Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка цураецца Эўропы і настальгуе па малой радзіме


Уладзімер Матусевіч

Уладзімер Матусевіч

Чаму Аляксандар Лукашэнка за паўтара дзясятка гадоў ва ўладзе так і ня здолеў інтэгравацца ў сьвет агульнаэўрапейскіх каштоўнасьцяў? Што замінае беларускаму кіраўніку прыняць нормы цывілізаваных паводзінаў? Адзін зь першых беларускіх фэрмэраў Уладзімер Матусевіч вырашыў на ўласныя вочы пабачыць, якія адметнасьці сваёй малой радзімы Лукашэнка прынёс у вялікую палітыку.

Двойчы на год Уладзімер Матусевіч зь вёскі Мацкі пад Менскам робіць шматкілямэтровыя велапрабегі. Экстрэмальнае захапленьне мае даўнія традыцыі – верхам на ровары дасьледаваны краіны Балтыі, Расея, Украіна. Натуральна ж, і Беларусь.

Падчас адной з апошніх вандровак спадар Матусевіч наведаў радзіму Аляксандра Лукашэнкі – вёску Александрыя на Магілёўшчыне. Ехаў з канкрэтнай мэтай – хай сабе збольшага і павярхоўна, але паспрабаваць разабрацца: ці мог, прыкладам, ён быць падобны да Лукашэнкі, калі б нарадзіўся ў гэтых мясьцінах? Пагатоў стартавы капітал практычна той самы: узрост, бедната ў дзяцінстве, бацькі працавалі ў калгасе, калгасныя рэаліі і г.д.:

“Я езьдзіў у Магілёўскую вобласьць, заяжджаў на Смаленшчыну, параўноўваў, як жывуць людзі. Атрымалася вельмі зьмястоўнае падарожжа. І, натуральна ж, захацеў паглядзець – адкуль родам Лукашэнка, зь якой ён вёскі? Сам сабе падсьвядома крыху ўяўляў, дзе такі чалавек можа нарадзіцца, але вырашыў падмацаваць ўяўленьні рэаліямі. То бок адкуль выйшаў чалавек з такім характарам, з такой манерай паводзінаў? Зьезьдзіў у ягоную Александрыю, палюбаваўся малой радзімай, паглядзеў, як людзі жывуць…”

Карней: "І як? Зразумелі, чаму ён такі, чаму менавіта з гэтых мясьцінаў?".
У яго дагэтуль захаваліся тыя старыя крыўды...

Матусевіч: “У прынцыпе, так. Перадусім чалавек зь беднай сям'і: нічога асабліва добрага ў жыцьці ня бачыш. Я, дарэчы, таксама з такой жа беднай сям'і, ведаю, з чым даводзілася сутыкацца. Але ён яшчэ і зь няпоўнай сям'і, маці-адзіночка яго выхоўвала ў калгасе, цяжка было. І ў яго дагэтуль захаваліся тыя старыя крыўды, бо ён жа сам расказваў, як іх крыўдзіў калгасны брыгадзір – то каня не даваў, то яшчэ нешта. Ён ведае гэтае жыцьцё з самых нізоў і, адпаведна, ведае, што падабаецца простаму чалавеку. Вось таму так пасьпяхова і карыстаецца гэтымі ведамі, бо пакрыўджаных якраз сярод простых людзей у нас, на жаль, многа”.

Карней: "То бок размаўляе зь імі цалкам на адной мове…"

Матусевіч: “Так. Чаму ж ягоны асноўны электарат – гэта вёска, людзі, ня будзем іх крыўдзіць, але ж, аб'ектыўна кажучы, ніжэйшай ступені ў сацыяльнай герархіі. Таму што ён сапраўды іх ведае знутры і ў пэўным сэнсе імі ўдала маніпулюе”.

Карней: "Нейкія сьведчаньні станаўленьня Лукашэнкі там захаваліся?"
Цяпер ён спаўна ўкладае ў сваю Александрыю, хоча неяк аддзякаваць сваім землякам...


Матусевіч: “Хаты яго там няма, але я паглядзеў суседзкую – маленькая такая хатка, у маёй вёсцы таксама такія яшчэ ёсьць. Дык вось з такой хаткі і Лукашэнка выйшаў. Хоць цяпер ён спаўна ўкладае ў сваю Александрыю, хоча неяк задобрыць сваіх землякоў. Увогуле нават не задобрыць, а аддзякаваць. Прынамсі я гэта яскрава адчуў. Ёсьць Александрыя як бы старая і новая. Дык вось да новай Александрыі ехаў празь вялізны мост, кінуты цераз Дняпро. Навокал – ні душы. Вырашыў праверыць, ці езьдзіць тут хто ўвогуле? Пакуль стаяў хвілін дзесяць, ніводная машына праз мост не праехала. Так, ён дарагі мост, але нават эканамічна не абгрунтавана, што яго там пабудавалі. Але ж Лукашэнка яго збудаваў толькі таму, што гэта ягоная радзіма.

Ці яшчэ. Пад'яжджаю (у мяне нават здымак такі ёсьць), а каля спартыўнага комплексу пасьвіцца карова. Позьняя восень, а на траўніку каля дарагога комплексу ходзіць сабе карова. Альбо такі прыклад. Сучасны гатэль. Там шмат цяпер сумесных прадпрыемстваў, працуюць літоўцы, латышы. І вось, каб ім было дзе спыніцца, збудавалі эўрапейскі трохзоркавы гатэль. Я там, дарэчы, таксама пераначаваў.

А калі сказаў, што хачу паглядзець, дзе Лукашэнка нарадзіўся, мне сказалі – гэта адсюль далёка, яшчэ 3 кілямэтры. І вось ужо ў цемры пайшоў у бок, дзе на ўсё неба стаіць зарыва. Аказваецца, ставяць аб'ект "Баня". У вёсцы на просьбу александрыйцаў будуюць вялізную лазьню".

Карней: "Значыць, народ усё ж застаўся, калі нехта мыцца зьбіраецца?"
Мясцовых засталося зусім мала, вёска вымірае ўшчэнт...

Матусевіч: "Нібыта так, але вось пачынаеш пытаць у людзей дарогу – як куды праехаць – то чуеш амаль адно і тое ж: а я не мясцовы, я не адсюль. Аж злосьць нейкая бярэ. Пачаў цікавіцца: адкуль жа ты? А вось я з Казахстану прыехаў, а мы вось перабраліся з Баранавіцкага раёну. Ну і сапраўды там даюць жыльлё, добрыя катэджы. Таму і пераяжджаюць з Казахстану дзеці былых цаліньнікаў. А мясцовых засталося зусім мала, вёска вымірае ўшчэнт. І далей па дарозе праяжджаў праз такія вёскі, што раней такога папросту ня бачыў – зусім мёртвыя вёскі".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG