Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Урад не зьвяртаецца да МВФ, бо разумее, што можа атрымаць адмову»


Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

Сёньня кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Крыстофэр Джарвіс сустрэўся з прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясьніковічам. Ці будзе беларускі ўрад выконваць рэкамэндацыю МВФ па стрымліваньні росту заробку? Чаму Менск не зьвяртаўся у МВФ з просьбай аб новых крэдытах? На гэтыя пытаньні адказвае фінансавы аналітык Сяргей Чалы.

Цыганкоў: Найбольш прыкметная заява спадара Джарвіса — пра тое, што МВФ непакоіць, што падвышэньне заробку ў канцы году можа нэгатыўна адбіцца на беларускай эканоміцы. Ці можа беларускі ўрад прыслухацца да гэтых рэкамэндацыяў МВФ? Выбары ўжо прайшлі, чаму б не прыслухацца?

Чалы: Разумееце, усё добра ў пару. Пра гэта трэба было папярэджваць год таму і рабіць гэтае стрымліваньне год таму. Бо праблема зараз ня ў тым, што не павышаць заробкі, а ў тым, што рабіць з тым ростам даходаў, які адбываўся практычна ўвесь мінулы год.

Праблема зараз ня ў тым, што не павышаць заробкі, а ў тым, што рабіць з тым ростам даходаў, які адбываўся практычна ўвесь мінулы год.
І зараз ніяк адкаціць гэта назад паводле палітычных прычынаў урад ня можа. Нават дэвальвацыя не дапаможа, бо абяцалі даходы насельніцтва ў далярах замест таго, каб абяцаць у рублях. Так што чыста рытуальна гэтыя заявы — правільныя. Іншая справа, што пераўтварыць іх у нейкую канкрэтную эканамічную палітыку не ўяўляецца магчымым.

Цыганкоў: Кіраўнік місіі МВФ таксама заявіў, што беларускі ўрад не зьвяртаўся з просьбай аб новай праграме па атрыманьні крэдытаў. Пра што гэта сьведчыць? Ці беларускія ўлады знайшлі новыя, больш прывабныя крыніцы крэдытаваньня эканомікі — эўрабонды, Кітай і гэтак далей?

Чалы: Вядома ж, не. Больш танных грошай, чым тыя, якія мы маглі б знайсьці ў праграме МВФ, мы ня знойдзем у любым выпадку. Тыя камэрцыйныя пазыкі, якія мы зараз атрымліваем, напрыклад, ад эўрабондаў — яны, вядома ж, даражэйшыя.

Тое, што Беларусь не зьвярталася да МВФ, ня трэба разумець так, што Менску не патрэбныя грошы. Грошы, канечне, патрэбныя, але мы ўжо саромеемся зьвяртацца ў МВФ пасьля таго, як у папярэдняй праграме практычна ня выканалі нічога з ключавых умоваў праграмы.

Цыганкоў: Іншымі словамі, беларускі ўрад разумее, што калі б зараз зьвярнуўся ў МВФ, то, найхутчэй, атрымаў бы адмову?

Чалы: Баюся, што так.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG