Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гардзіеўскі: “На Захадзе супрацоўнікаў КДБ вылічаць па вачах”

  • Сяргей Навумчык

Ці могуць асобы, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу, абыйсьці гэтую забарону?

Сыстэма, мэханізм і тэхнічныя аспэкты кантролю пры выдачы візаў краінаў Эўразьвязу, у тым ліку і грамадзянам, якія ўнесеныя ў сьпіс непажаданых асобаў – тэмы, якія дыпляматы і чыноўнікі Эўразьвязу ня лічаць мэтазгодным абмяркоўваць.

Тым ня менш, нам удалося задаць некалькі пытаньняў першаму сакратару амбасады Польшчы ў Беларусі Паўлу Марчуку.

Карэспандэнт: "Можна ўявіць, што ў некаторых з тых, каму ў выніку прыняцьця санкцыяў забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу, ўжо ёсьць шэнгенскія візы, магчыма, нават доўгага тэрміну дзеяньня. Ці рэальна такому чалавеку ўехаць, напрыклад, у Польшчу?"

Калі ў чалавека, які знаходзіцца ў гэтым сьпісе Эўразьвязу, віза ўжо ёсьць, яна будзе ануляваная
Павал Марчук:
"Мяркую, што калі ў чалавека, які знаходзіцца ў гэтым сьпісе Эўразьвязу, віза ўжо ёсьць, яна будзе ануляваная. Увогуле, у сьпісе ёсьць, акрамя прозьвішча, і іншыя дадзеныя, таму вызначыць "хто ёсьць хто" думаю, будзе ня цяжка. Тым больш там шмат асобаў, якіх ўсе ведаюць у твар".

Карэспандэнт: "А калі гэта адзін з кіраўнікоў спэцслужбаў -- КДБ ці прэзыдэнцкага аналітычна-інфармацыйнага цэнтру, якіх у твар мала хто ведае, -- для яго ня будзе праблемай зрабіць пашпарт на іншае прозьвішча. І калі яго , напрыклад, у Варшаве затрымаюць -- што яго можа чакаць?"

Марчук: "Мяркую, паліцыя і памежныя ўлады зь ім будуць мець справу як з чалавекам, які скарыстоўвае фальшывыя дакумэнты".

У такім выпадку варыянтаў можа быць некалькі – ад неадкладнай дэпартацыі да крымінальнага перасьледу.

А наколькі рэальна асобе, якая непажаданая для ўезду ў Эўразьвяз, скарыстаць для ўезду дакумэнт на іншае прозьвішча ці нават пашпарт іншай краіны?

З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да самага вядомага ў сьвеце экспэрту ў галіне савецкіх спэцслужбаў, былога рэзыдэнта КДБ СССР у Даніі і Вялікай Брытаніі Алега Гардзіеўскага (у СССР ён быў асуджаны да сьмяротнага пакараньня, прысуд не скасаваны і пасьля распаду СССР).

Алег Гардзіеўскі ў дзень атрыманьня ордэну ад брытанскай каралевы, 2007 г.
Гардзіеўскі: “ Я дзесяць гадоў працаваў ва ўпраўленьні, якое займалася гэтай фальсыфікацыяй дакумэнтаў. Так што скажу, што гэта было вельмі рэальным -- 30, 20 і нават 15 гадоў таму, -- зрабіць фальшывыя пашпарты. Аднак зараз амэрыканцы ўвялі вельмі высокатэхналягічную экспэртызу апазнаньня асобы па вачах. Яны фатаграфуюць вочы ўсіх, хто ўяжджае ў ЗША. І ў некаторых краінах Эўразьвязу таксама прымяняюцца такія тэхналёгіі. І па вачах яны могуць вызначыць, што дакумэнт -- фальшывы, ці належыць іншаму чалавеку. Але гэтыя сто з лішнім чалавек, невядома, ці езьдзілі яны ў ЗША ў апошнія дзесяць гадоў, калі гэтая сыстэма пачала функцыянаваць.

І па вачах можна вызначыць, што дакумэнт -- фальшывы, ці належыць іншаму чалавеку
Тыя, якія езьдзілі -- ўсё, ім праезд спынены. Такога чалавека вельмі хутка зловяць, ідэнтыфікуюць па вачах, што гэты чалавек з КДБ Беларусі, арыштуюць і ён яшчэ праседзіць у турме пару гадоў за парушэньні. А тыя, хто ніколі ў ЗША ня езьдзіў -- могуць прыехаць, таму што ім Служба зьнешняй выведкі Расеі зробіць цудоўныя пашпарты прыблізна 25 краінаў (пашпарты гякіх яны робяць цудоўна). Але калі яны хочуць зьдзейсьніць гэта супраць ЗША альбо Захаду, яны павінны лічыцца з тым, што іх зловяць".

Карэспандэнт: "А калі ўявіць, што гаворка ідзе не пра пашпарты іншых краінаў, а -- беларускія? У такім выпадку у кіраўнікоў спэцслужбаў РБ увогуле няма праблемы ўзяць пашпарт на якое заўгодна прозьвішча".

Гардзіеўскі: "Канешне, ня мае значэньня, едзе ён па беларускім пашпарце, альбо яму даюць расейскі пашпарт, альбо латвійскі пашпарт. Але. Калі яны былі ў ЗША апошнія дзеяць гадоў -- іх па вачах распазнаюць.

Прычым, у тых эўрапейскіх краінах, дзе існуе падобная сыстэма, яна дзейнічае менш груба, чым у ЗША. У Амэрыцы проста кажуць: "Станьце вось сюды, глядзіце сюды". А ў эўрапейскіх краінах гэта робіцца патаемна”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG