Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анастасія Валачкова абураная "Адзінай Расеяй"


Анастасія Валачкова на сьвяткаваньні свайго 35-годзьдзя
Анастасія Валачкова на сьвяткаваньні свайго 35-годзьдзя
Расейская балерына Анастасія Валачкова ў інтэрвію Расейскай службе Радыё Свабода з абурэньнем выказалася пра партыю "Адзіная Расея", прадстаўнікі якой, паводле яе, падманам схілілі яе падпісаць у 2005 годзе ліст, дзе адмаўляўся палітычны падтэкст справы Хадаркоўскага.

Летам 2005 году ў газеце "Вести" на правах рэклямы зьвіўся "Зварот дзеячоў культуры, навукі, прадстаўнікоў грамадзкасьці ў сувязі з прысудам, вынесеным былым кіраўнікам нафтавай кампаніі ''ЮКАС''. Пад лістом стаялі подпісы вядомых рэжысёраў, сьпевакоў, спартоўцаў, вучоных.

Сярод іх - Георгі Грэчка, Аляксандар Калягін, Станіслаў Гаварухін, Анастасія Валачкова, Валянцін Юдашкін, Аліна Кабаева, Аляксандар Розэнбаўм. Усе яны ў катэгарычнай форме адмаўлялі палітычны падтэкст гучнага судовага працэсу і падкрэсьлівалі справядлівасьць прысуду. Ліст зьявіўся пасьля таго, як іншыя дзеячы культуры запатрабавалі прызнаць Міхаіла Хадаркоўскага "палітвязьням". Хто менавіта напісаў тэкст звароту і кім была ініцыяваная яго публікацыя ў прэсе - так і засталося загадкай.

У прыватнасьці, у звароце гаварылася: "... А ці так тыя, хто ўвесь час кажа аб несправядлівасьці, клапоцяцца аб захаваньні правоў абвінавачаных? Ці яны перасьледуюць іншыя інтарэсы, калі дазваляюць сабе ігнараваць той факт, што нявыплата падаткаў у Расеі, як і ў любой нармальнай краіне, лічыцца адным з самых сур'ёзных правапарушэньняў? "

Празь пяць з паловай гадоў пасьля гэтай публікацыі карэспандэнт Радыё Свабода Мумін Шакіраў пацікавіўся ў некаторых з 50 падпісантаў, ці не зьмянілася іх стаўленьне да справы Хадаркоўскага пасьля другога судовага працэсу.

Першы суразмоўца - былая балерына Вялікага тэатру, а цяпер аўтар ўласных шоў Анастасія Валачкова. Вось як яна ацэньвае гэтую сытуацыю сёньня:

Анастасія Валачкова пра "Адзіную Расею"


Валачкова: Незадоўга да дня свайго юбілею я адкрыла свой блог. Я прыняла для сябе рашэньне казаць праўду, і, зайшоўшы ў мой блог, вы гэта ўбачыце. Аднойчы людзі з "Адзінай Расеі" - гэта г<...>, у якое я мела неасьцярожнасьць уступіць, яны прымусілі мяне падпісаць такі дакумэнт недарэчны, які як мне растлумачылі, быў у абарону Хадаркоўскага, што на месцы Хадаркоўскага павінны быць іншыя людзі. І - "падпішы, калі ласка, ліст". Я падпісала.

А потым, калі на мяне абрынулася ўся краіна з прэтэнзіямі, што я супраць Хадаркоўскага, вы ведаеце, я плакала, таму што мяне рэальна падманулі. І, можа быць, гэта тая прычына, дарэчы, па якой я хачу цяпер выйсьці з гэтай я<...> партыі "Адзіная Расея" - таму што там няпраўда, і таму што мяне проста падманулі. На самой справе я вельмі паважаю Хадаркоўскага, таму што ён вельмі вялікую ўвагу надаваў і людзям, і дзецям, і мне вельмі шкада маму Хадаркоўскага. І ведаеце, каго мне шкада? Мне шкада тых людзей, якія зрабілі так, каб яму цяпер было дрэнна, таму што вось гэты вэрдыкт, які людзі вынесьлі, гэта вынесьлі людзі нікчэмныя, якія да гэтага часу не навучыліся валодаць сабой, але ім здаецца, што яны могуць валодаць сьветам.

РС: А чаму вы раней аб гэтым не заяўлялі, што вы шкадуеце аб гэтым учынку?

Валачкова: Ведаеце, чаму вы ўнікальныя? Таму што вы задаяце пытаньні, якія рэальна сёньня хвалююць мяне. Я проста ніколі не сустракала такіх людзей, якія задаюць пытаньні менавіта такога характару. Мне задаюць пытаньні: чаму вы агалілі свае грудзі ці чаму вялікая і тоўстая? Хоць я і не вялікая, і ня тоўстая. Гэта бачыла ўся краіна. Я заўсёды лічыла, што лепш быць чалавекам тактоўным, інтэлігентным. А падтрымліваць гэтую хлусьню, якую сёньня нам на вушы вешае наша ж улада ... І менавіта таму, што я чалавек сумленны, адкрыты, я вельмі небясьпечны чалавек для ўлады па той прычыне, што я заўсёды кажу праўду і я гэтую праўду адстойваю ... І я магу сказаць, што я абараняю Міхаіла Хадаркоўскага ад сэрца, ад душы сёньня, як чалавек, якога проста "напарылі".

РС: Калі вы падпісвалі "ліст 50", не знайшлося людзей побач, хто мог бы вас адгаварыць, параіць?

Валачкова: Гэта зрабіла партыя "Адзіная Расея", куды я мела неасьцярожнасьць уступіць у 2003 годзе. А калі вы паглядзіце маю гісторыю, калі прачытаеце маю кнігу, вы зразумееце, што мне наогул было тады не да лістоў. Я лідэру партыі (ня буду казаць, хто тады ім зьяўляўся) сказала: "Я чалавек няўдалы. У вас партыя пасьпяховых людзей ...". А я была няўдалая на той момант, проста бог надзяліў мяне мазгамі, розумам і пачуцьцём незалежнасьці. Але тады мяне проста падманулі. Больш таго, я шчасьлівая, што я не прыцягнула туды вялікіх дзеячоў, якіх мяне папрасілі прыцягнуць. Проста ў мяне рэальна былі тады іншыя праблемы, у 2003 годзе мне важна было выратаваць сваё жыцьцё, жыцьцё маёй мамы, на якую заводзіў крымінальную справу чалавек з грашыма, які зьяўляецца таксама сябрам партыі "Адзіная Расея", чаму я і хачу выйсьці з гэтага г<...>, разумееце?

* * *
Ужо пасля таго, як Анастасія Валачкова дала інтэрвію карэспандэнту РС, у яе блогу зьявілася заява аб выхадзе з партыі "Адзіная Расея".

Нагадаем, што ў 2003 годзе, калі ў балерыны адбыўся канфлікт з кіраўніцтвам маскоўскага Вялікага тэатру, які закончыўся яе звальненьнем, Аляксандар Лукашэнка затэлефанаваў ёй, запрапанаваўшы сваю падтрымку і дапамогу. Валачкова тады прыняла прапанову прыехаць з сольным канцэртам у Менск і ў сваіх публічных выступах не шкадавала на адрас Лукашэнкі словаў самай гарачай падтрымкі. Аднак сам Лукашэнка пакінуў балерыну без увагі і нават не прыйшоў на сольны канцэрт, які адбыўся ў сьнежні 2003, а перад тым тры месяцы адкладаўся з-за занятасьці кіраўніка Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG