Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьпіс неўязных: пакараньне ці сродак уплыву?


Абнародаваны сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Паводле якога прынцыпу ён фармаваўся? Чаму такая колькасьць неўязных? Які ўплыў гэта можа зрабіць?

Удзельнікі: палітычны аглядальнік газэты «Беларусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі «БелаПАН» Аляксандар Класкоўскі.

Паўлюк Быкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Валер Карбалевіч


Чаму 157 чалавек?


Валер Карбалевіч: «Найперш пра колькасны склад гэтага сьпісу. Чаму 157? Чаму б не ўключыць, напрыклад, усіх кіраўнікоў участковых выбарчых камісій?»

Паўлюк Быкоўскі: «З надрукаванага сьпісу вынікае, што ЭЗ аднавіў стары сьпіс неўязных 2006 году з 40 чалавек. Частка асобаў з гэтага сьпісу зьмянілі пасады, і гэта часам не пазначана».

Карбалевіч: «У гэтым сьпісе чамусьці няма прозьвішча Юрыя Сівакова».

Быкоўскі: «Сівакоў, напэўна, быў у нейкім іншым дакумэнце. І ня трапіў у гэты сьпіс, магчыма, праз тэхнічную памылку.

І да старога сьпісу дададзены новы сьпіс з 117 чалавек.

Калі параўноўваць гэтыя два сьпісы, то, падобна, іх стваралі розныя арганізацыі ці асобы. Бо першы сьпіс утрымліваў трансьлітарацыю прозьвішчаў на беларускую мову, некалькі варыянтаў гэтых прозьвішчаў лацінкаю. А ў другім сьпісе магчымыя памылкі, разыходжаньні з пашпартнымі дадзенымі».

Карбалевіч: «Вось прозьвішча кіраўніка Службы бясьпекі прэзыдэнта пазначана Цюрын, а насамрэч ягонае прозьвішча — Уцюрын (па-расейску Втюрин)».

Быкоўскі: «Гэты сьпіс надрукаваны на мовах краінаў ЭЗ, і там магчымыя яшчэ варыянты».
Тут, магчыма, кіраўніцтва Беларусі падумае, што ЭЗ даў слабіну, таму можна накідаць сваю гульню.

Аляксандр Класкоўскі: «Гэтая колькасьць выпадковая. Магло быць болей ці меней. Сьпіс носіць пячатку брусэльскага бюракратызму. Ёсьць момант фармальнага падыходу, пасьпешлівасьці.

Вострая рэакцыя эўрапейскіх палітыкаў на падзеі 19 сьнежня прымушала думаць, што ў гэтым сьпісе будзе некалькі тысяч прозьвішчаў. А атрымаўся зь вялікага грому малы дождж.

Брусэль, з аднаго боку, хацеў прадэманстраваць нейкую прынцыповасьць. А зь іншага боку, хацеў не перагнуць палку. Каб, як сказаў Мілінкевіч, пакінуць калідор для беларускіх уладаў. Але тут, магчыма, кіраўніцтва Беларусі падумае, што ЭЗ даў слабіну, таму можна накідаць сваю гульню».

Падыходы пры стварэньні сьпісу


Карбалевіч: «Які прынцып закладзены ў аснову гэтага сьпісу?»

Быкоўскі: «Гэта сродак маральнага ціску на беларускую эліту. Іншая справа, якое тэхнічнае выкананьне гэтай ідэі. Ня ўпэўнены, што падобнае рашэньне можна зрабіць дасканалым, з улікам таго, што яго прымаюць прадстаўнікі 27 краін. Тут ёсьць элемэнт пасьпешлівасьці і выпадковасьці.

Ёсьць пытаньні. Напрыклад, рэктар БДУ Абламейка заявіў, што нікога з унівэрсытэту за падзеі 19 сьнежня адлічаць ня будуць. Тым ня менш ён, адзіны з рэктараў, трапіў у гэты сьпіс.

Іншая рэч, што гэтыя санкцыі раней сам ЭЗ не выконваў. То нехта Зімоўскага бачыў у Літве. То міністра ўнутраных спраў запрашалі на канфэрэнцыю ў эўрапейскую краіну.

Дарэчы, у прэамбуле гэтага дакумэнта сказана, што асобы, якія лічаць, што пакрыўджаныя несправядліва, могуць апэляваць да кіраўніцтва ЭЗ, пераконваць у памылцы».

Класкоўскі: «Паводле духу і ідэі гэтага рашэньня ў сьпісе павінны быць людзі, адказныя за фальшаваньне выбараў і рэпрэсіі. Аднак гэты прынцып там пасьлядоўна не вытрымліваецца. Бо мы там бачым прозьвішчы людзей, якія знаходзяцца ў адстаўцы і ня маюць дачыненьня да прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году. Зразумела, калі прытрымлівацца прынцыпу „ніхто не забыты і нішто не забыта“, то гэта нейкае маральнае значэньне мае. Але гэта ў пэўным сэнсе выпустошвае ідэю.

Трэба даваць камэнтар, чаму менавіта гэтыя людзі трапілі ў гэты сьпіс. Напрыклад, чаму туды трапіў галоўны доктар бальніцы хуткай дапамогі».

Карбалевіч: «Хоць рэктар БДУ Абламейка казаў, што ня будуць выключаць студэнтаў, насамрэч такое выключэньне з палітычных матываў адбываецца.

А галоўны доктар бальніцы хуткай дапамогі спачатку заяўляў, што ў Някляева страсеньне мозгу і яму патрэбна шпіталізацыя. А потым, калі прыйшлі супрацоўнікі КДБ і забралі кандыдата ў прэзыдэнты за краты, памяняў дыягназ, казаў, што яго стан здавальняючы, яго можна забіраць з бальніцы. Гэта парушэньне ня толькі мэдыцынскай этыкі, але і беларускага заканадаўства».

Класкоўскі: «Аднак гэта трэба тлумачыць шырокай публіцы. Бо той самы галоўны доктар ужо пасьпеў даць інтэрвію праўладным агенцтвам — свой камэнтар, дзе назваў гэта глупствам. І афіцыйная прапаганда будзе даводзіць абывацелям: глядзіце, яны ўжо дактароў у чорны сьпіс унесьлі, хутка выхавальніц дзіцячых садоў будуць караць. Таму патрэбнае прапагандысцкае забесьпячэньне гэтага рашэньня».

Які ўплыў можа зрабіць публікацыя гэтага сьпісу?


Карбалевіч: «Які рэальны ўплыў можа зрабіць гэты сьпіс? Гэта проста сымбалічны жэст, сродак маральнага асуджэньня? Ці гэта можа быць сродкам рэальнага ўзьдзеяньня на намэнклятуру? Ці будуць баяцца чыноўнікі ладзіць рэпрэсіі?»

Быкоўскі: «Можна доўга спрачацца наконт эфэктыўнасьці гэтых санкцый. Мне вядома, што беларуская дыпляматыя імкнулася не дапусьціць, каб у гэтым сьпісе неўязных зьявіўся Лукашэнка. Вось санкцыі ЗША адносна канцэрну „Белнафтахім“ — гэта важна».

Класкоўскі: «Было б наіўна чакаць, што нехта з кіроўнай вярхоўкі пасыпле галаву попелам, пакаецца, скажа, што я перавыхаваўся. А Лукашэнку можна пакатацца на лыжах не ў Эўропе, а ў Азіі.

А асобы, якія трапілі ў сьпіс, будуць маўчаць у анучку. Урэшце, іх думка нікога не цікавіць. Таму нейкіх непасрэдных наступстваў цяжка чакаць.

Але гэтым рашэньнем Эўропа дэманструе непрыманьне дзеяньняў беларускага рэжыму. І гэта стварае дыскамфортны для Лукашэнкі і ягонага атачэньня фон. Тым больш што маральны і матэрыяльны чыньнік зьвязаныя. Гэта адаб’ецца і на інвэстыцыях. Але ківаць на Эўропу няправільна. Усё ж такі лёс Беларусі павінен вырашацца тут, у краіне».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG