Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр беларускі эміграцыйны гісторык Павал Урбан


У Мюнхене на 87-м годзе жыцьця памёр беларускі гісторык, актыўны дзяяч эміграцыі, колішні супрацоўнік Радыё Свабода Павал Урбан.

Павал Урбан Нарадзіўся 27 сакавіка 1924 г. у вёсцы Закаліўе на Лепельшчыне, у шматдзетнай сялянскай сям’і. Ягоны бацька як хутаранін і гаспадар на 9 гектарах зямлі ў пэрыяд калектывізацыі быў залічаны ў катэгорыю „кулакоў” й арыштаваны для вывазу.

Пасьля вайны Урбан апынуўся ў лягерах для перамешчаных асобаў у Нямеччыне, там скончыў беларускую гімназію, у 1948 годзе разам зь сябрамі зь легендарнай „Дванаццаткі” выехаў у Вялікабрытанію, дзе працаваў у вугальных капальнях.

У 1950 г. ён паступіў у Лювэнскі Унівэрсытэт у Бэльгіі, які закончыў у кастрычніку 1954 г. з дыплёмам кандыдата гістарычных навук на падставе дысэртацыі „Вялікае Княства Літоўскае за часоў вялікага князя Аляксандра”. Ад 1956 году працаваў у Інстытуце вывучэньня СССР у Мюнхэне. Ад 1974 да 1989 г. працаваў у беларускай рэдакцыі Радыё Свабода, адкуль выйшаў на пэнсію.

У 1972 выдаў кнігу «У сьвятле гістарычных фактаў», якая сталася адказам на брашуру Л. Абэцэдарскага «У сьвятле неабвержных фактаў» (1969). У гэтай працы П.Урбан палемізаваў з афіцыйнай савецкай гістарыяграфіяй Беларусі.

У 2001 годзе ў Менску выйшла праца П.Урбана «Старажытныя ліцьвіны: Мова. Паходжаньне. Этнічная прыналежнасьць» (2-е выданьне – 2003), прысьвечаная дасьледаваньню этнічнай прыналежнасьці старажытных ліцьвінаў і гістарычнага тэрміну «Літва».

Пра свайго сябра і калегу Паўла Урбана згадвае відны дзяяч беларускай эміграцыі, гісторык Ян Запруднік:

«Цяжкая вестка для мяне пра адыход з жыцьця Паўлюка Урбана, бо мяне зь ім лучыла супольная доля - і ў ангельскіх шахтах і пасьля шахтаў у Бэльгіі, унівэрсытэт і ўсё астатняе. Я трымаў зь ім сталы кантакт.

Паўлюк быў глыбокім беларускім патрыётам. Ён пакінуў па сабе багатую гістарыяграфічную спадчыну - спадзяюся, што яна будзе сабраная ў адзін том і выдадзеная ў Беларусі.

Ягоную характарыстыку можна было б працытаваць зь ліста, напісанага ў травені 1970 году, калі стаяла пытаньне пра будучыню Інстытуту вывучэньня СССР, дзе ён працаваў. Ліст напісаў доктар Шульц, які быў адным з кіраўнікоў Інстытуту, Антону Адамовічу ў Нью-Ёрк, і там ён выказваецца пра Паўлюка Урбана так:

"Урбан працуе рэдактарам нашых біяграфічных даведнікаў і адзначаецца выключнай стараннасьцю, добрасумленнасьцю і цудоўным характарам".

Паўлюк Урбан пакінуў па сабе дачку, былую жонку, памяць пра яго будзе захоўвацца ў нашых успамінах».

Прэзыдэнт Рады БНР Івонка Сурвіла:

«Зь вялікім сумам даведалася я пра сьмерць Паўла Урбана. Ён амаль усё жыцьцё - ад студэнцкіх часоў - быў сябрам Рады БНР. Сапраўдны беларус - сьціплы, вельмі разумны, глыбокі, мала гаварыў, але шмат напісаў вельмі карыснага для нашай краіны. Усе мы вельмі ўражаныя ягонай сьмерцю, хацелася б, каб такія людзі ніколі не паміралі... Хай будзе яму пухам чужая зямля».

Гісторык Генадзь Сагановіч:

З глыбокім жалем даведаўся пра сьмерць Паўлы Урбана, сапраўднага беларускага патрыёта і выдатнага чалавека. Незабыўнымі застануцца сустрэчы зь ім, яго ўспаміны пра перажытае, размовы пра нашыя супольныя клопаты – беларускую гісторыю. Мне пашанцавала ў 1990-х асабіста пазнаёміцца зь ім – нельга было, прыехаўшы ў Нямеччыну, не наведаць такога гісторыка, аўтара слыннай кнігі "У сьвятле гiстарычных фактаў” -- адказу на сумнавядомую брашуру Абэцэдарскага. Для нас, маладзейшых гісторыкаў, імя Паўлы Урбана тады стала ў пэўным сэнсе сымбалічным, -- можа таму падчас асабістых сустрэчаў яго зычлівасьць, адкрытасьць і сьціпласьць так па-чалавечаму краналі! Помню яшчэ, што там, у мюнхенскім доме Урбана, да мяне дайшло, што такое туга беларускага эмігранта па Айчыне: Паўлюк (так ён любіў сам сябе называць) штодня літаральна жыў весткамі зь Беларусі, не пакідаючы хваляў “Свабоды”...

Паўла Урбан быў добрым беларускім гісторыкам, дасьледчыкам шырокіх зацікаўленьняў. Ён пакінуў пасьля сябе больш за сотню публiкацый – шэраг кніг і мноства артыкулаў па розных пэрыядах гiсторыi Беларусi, па складаных пытаньнях гiстарыяграфii i палiтыкi ў БССР, якія павыходзілі ня толькі па-беларуску ў эміграцыйнай пэрыёдыцы, але таксама на ангельскай, нямецкай i францускай мовах. Многія яго працы, не сумняюся, яшчэ будуць выдавацца ў Беларусі.

З гістарыяграфічнай спадчыны Паўлы Урбана мне цяпер найперш згадваецца названая вышэй кніга "У сьвятле гiстарычных фактаў”. З такой дыстанцыі часу лепш бачыцца яе значнасьць – гэта быў бадай першы сыстэматычны выклад поглядаў несавецкага беларускага гісторыка на ключавыя пытаньні айчыннай гісторыі. Гэта было выданьне, якое тады, калі ў нас панавала “абэцэдаршчына”, ратавала гонар беларускай гістарыяграфіі. Гэта быў учынак гісторыка!

Бывай жа, Паўлюк. Сьветлая памяць!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG