Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэнэсуэла прапаноўвае нафту, якая Беларусі, магчыма, не патрэбная


Амэрыка Дыяс Нуньес

Амэрыка Дыяс Нуньес

Вэнэсуэла сёлета гатовая паставіць у Беларусь 10 мільёнаў тон нафты. Пра гэта сёньня заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску амбасадар Вэнэсуэлы ў Беларусі Амэрыка Дыяс Нуньес. Гэтулькі ж нафты Каракас абяцае Беларусі і ў наступным годзе.

Перавозіць нафту морам з Вэнэсуэлы да чарнаморскіх партоў Украіны — дорага. Выдаткі на транспартаваньне цалкам аплочвае беларускі бок, сказаў амбасадар Нуньес. І таму да двухбаковай нафтавай схемы сёлета далучаецца Азэрбайджан:

«Мы хочам дапамагчы Беларусі ў пакрыцьці транспартных выдаткаў. Каб зрабіць нафту для Беларусі таньнейшай, мы заключылі свопавыя кантракты з Азэрбайджанам. Мы ўлічваем адлегласьць і час. Ад Вэнэсуэлы да ўкраінскіх чарнаморскіх портаў — 13 500 кілямэтраў, а ад Азэрбайджану да іх — 1 300 кілямэтраў. Азэрбайджанская нафта пойдзе ў Беларусь, а Азэрбайджан атрымае такую ж колькасьць „чорнага золата“ ў Вэнэсуэле. І ён можа прадаваць яе куды заўгодна».

Аднак узьнікае пытаньне: ці патрэбна сёлета Беларусі вэнэсуэльская ці азэрбайджанская нафта? Летась, калі Беларусь купляла большую частку расейскай нафты з мытам, сытуацыя была адна. Сёлета, калі Расея зьняла мыта, яна робіцца зусім іншай. І шмат хто з экспэртаў лічыць: для Беларусі выгадней усю нафту купляць у Расеі, як гэта і было шмат папярэдніх гадоў, акрамя мінулага.

Тацяна Манёнак
Эканамічны аглядальнік Тацяна Манёнак кажа: сёньня складана сказаць, які аб’ём расейскай нафты будзе выбіраць Беларусь:

«Таму што дагэтуль невядомы памер так званай прэміі, невядома, ці будуць расейцы працаваць у нас на давальніцкіх умовах, ці не. Некаторыя профільныя экспэрты кажуць, што расейцы вернуцца да працы на давальніцкіх умовах, што выгадна і для Беларусі. Трэба ведаць палітычныя ўмовы, палітычнае закулісьсе, каб усё ўзважыць».

Палітычны аспэкт нафтавага пытаньня Тацяна Манёнак бачыць так: беларускія ўлады павінны вырашыць, што для іх важней — мець таньнейшую расейскую нафту альбо мець ёй альтэрнатыву ў выглядзе азэрбайджанскай і вэнэсуэльскай?

«Калі Беларусь імпартуе вэнэсуэльскую і азэрбайджанскую нафту, яна атрымлівае дадатковы козыр у перамовах з тым жа расейскім бокам. Таму што Беларусь лічыць неабгрунтаванай прэмію, якую вызначаюць расейскія пастаўшчыкі. І яшчэ Беларусь хоча мець дадатковы гарантаваны калідор паставак сыравіны. Бо мне падаецца, што за апошнія гады беларускі бок зразумеў — нельга быць прывязаным да аднаго пастаўшчыка. Лепей, вядома, мець альтэрнатыву».

Адказваючы на пытаньне «Свабоды» пра магчымасьць набыцьця Вэнэсуэлай часткі актываў беларускіх НПЗ, амбасадар Нуньес адказаў, што ў лютым у Каракасе пройдзе паседжаньне беларуска-вэнэсуэльскай гандлёва-эканамічнай камісіі. На ім будзе абмяркоўвацца і гэтае пытаньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG