Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа робіць «інвэстыцыі» у дэмакратыю на Беларусі


Агульная сума дапамогі краінаў Эўразьвязу і іншых донараў беларускай грамадзянскай супольнасьці складзе блізу 120 мільёнаў даляраў. Пра гэта было заяўлена на адмысловай канфэрэнцыі ў Варшаве. Мерапрыемства, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі каля 40 краінаў, было зладжанае, каб абмеркаваць павелічэньне фінансавай дапамогі грамадзянскай супольнасьці Беларусі пасьля жорсткага разгону мірнай акцыі пратэстаў у Менску 19 сьнежня.

Камісар Эўразьвязу ў пытаньнях пашырэньня і Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва Штэфан Фюле заявіў пра значнае павелічэньне дапамогі Эўразьвязу на незалежныя СМІ, стыпэндыяльныя праграмы і грамадзкія ініцыятывы ў Беларусі. Паводле яго слоў, толькі на гэтыя мэты эўрапейская дапамога ўзрасьце з 4 да амаль 16 мільёнаў эўра. Усяго ж памер заплянаваных «інвэстыцыяў» у дэмакратыю ў Беларусі перавысіць 87 мільёнаў эўра.

Уражаньнямі ад канфэрэнцыі дзеліцца ўдзельнік імпрэзы, моладзевы актывіст Франак Вячорка:

Франак Вячорка
«Галоўнай мэтай канфэрэнцыі было выпрацаваць палітыку ўзаемадзеяньня паміж установамі, фундацыямі, арганізацыямі ў Эўропе, у ЗША і ў Беларусі. Прысутнічалі міністар замежных спраў Польшчы Сікорскі, камісар Фюле, рэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Міхайлаў, кіраўнік праграмы Каліноўскага Ян Маліцкі, кіраўнікі „Белсату“, а таксама радыёстанцый, якія вяшчаюць на Беларусь. Гаворка ішла, коратка кажучы, — якім чынам дапамагаць беларускай апазыцыі. Прагучала шмат прапановаў, шмат новых ідэяў, але асноўнае — гэта падтрымка адлічаных студэнтаў і рэпрэсаваных актывістаў апазыцыі, а таксама незалежных мэдыяў».

Карэспандэнт: «Фігуравала розная сума дапамогі. Якія ўвогуле канчатковыя лічбы?»

«Увогуле фігуравала шмат розных лічбаў — ад 10 мільёнаў ажно да 80 мільёнаў. Па розных каналах будуць выдзяляцца розныя грошы. Гэтыя грошы будуць ісьці на падтрымку грамадзкіх арганізацый і СМІ, якія працуюць у Беларусі. Падобная падтрымка была 5-7 гадоў таму, але сказаць, што гэта нейкія неверагодныя, нерэальныя лічбы, то гэта няпраўда».

Адкрываючы канфэрэнцыю «Салідарнасьць зь Беларусьсю», міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі жорстка заявіў: уладам Беларусі рана ці позна давядзецца ратавацца ўцёкамі ад уласных грамадзянаў. У сваю чаргу, выступіўшы ад імя беларускіх дэмакратычных сілаў, кіраўнік руху «За Свабоду!» Аляксандар Мілінкевіч заклікаў міжнародную супольнасьць прытрымлівацца адзінай і цьвёрдай пазыцыі ў кантактах з афіцыйным Менскам. Як кажа Франак Вячорка, пакуль цяжка казаць пра адзінства ўсіх краінаў Эўразьвязу, але прынамсі пазыцыя Варшавы ў гэтым пытаньні адназначная:

«Я ўвогуле цешуся, бо мне вельмі спадабаўся выступ Сікорскага. Прынамсі, гэта сьведчыць пра тое, што ня будзе ўжо ніякай спробы прымірыцца з дыктатарам. Хоць я і расчараваны ўчорашнім рашэньнем Рады міністраў замежных спраў аб толькі частковых санкцыях у адчыненьні да Лукашэнкі. Але сёньняшняя заява Сікорскага гаворыць пра тое, што Польшча будзе галоўным лябістам беларускага дэмакратычнага руху ў Эўропе і будзе выключна пашыраць незалежніцкія праекты. Я спадзяюся, што да пазыцыі Сікорскага далучацца таксама міністры замежных спраў Нямеччыны, Швэцыі, Чэхіі і іншых краінаў Эўразьвязу».

Некаторыя прадстаўнікі беларускіх няўрадавых арганізацый заклікаюць краіны-донары больш уважліва ставіцца да разьмеркаваньня сродкаў. Вось што гаворыць яшчэ адзін удзельнік сёньняшняга мерапрыемства ў Варшаве, кіраўнік камітэту ў абарону зьняволеных «Над бар’ерам» Цімафей Дранчук:

Цімафей Дранчук
«Я чуў розныя лічбы па кавалках, калі выступалі прадстаўнікі розных краінаў. Але што крыху засмуціла многіх прадстаўнікоў беларускага боку, дык гэта тое, што некаторыя краіны надаюць занадта вялікую ўвагу Эўрапейскаму гуманітарнаму ўнівэрсытэту. То бок, вялікую долю сваёй фінансавай падтрымкі хочуць пусьціць менавіта на ЭГУ. Я разумею, што навуку, вучобу трэба падтрымліваць, але варта ўлічваць, што, па-першае, ЭГУ не заслужыў статус таго ўнівэрсытэту, якія можа дапамагаць людзям, якія пазбаўленыя магчымасьці вучыцца ў Беларусі (большасьць актывістаў усё ж едзе вучыцца ў Польшчу па праграме Каліноўскага). А па-другое, перавагу ў такой цяжкай сытуацыі, якая існуе ў Беларусі, трэба ўсё ж аддаваць прыярытэт працы ўнутры краіны, а пасьля ўжо тым праектам, якія зьдзяйсьняюцца па-за межамі Беларусі».

На намер Эўразьвязу істотна падвысіць фінансавую дапамогу для беларускай дэмакратычнай супольнасьці апэратыўна адрэагавала Міністэрства замежных спраў Беларусі. У распаўсюджанай заяве прадстаўніка зьнешнепалітычнага ведамства Андрэя Савіных, у прыватнасьці, гаворыцца:

«Захады нашых эўрапейскіх калегаў выклікаюць сур’ёзнае неразуменьне. Перш за ўсё, дадзенае мерапрыемства нельга назваць канфэрэнцыяй для Беларусі. Яно праходзіць без удзелу законных прадстаўнікоў Беларусі і без уліку афіцыйнай пазыцыі дзяржавы. Такім чынам, гэтае мерапрыемства праводзіцца дзеля падтрымкі асобных маргінальных грамадзкіх груповак у Беларусі, якія не падтрымліваюцца беларускім грамадзтвам».

Паводле МЗС Беларусі, мерапрыемства носіць яскрава «правакацыйны характар»: «Палітыка штучнага вырошчваньня звонку грамадзянскай супольнасьці ў адрыве ад дыялёгу з законнымі ўладамі — правальная і небясьпечная палітыка. Досьвед правядзеньня такога кшталту сацыяльных экспэрымэнтаў з усёй відавочнасьцю пацьвярджае, што яны вядуць толькі да хаосу дэстабілізацыі і гавораць аб безадказнасьці іх арганізатараў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG