Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьніца Галіна Каржанеўская дзеліцца ўражаньнямі ад інфармацыйнай атакі на прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

"Спачатку падзеі на Плошчы ўлады назвалі "штурмам", потым — "спробай перавароту". Пазьней пабачылі велізарны загаловак на газэтных палосах, які сьведчыў пра "змову". Штурм — пераварот — змова, па нарастаючай.

Відаць, першае азначэньне падалося недастаткова важкім. "Рэспубліка" параўнала беларускую "заварушку" з кіргіскай. Але, аказваецца, нашы сілавікі зброі на мітынг "не дапусьцілі", траўмасродкі былі "ізьятыя", а штурм спынены. А людзі ж памятаюць, што група захопу як прымчалася раптам, так арганізавана і адышла. Ніхто нікога не спыняў, а толькі будучы фільм здымалі. Тым ня менш, рэальнасьць старанна перапісалі для чытачоў дзяржаўных газэт. На думку аднаго апалягета рэжыму (падпісаўся як Алесь Елін), пацярпела нібыта 30 супрацоўнікаў МУС, а з боку мітынгоўцаў адзін Някляеў "заработал" сіняк пад вокам, хоць на мітынг і ня трапіў.

"Пераварот" гучыць больш салідна. Звычайна яго выкарыстоўваюць у пары са словам "дзяржаўны". Як правіла, перавароты зьдзяйсьняюць вайсковыя ўзброеныя структуры — як у Лацінскай Амэрыцы, напрыклад. Чаму б новавыбранаму не запрасіць да сябе яшчэ аднаго правіцеля? Бакіеву было б весялей. Адзін быў бы дырэктарам, другі намесьнікам на ваенным заводзе. Разам выраблялі б цацачныя аўтамацікі. Ёсьць для каго...

Каб канчаткова зьбіць народ з тропу і апраўдацца за неапраўданы гвалт, перайшлі нарэшце да цяжкай артылерыі: прыплялі Польшчу зь Нямеччынай, рэзыдэнтаў, кур’ераў, атрыманыя апазыцыяй сумы "на зьвяржэньне" — усё тое, за што атрымлівае заробкі "Камітэт глыбокага бурэньня", як яго называлі за савецкім часам. Чытаеш — і не пакідае адчуваньне, што журналісты да гэтага фэнтэзі ня маюць адносін. Што яно прыдумляецца выключна тымі, хто зараз стварае ўражаньне нейкай неверагоднай небясьпекі для Лукашэнкі, якую інакш і нельга было прадухіліць, як наладзіўшы хапун 700 чалавек.

Яшчэ трошкі — і "змова" падасца кветачкамі. Ня проста дысыдэнты і служкі Захаду, а форменныя шпіёны! Толькі ёсьць пытаньне: каго яны хочуць пераканаць, што дзейнічалі адэкватна? Сябе? Нас? Вялікага Начальніка?

А бедныя дзьверы па беларускіх каналах б’юць і б’юць... Яны гэтак жа застануцца ў народнай памяці, як скрыня цьвікоў, нібыта скрадзеная ў свой час Шушкевічам. І за ўсёй гэтай прапагандысцкай шуміхай неяк забылася галоўнае — дзіравыя скрыні, падкінутыя пачкамі бюлетэні і такі ж несумленны, як раней, падлік галасоў.

На інаўгурацыі Лукашэнка выказаў пажаданьне, каб наша дзяржава "стала яшчэ справядлівей". Куды ўжо больш! Нават Беразоўскі лічыць, што кандыдатаў трэба было ахоўваць, а ня біць па галаве. Справядлівасьць у нашай улады своеасаблівая — як у племені мумбу-юмбу. І хто там казаў пра фэадалізм?

Артысты на сцэне "ізабражалі радасьць", а публіка ў зале сядзела з такімі мінамі, быццам адбывала памінкі члена прафсаюза. Само паветра, здаецца, згусьцілася ў краіне, нэрвы напяты, як струны, і большасьць, сьвядома ці несьвядома, чакае: калі?".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG