Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцаў ня можа не зьдзіўляць у “неўязным сьпісе” Эўразьвязу прозьвішча Леаніда Лучыны, якое стаіць блізка да пачатку. Сёньня пэнсіянэра, былога дырэктара камбінату будаўнічых матэрыялаў, пяць гадоў таму старшыні абласной выбарчай камісіі.

Цэгла і выбары


Спадара Лучыну з імпэтам назваў аднойчы “унукам Янкі Лучыны” журналіст абласнога тэлебачаньня, забыўшыся, што гэта быў паэтычны псэўданім Івана Неслухоўскага… Леаніда Лучыну прызначылі калісьці кіраўніком выбарчай камісіі “дзеля лібэралізацыі”. Раней, з савецкіх часоў, яе заўжды афіцыйна ўзначальваў адзін з чыноўнікаў аблвыканкаму.

Спадар Лучына па-ранейшаму працягваў выпускаць цэглу ды іншыя будаўнічыя матэрыялы. Рэальнай арганізацыяй выбарчага працэсу як заўжды займаліся чыноўнікі аблвыканкаму, гар- і райвыканкамаў (вядома — якіх канкрэтна службаў), карацей, з савецкіх часоў нічога не зьмянілася. Роля старшыні камісіі, калі гэта не чалавек з вэртыкалі, нагадвае ў нашым выпадку болей ролю вясельнага генэрала.

І раптам спадар Лучына ў 2006 годзе робіцца вядомай на ўсю Эўропу пэрсонай нон-грата, трапіўшы ў адыёзны сьпіс. Некаторыя дэмакратычныя актывісты былі ня проста расчараваныя, яны ня ведалі — плакаць, ці сьмяяцца. Нагадаю: у выбарчую кампанію іх актыўна затрымлівалі, судзілі, штрафавалі, саджалі за краты, перашкаджалі ехаць на плошчу ў Менск. Прозьвішчы міліцыянтаў, якія ў судзе “шчыра” сьведчылі, што актывіст Эн у цэнтры Горадні “брудна лаяўся” або ўвогуле “мачыўся”, добра вядомыя. Прозьвішчы судзьдзяў, якія выдатна разумелі, што ўдзельнічаюць у фарсе, таксама былі надрукаваныя. Аднак пэрсонамі нон-грата яны ня сталі.

Лялькаводы


Леанід Лучына выйшаў на пэнсію ў лістападзе, прэзыдэнцкія выбары адбыліся ў сьнежні, у канцы студзеня яго, паразважаўшы, вырашылі пакінуць у сьпісе неўязных, пазначыўшы насупраць яго прозьвішча пасаду старшыні абласной камісіі, да якой ён даўно ня меў дачыненьня. Зрэшты, прозьвішча новага старшыні камісіі — на выбарах 2010 году таксама ўпісалі.

Што датычыць тых, хто рыхтуе сам выбарчы працэс, яны, як заўсёды, засталіся ў ценю. Зразумела, што ў Эўропе не арыентуюцца ў беларускіх умовах, якія рэальна — гэта захаваныя савецкія. Ім здаецца, што абласны савет кіруе аблвыканкамам, маўляў — прадстаўнічая ўлада зьверху выканаўчай. Але насамрэч наадварот. Ім здаецца, што выбары праводзяць участковыя камісіі, якія складаюць з настаўніц ці з інтэрнацкіх працаўнікоў. Гэта таксама памылка. Ня можа ўлада даручыць такую важную для сябе справу дылетантам, выбары праводзіць заўжды яна сама, вэртыкаль.
  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG