Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напісанае засталося

  • Аляксандар Лукашук

Памяці Паўлюка Урбана (1924-2011), гісторыка, супрацоўніка Радыё Свабода.

– Ну вось, зноў нарабілі памылак, глядзі! – Паўлюк азартна працягвае свае нататкі, якія вядзе гадамі, слухаючы эфір “Свабоды”.

Кожнага разу на працягу больш чым пятнаццаці гадоў, калі я завітваю ў яго дом на ўскрайку Мюнхэну, назіраю адну і тую ж карціну: на часопісным століку стос новых кніг, два караткахвалевыя прымачы, старая друкарская машынка, часопісы, лісты. Гаспадар слухае “Свабоду” штодня, робіць запісы і не прапускае магчымасьці пакпіць зь недарэчнасьцяў, але ў цэлым ухваляе.

– Ну вось, глядзі, што прыйшло! – на новую літаратуру, як і на падтрымку навуковых дасьледаваньняў у Беларусі ён ахвяруе палову пэнсіі. На стале ляжаць таўсьценныя фаліянты з гісторыяй Эўропы і старажытнага сьвету на розных мовах, з закладкамі, аўтарскія пазнакі на дзясятках старонак – важна, няясна, спрэчна, недарэчна.

– Ну, гэта мы зараз удакладнім! – у Паўлюка няма кампутара, затое ёсьць бібліятэка, якая займае цокальны паверх, поўная кніг, большасьці зь якіх няма ў інтэрнэце. Даваенныя энцыкляпэдыі, падшыўкі, сотні кніг па-беларуску, расейску, польску, нямецку, рэдкія выданьні – паветра пахне акадэмічнай мудрасьцю.

– Зноў запрашаюць, але не паеду! – Паўлюк – зацяты дамасед. Запросіны на канфэрэнцыі зь цягам часу яму перасталі прысылаць, на беларускія сьвяты яго запрашаюць рэгулярна, але ўжо гадоў дзесяць ён перамагае самых настойлівых і нікуды не выяжджае.

– Янка напісаў, Ірка званіла, Ларыса заходзіла. – Гэтыя трое – яго найбліжэйшае кола зносінаў з навакольным сьветам – не мяняецца з году ў год. Найстарэйшы сябра Янка Запруднік жыве ў Амэрыцы і акуратна шле лісты, дачка Ірына, якой ён ганарыцца больш за свае кнігі, падарожнічае па сьвеце і рэгулярна звоніць, Ларыса Верас, зь якой яны ажаніліся, калі разам працавалі на “Свабодзе”, прыходзіць у адведкі.

– Назьбіраў грыбоў і ўсе выкінуў – радыяцыя! – расказвае Паўлюк, ён любіць самоту і цішыню, да цяжкай апэрацыі штодня гуляў па лесе, але апошнія пару гадоў ужо не рызыкуе выбірацца далёка.

– Куды я паеду, чаго?! Мне вось кнігі прыйшлі, рукапіс скончыць трэба! – кажа, як заўсёды ўпарты, Паўлюк і так і застаецца ў сваёй хаце на ўскрайку Мюнхэну, дзе пад вокнамі квітнеюць ружы, пахне сасна, зелянее яблыня, і ён разгортвае старонкі, запраўляе белы аркуш у друкарку, уключае лямпу і піша, піша, піша...

Напісаў. Засталося.

В.П.
XS
SM
MD
LG