Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз сёньня апублікаваў свой сьпіс 158 неўязных беларускіх чыноўнікаў і службовых асобаў у сувязі з рэпрэсіямі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Да старога сьпісу з 2006 году дадаліся 117 новых прозьвішчаў.

Я разумею расчараваньне тых, якія ад пасяджэньня Рады замежных міністраў Эўразьвязу 31 студзеня чакалі нечага значна большага, чым толькі гэтага сьпісу неўязных і замарожваньня іхніх актываў. Гэтыя два захады, можна пагадзіцца, маюць больш сымбалічнае, чым практычнае значэньне. Але мне цяжка пагадзіцца з тымі камэнтатарамі на нашым сайце, якія ацэньваюць гэтыя захады ў ключы "гара нарадзіла мыш" ці называюць іх "здрадай" беларускай дэмакратычнай супольнасьці.

Дапусьцім, Эўразьвяз вырашыў бы забараніць уезд усім сябрам выбарчых камісій, то бок, некалькім дзясяткам тысяч чалавек зь Беларусі. Ці мела б гэта большае практычнае значэньне, чым сьпіс з паўтары сотні чалавек? Не. Гэтыя, якія маюць грошы на замежныя паездкі, і так ужо прызвычаіліся езьдзіць па Дубаях і Кувэйтах, то бок, туды, дзе прымаюць; а тая большасьць, якая ня мае грошай на такія ваяжы, як ня езьдзіла раней у Эўропу, так і цяпер не паехала б. Але таўро ганьбы, якое паставіў на беларусах гэты сьпіс, ня меншае, чым калі б там было некалькі дзясяткаў тысяч прозьвішчаў.

І гэтае таўро стаіць ня толькі на тых міністрах, прапагандыстах, афіцэрах КДБ і МУС, пракурорах і судзьдзях, якія значацца ў сьпісе імем і прозьвішчам, але і на ўсіх іншых, як на тых, хто зь імі пагаджаецца, дый на тых, хто іх ненавідзіць, але вымушаны іх цярпець... На жаль...

Гэты сьпіс – своеасаблівы дыягназ маральнага і палітычнага стану беларускага грамадзтва ў цэлым.

У сьпісе ёсьць прозьвішча галоўнага хірурга шпіталя, зь якога выкралі ў турму зьбітага і параненага Ўладзімера Някляева. Ну што гэты хірург мог зрабіць, запытаеце, ня даць кадэбістам вынесьці кандыдата ў прэзыдэнты? Канешне, затрымаць кадэбістаў ён ня мог. Але лекар маральна падтрымаў гэтае выкраданьне, запісаўшы ў гісторыі хваробы паэта не сур’ёзную чэрапна-мазгавую траўму, а ўсяго нейкі "ўшыб". Ён, лекар, паставіў сабе таўро на ўсё жыцьцё. Калі такое магчыма ў выпадку галоўнага хірурга ў менскім шпіталі, дык чаго ўжо прыдзірацца да нейкай настаўніцы ў вясковай школе, якую запрыгонілі ва ўчастковую выбарчую камісію?

Тое, што ў гэтым сьпісе ўсяго паўтары сотні чалавек, а ня 70 тысяч, адлюстроўвае ня "здраду" Эўразьвязу, а хутчэй яго веру ў беларусаў і іхнюю магчымасьць вырвацца зь сёньняшняга прыгону.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG