Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў зьдзіўлены тым, што адбываецца ў Беларусі пасьля выбараў


Дзьмітрый Мядзьведзеў

Дзьмітрый Мядзьведзеў

Прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Дзьмітры Мядзьведзеў даручыў кіраўніцтву Міністэрства замежных спраў улічваць у сваёй пазыцыі думку праваабаронцаў адносна падзеяў у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

«Хачу, каб усе нашы беларускія сябры, у шырокім сэнсе гэтага слова, ведалі маю пазыцыю, бо мяне таксама зьдзіўляе тое, што там адбылося. Я даў даручэньне, каб на ўсе аргумэнты зьвярнула ўвагу Міністэрства замежных спраў пры выпрацоўцы дыпляматычнай пазыцыі Расейскай Фэдэрацыі ў цэлым», — заявіў Мядзьведзеў падчас пасяджэньня Рады ў разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі.

Пры гэтым расейскі лідэр адзначыў, што яго выказваньні па гэтай тэме маглі быць «менш дыпляматычнымі», калі б ён з самага пачатку не паабяцаў, што поўная стэнаграма пасяджэньня будзе апублікавана на сайце кіраўніка дзяржавы: «Вы ўсё ж не забывайце, вы — праваабаронцы, а я — кіраўнік краіны».

Што да сваёй пазыцыі адносна разьвіцьця палітычнага ладу ў Беларусі, то Мядзьведзеў прапанаваў прававабаронцам і грамадзкім дзеячам зьвярнуцца да ягонага блогу: «Я, па-мойму, там вельмі адкрыта выказаўся па цэлым шэрагу момантаў, зьвязаных з тым, як разьвіваецца палітычнае жыцьцё ў Беларусі. Хачу вам сказаць, што пасьля выбараў я сваей пазыцыі не зьмяніў», — падкрэсьліў Мядзьведзеў.

Сяргей Лаўроў
У сваю чаргу, кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што Масква не падтрымлівае санкцыі, уведзеныя Эўразьвязам і ЗША супраць кіраўніцтва і чыноўнікаў Беларусі, аднак масавыя арышты пасьля выбараў зьяўляюцца непрымальнымі.

«Тое, што адбылося пасьля завяршэньня галасаваньня, зьяўляецца непрымальным. Расея выказалася выразна ня толькі таму, што былі затрыманыя нашы грамадзяне, а таму, што ў цэлым хваля арыштаў ня можа не выклікаць адпаведных эмоцый», — заявіў Лаўроў.

У дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня ў Менску былі затрыманыя каля 700 чалавек, больш за 600 зь іх былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі і буйнымі штрафамі. Сярод арыштаваных былі і 12 грамадзянаў Расеі, якія 29 сьнежня, дзякуючы намаганьням расейскіх дыпляматаў, былі вызваленыя.

Аднак двое — Арцём Брэўс і Іван Гапонаў — неўзабаве былі затрыманыя паўторна, іх абвінавачваюць у арганізацыі «масавых беспарадкаў». Больш за месяц расейцы ўтрымліваюцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG