Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Шэраг краінаў пачалі эвакуацыю сваіх грамадзянаў з Эгіпту, ахопленага хваляй народных пратэстаў супраць рэжыму Мубарака. Аднак беларускія ўлады ў гэтым зьвязку ніякіх захадаў не рыхтуюць і пакідаюць турыстам самім вырашаць — вяртацца дадому датэрмінова ці адпачываць далей. Нагадаем, цяпер на эгіпецкіх курортах знаходзяцца больш за дзьве тысячы грамадзянаў Беларусі.

Хваляваньні ў Эгіпце паступова даходзяць і да ўзьбярэжжа Чырвонага мора. Тут сканцэнтраваныя асноўныя комплексы, у якіх разьмяшчаюцца турысты з усяго сьвету. У прыватнасьці, з Хургады прыходзяць зьвесткі, што калі ўдзень турысты без абмежаваньняў гуляюць па горадзе, то ўвечары адміністрацыя просіць заставацца ў гатэлях. Экскурсійныя праграмы з выездам у Каір, Луксор ды іншыя гістарычныя цэнтры згорнутыя.

А вось у Шарм-эль-Шэйху сытуацыя больш напружаная: у горад уведзеныя войскі, над пляжамі рэгулярна лётаюць верталёты і самалёты-зьнішчальнікі. Паведамляецца, што консульскія ўстановы Расейскай Фэдэрацыі абвясьцілі прыём заявак на эвакуацыю ня толькі ад расейцаў, але таксама ад беларусаў, украінцаў. Праўда, ажыятажу ня толькі няма, але практычна штодня ў гатэлі прыбываюць новыя турысты.

Экспэрт у турыстычнай галіне Валянцін Цэхмайстар заклікае патэнцыйных турыстаў больш адказна ставіцца да ўласнай бясьпекі і не спадзявацца на тое, што гэтым разам "пранясе":

"Трэба кіравацца здаровым сэнсам. Калі вас папярэджваюць, што пакуль туды лезьці ня варта, дык трэба перачакаць, як бы ні карцела адпачыць. МЗС Беларусі, Міністэрства спорту і турызму і зрабілі афіцыйныя заявы і не рэкамэндуюць туды ехаць. Але праблема ў тым, што гэта ж не забарона, і ў дадзеным выпадку штосьці забараніць чалавеку складана. Калі яму так хочацца экстрыму і прыгодаў, то — на здароўе, як спыніш? Але па ўсіх афіцыйных каналах прайшла інфармацыя з адпаведнымі папярэджаньнямі, шэраг дзяржаў, уключна зь Нямеччынай і Францыяй, нават адмянілі рэгулярныя палёты ў гэтую краіну. Таму сытуацыя адназначна складаная, і недаацэньваць яе нельга".

Тым часам афіцыйная беларуская прапаганда не акцэнтуецца на тым, якая небясьпека можа чакаць у Эгіпце турыстаў, а праводзіць умоўныя паралелі зь Беларусьсю. У прыватнасьці, у многіх сюжэтах паўтараецца думка:, што калі б улада жорстка не спыніла апазыцыянэраў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня, краіну гэтак жа апанаваў бы гвалт, няпэўнасьць і пагроза голаду. Падчас прэзэнтацыі ток-шоў "Адкрыты фармат" на канале АНТ смс-чат быў перапоўнены рытарычнымі адказамі апанэнтам уладаў — маўляў, хочаце, каб было так, як у Эгіпце?

Прадпрымальнік Юрый Аксёнаў сумяшчае бізнэс і адпачынак у Эгіпце не адзін год і кажа, што спэкуляваць на падзеях у гэтай паўночнаафрыканскай краіне не зусім карэктна:

"Я б насамрэч аналёгіі зь Беларусьсю не праводзіў. Хочацца, вядома, нешта аналізаваць, але гэта вельмі розныя дзяржавы, людзі. У тым жа Эгіпце народ вельмі блізкі па духу з ваеннымі і паліцыяй. Таму танкі хоць і ўехалі, але ў натоўп ніхто не страляе. Практычна ў кожнага другога хтосьці са сваякоў служыць у арміі ці ў паліцыі. І, вядома, такі чалавек разумее: паспрабуй зараз у каго-небудзь стрэльнуць, цябе празь сямейныя, кланавыя сувязі ўрэшце знойдуць, і гэта будзе крывавая помста. Каб гэтага не было — хто яго ведае, можа, і стралялі б. Дзеля застрашваньня пальнуць — і ўсё. Бо ведаюць: гэта будзе пакараньне для ўсяго роду. І гэта сур'ёзны момант. Бо на Т'яньаньмыні ў Кітаі стралялі ж, і ніхто нічога…".

Беларускія турфірмы сьцьвярджаюць, што відавочнага адтоку турыстаў у эгіпецкім кірунку няма. Ад набытых раней тураў адмаўляюцца адзінкі, унесены аванс вяртаецца "адмаўленцам" у поўным аб'ёме — гэта загад Міністэрства спорту і турызму.

Між тым дакладных зьвестак пра колькасьць тых, хто зьбіраецца гэтымі днямі папоўніць сьпіс турыстаў у небясьпечнай зоне, няма. Як сьведчыць практыка, большая частка беларусаў намагаецца адляцець у Эгіпет праз Маскву ці Кіеў, бо ў гэтым выпадку можна нядрэнна ашчадзіць на квітках. Такія людзі ў базу дадзеных беларускіх турапэратараў практычна не трапляюць.

Стала вядома, што 2 лютага ў ахоплены масавымі акцыямі пратэсту Эгіпет толькі з кіеўскага аэрапорту Барыспаль вылецелі чатыры рэйсы з турыстамі. Учора поўны борт адляцеў зь Менску, і, як паведамілі ў авіякампаніі "Белавія", адмяняць рэйсы пакуль не плянуецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG