Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Той, хто робіць мірную рэвалюцыю немагчымай, робіць гвалтоўную рэвалюцыю непазьбежнай»


Паводле сайту «Заўтра тваёй краіны», масавыя забурэньні ў Эгіпце могуць адчувальна ўдарыць па эканамічных інтарэсах Беларусі. Як піша інтэрнэт-выданьне, «гэтая краіна ў гады кіраваньня Хосьні Мубарака стала стратэгічным пляцдармам для прасоўваньня беларускіх эканамічных інтарэсаў на афрыканскім рынку...

• Пачатак: Доўгая дарога з эгіпецкага рабства

Эгіпет да нядаўняга часу зьяўляўся лідэрам сярод афрыканскіх дзяржаваў паводле таваразвароту зь Беларусьсю і аб'ёму імпарту беларускіх тавараў». Апроч верагодных эканамічных стратаў, афіцыйны Менск можа панесьці таксама страты палітычныя - Аляксандар Лукашэнка рызыкуе згубіць аднаго з сваіх нешматлікіх віншавальнікаў. Зін аль-Абідзін Бэн Алі, былы прэзыдэнт Тунісу, якога Аляксандар Рыгоравіч у 2009 годзе віншаваў з элегантнай перамогай (у Тунісе таксама ведаюць, як варыць гэты боршч - Бэн Алі атрымаў 90% галасоў), і мог спадзявацца на ветлівасьць у адказ, не пасьпеў павіншаваць свайго калегу і ўжо нікога не павіншуе ў якасьці прэзыдэнта. На чарзе Хосьні Мубарак. Учора ён павіншаваў Лукашэнку, ігнаруючы голаснае «Сыходзь!», якім дзясяткі тысячаў беларусаў сустрэлі вынікі выбараў, а сёньня сотні тысячаў эгіпцянаў ужо яму крычаць тое самае, толькі па-арабску - «Ірхаль!». Паглядзім, ці доўга зможа ён ігнараваць іх патрабаваньне.

Пра ягонае неразуменьне неабходнасьці разьвітацца ў Эгіпце складаюць анэкдоты, накшталт гэтага:

«Мубарак ляжыць на сьмяротным ложы, да яго ўваходзіць доктар і кажа: "Хосьні, вам трэба падрыхтавацца да разьвітаньня з сваім народам". - "З маім народам?", - зьдзіўлена перапытвае Мубарак - "Навошта? Куды мой народ сыходзіць?"».

Упартае нежаданьне прэзыдэнта разьвітвацца з народам - не адзінае падабенства з палітычнай сытуацыяй у Беларусі. Зьвяртае на сябе ўвагу і добра знаёмая беларусам бездапаможнасьць апазыцыі. У іх нават з гукаўзмацняльнай апаратурай тыя самыя праблемы - падчас звароту Эль-Барадэя, галоўнага прэтэндэнта на званьне «адзінага» кандыдата ад апазыцыі, да мітынгоўцаў прысутныя на плошчы карэспандэнты замежных СМІ скардзіліся на тое, што ні халеры ж не чуваць. І ня толькі чуваць кепска, але асабліва і не відаць у гэтым спантаным праяўленьні вулічнай дэмакратыі арганізуючай ролі апазыцыйных структураў. Тое самае назіралася і ў Тунісе. На мой погляд, гэтае падабенства мае прымусіць задумацца крытыкаў беларускай апазыцыі ў слушнасьці іхных абвінавачваньняў: ці ня сьведчыць яно аб тым, што апазыцыя папросту ня можа ня быць «слабoй» ва ўмовах дыктатарскага рэжыму?

Аднак слабасьць апазыцыі, спароджаная, падкрэсьліваю, аб'ектыўнымі ўмовамі, не замінае народу паспрабаваць вырашыць свае праблемы самастойна. Нам варта пільна прыглядацца да досьведу тунісцаў і эгіпцянаў, фіксуючы праблемы, зь якімі яны сутыкаюцца, і вартыя перайманьня прыклады паводзінаў, якія яны дэманструюць.

Што да праблемаў, эгіпецкі досьвед абвяргае папулярную тэорыю, нібыта пэўная колькасьць мітынгоўцаў (у нашым выпадку гэта сто тысячаў, у Эгіпце - мільён) аўтаматычна прыводзіць да пажаданага выніку. Нічога падобнага, канечне. Калі загадзя ня ведаць, што далей, можна энэргію любога натоўпу, няважна, наколькі вялікага, выпусьціць у сьвісток. І гэта яшчэ толькі пачатак праблемаў. Марван Бішара, палітычны аналітык тэлеканалу Аль-Джазіра, камэнтуючы масавае паўстаньне ў Эгіпце, заўважае: «Важна ня тое, ХТО зьменіць Мубарака пэрсанальна, важна, ШТО прыйдзе на зьмену рэжыму Мубарака». Ня менш важна гэта і ў Беларусі.

Вартых перайманьня прыкладаў таксама дастаткова. Уражвае здольнасьць эгіпецкіх мітынгоўцаў да самаарганізацыі - прынамсі, яе хапіла на тое, каб стварыць народныя дружыны для фільтрацыі і адсяваньня правакатараў ды «ціхароў», забясьпечыць прысутных вадой і хлебам, аказаць пры патрэбе першую мэдычную дапамогу, прыбраць тэрыторыю за сабой (пры тым, што Каір зусім ня «чысты горад», і ў цэлым эгіпцяне як быццам не вялікія чысьцёхі, мітынгоўцы такім чынам імкнуцца прадэманстраваць, што яны насамрэч руплівыя гаспадары краіны). Як вядома, гэта дзякуючы самаарганізаваным дружынам былі абароненыя ад марадзёраў Каірскі Нацыянальны музэй і Александрыйская бібліятэка.

Ці хопіць гэтай здольнасьці для рэарганізацыі краіны? Пытаньне адкрытае. Уважліва сочым за разьвіцьцём падзеяў.

Беларусь і Эгіпет занадта розныя краіны, каб можна было праводзіць нейкія паралелі паміж імі. Па беларускім інтэрнэце гуляе жарт: «Хачу ў Эгіпет. Там мора, пляж і пераварот ужо амаль што скончыўся. А тут зіма, праца і перавароту наогул хрэн дачакаесься». Тым ня менш, ад паралеляў цяжка ўтрымацца, балазе яны самі ідуць у рукі з таго боку. Гэтак, арабскі журналіст Алаа Баюмі ў артыкуле пад назвай «Ці здольныя эгіпцяне да паўстаньня?», напісаным на сьвітанку масавых пратэстаў, кажа:

«Традыцыйна эгіпцяне не паўставалі, таму што былі аграрным грамадзтвам. Сялянам патрэбная стабільнасьць і цярплівасьць, каб клапаціцца пра сваю зямлю. Сялянам таксама патрэбны моцны цэнтральны ўрад, каб абараняць іх ад прыродных катастрофаў, накшталт засух і патопаў...»

Часы зьмяніліся, эгіпецкае грамадзтва перастала быць аграрным, зазнала розныя трансфармацыі, але ў ягоную здольнасьць да паўстаньня ўсё роўна ня верылі:

«Многія вядомыя эгіпецкія аналітыкі расчаравана заўважалі, што Эгіпет ня рушыць сьледам за туніскім прыкладам з-за... распаўсюду апатыі і паражэнства».

Вядома, гэтых рысаў недастаткова для атаясамліваньня грамадзка-палітычных сытуацыяў у Эгіпце і Беларусі. Адрозьненьні, якія адзначыў апазыцыйны расейскі палітык Уладзімер Рыжкоў, параўноўваючы Эгіпет і Расею, верныя і для Беларусі таксама.

«Калі арабскі сьвет уяўляе сабой бурлівы кацёл маладых нацыяў, якія ўздымаюцца, дык Расея - павольна астываючую старую зорку», - напісаў ён, маючы на ўвазе дэмаграфічны выбух, які перажывае арабскі сьвет і адпаведны структурны склад насельніцтва: у Эгіпце амаль сорак адсоткаў насельніцтва складае моладзь да 15 гадоў, тады як у Расеі наадварот - «востры дэфіцыт моладзі» і вельмі вялікі адсотак пэнсіянэраў».

Апроч гэтага:

«Вельмі нізкімі застаюцца пакуль палітычны ўдзел, цікавасьць да палітыкі, узаемныя давер і салідарнасьць людзей... Адначасова з гэтым нарастае адчужэньне народу ад улады і, у цэлым, ад дзяржавы. Галоўная ўстаноўка расейцаў сёньня: «Дзяржава – гэта ня я!». Расейцаў аб'ядноўвае «няўдзел і недатычнасць»... 60% здымаюць зь сябе маральную адказнасьць за ўладу і яе дзейнасьць. Пры гэтым толькі 25% жадалі б удзельнічаць у палітычным жыцьці хоць бы свайго гораду ці мястэчка. Яшчэ менш (і то тэарэтычна) гатовыя браць удзел у акцыях пратэсту. Перад намі карціна краіны і народу, якія працягваюць павольна апускацца ў багну».

На што можна спадзявацца ў падобных умовах прыхільнікам неадкладных пераменаў? Андрэй Расінскі яшчэ ў верасьні напісаў артыкул пад назвай «Сонца ўдарыць па рэжыме», у якім, абапіраючыся на тэорыю Чыжэўскага, спрагназаваў забурэньні ў Беларусі на 2012 год (было б вельмі зручна - на фоне канца сьвету яны пададуцца дзіцячай забавай):

«Выбухі на Сонцы абяцаюць стацца мацнейшымі, лідэраў у натоўпаў можа ня быць, увогуле («без прэзыдэнта!», «парлямэнцкая рэспубліка!»)... Верагоднасьць нізавых бунтаў, што зьмятуць усё - вялікая».


Узаемасувязь сонечнай актыўнасьці з грамадзкай можа падавацца загадкавай, калі ня ведаць, што бываюць куды болей загадкавыя ўзаемасувязі:

«Распавядаю дзяўчынцы пра беспарадкі ў Эгіпце, дэманстрацыі, адключэньне інтэрнэту ва ўсёй краіне», - распавядае zmagarka.- «Дзяўчынка пытаецца: "Гэта ўсё з-за той акулы?!"».

Як бы там ні было, падаецца слушным выказваньне Джона Кенэдзі: «Той, хто робіць мірную рэвалюцыю немагчымай, робіць гвалтоўную рэвалюцыю непазьбежнай». Гэтым афарызмам завяршаецца ўражлівы відэаролік, прысьвечаны падзеям у Эгіпце. Вельмі рэкамэндую паглядзець:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG