось начальства і казырае гэтым.

Увогуле, беспрацоўе ў нас, асабліва ў правінцыі, — вялізнае. Сотні тысяч беларусаў зарабляюць на жыцьцё на будоўлях у Падмаскоўі, на так званых "шабашках". Добрыя заробкі ў Беларусі толькі ў чыноўнікаў ды "мянтоў"
.

Думаю, спадар Іван, вы агучылі тое стаўленьне да так званай "хакейнай ліхаманкі", якое сёньня ўласьцівае многім у Беларусі. Улада, відавочна, адчувае гэтыя зьмены грамадзкай думкі. Наўрад ці выпадкова тое, што падчас мінулай выбарчай кампаніі прэзыдэнт Лукашэнка свае дасягненьні ў будаўніцтве новых лядовых палацаў асабліва не афішаваў, новых арэнаў не адкрываў. Хоць тое зусім не азначае, што ў гэтай справе нешта зьмянілася: масавае маштабнае будаўніцтва хакейных аб'ектаў у Беларусі не спыняецца — нягледзячы на вялікія фінансавыя праблемы.

Іншая справа — праблема беспрацоўя. Паводле афіцыйнай статыстыкі, гэтай праблемы ў Беларусі ўвогуле не існуе: колькасьць людзей, якія ня маюць працы, вымяраецца нібыта мізэрнай лічбай — менш як адзін працэнт. Ніводная разьвітая краіна сьвету ня можа пахваліцца такім дасягненьнем. Але ж людзі ведаюць сапраўдную цану гэтай лічбе. Улада лічыць толькі тых беспрацоўных, якія афіцыйна рэгіструюцца на біржы. А каб яны не рэгістраваліся, дапамогу па беспрацоўі зрабілі проста сьмешнай — нешта каля 15 даляраў на месяц. Гэта — абсалютны эўрапейскі рэкорд. Пры гэтым афіцыйна беспрацоўнага могуць яшчэ накіраваць на абавязковыя грамадзкія працы — прыбіраць на вуліцы сьнег ці сьмецьце...

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.


Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG