Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павел Шарамет: Эўрапейскія бюракраты такія ж амаральныя, як і расейскія


Госьць “Начной Свабоды” – журналіст, адзін з аўтараў кнігі “Выпадковы прэзыдэнт”, былы палітвязень Павел Шарамет.


Соўсь: 31 студзеня Эўразьвяз увёў візавыя санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі за разгортваньне ў краіне хвалі масавых рэпрэсій. Адначасова ЗША ўвялі візавыя санкцыі і эканамічныя санкцыі супраць "Белнафтахіму". На вашую думку, чым адрозныя гэтыя санкцыі ад тых, якія ўводзіліся раней у дачыненьні да Беларусі? Ці будуць мець эфэкт гэтыя санкцыі?

Шарамет: Цяперашнія санкцыі ў адрозьненьне ад усіх папярэдніх дзеяньняў Эўропы вылучаюцца тым, што прынятыя досыць хутка, яны суправаджаюцца досыць жорсткай рыторыкай і, хутчэй за ўсё, будуць мець працяг. Што да дзеяньняў ЗША, то яны больш пасьлядоўныя, больш рэзкія, абсалютна відавочна, што ў эўрапейскіх палітыкаў і ў амэрыканскіх палітыкаў ёсьць адчуваньне, што беларускі прэзыдэнт ужо не кіруе краінай у такой жа ступені, як гэта было пяць гадоў таму. У руках у Эўропы лёс Беларусі, бо менавіта праз эканамічныя санкцыі Эўропа можа кардынальным чынам памяняць сытуацыю ў краіне. І ўсе ўжо разумеюць, што дармовая фінансавая дапамога з Расеі не выратуе рэжыму Лукашэнкі ў выпадку эканамічных санкцый.

Эўрапейцы больш асьцярожныя, чым амэрыканцы. Эўрапейскія бюракраты ў сваёй палітыцы такія ж амаральныя, як і расейскія бюракраты. Яны вельмі прагматычныя і думаюць толькі пра грошы. Але менавіта неадэкватнасьць паводзінаў беларускіх уладаў, гэтая хваля рэпрэсій, што ніяк ня можа спыніцца, будзе падштурхоўваць Эўропу да адзінства ў адносінах да Лукашэнкі і да далейшых жорсткіх дзеяньняў.

Соўсь: Сэнатары ЗША Джон Кэры і Джозэф Лібэрман у сумесным артыкуле заклікалі Расею далучыцца да сумесных адрасных санкцый ЗША і Эўразьвязу супраць прадстаўнікоў беларускага рэжыму. Аднак сёньня МЗС Расеі назвала "контрапрадуктыўным" рашэньне Эўразьвязу і ЗША ўвесьці новыя санкцыі супраць Беларусі. У заяве расейскага замежнапалітычнага ведамства гаворыцца, што санкцыі зьяўляюцца "палітычна матываванымі" і накіраванымі на падрыў "сацыяльна-эканамічнай стабільнасьці ў краіне". На вашае ўражаньне, як скарыстае Расея на сваю карысьць гэтыя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі?

Шарамет: Безумоўна, Расея ня будзе ўводзіць ніякіх санкцый супраць Беларусі, асабліва калі казаць пра палітычныя санкцыі. Немагчыма забараніць уезд у Расею беларускім грамадзянам, беларускім чыноўнікам, таму што мяжы зусім няма. Што да эканамічных санкцыяў, то цяжка нешта патрабаваць ад Расеі, калі нават Эўропа ня ўводзіць эканамічных абмежаваньняў супраць Лукашэнкі.

Але ці здолее Расея выкарыстаць цяперашнюю сытуацыю на сваю карысьць? Безумоўна, будзе імкнуцца гэта рабіць. Але не праз купляньне ляяльнасьці Лукашэнкі, не празь вялізныя крэдыты і танную нафту. У Маскве ёсьць дакладнае разуменьне таго, што з Лукашэнкам немагчыма мець справу, што зь ім таксама трэба весьці жорсткі дыялёг. І таму зараз Расея будзе нейкія выспачкі вырываць з-пад ног Лукашэнкі, але працэс гэты вельмі няпросты. Таксама ёсьць адчуваньне, што Лукашэнка пачынае палітычную контратаку. Ён відавочна працуе супраць Пуціна, бо ня хоча яго вяртаньня на вышэйшыя пасады ў 2012 годзе. Ён відавочна працуе на больш слабага Мядзьведзева і актыўна падыгрывае актыўнай расейскай апазыцыі. Сытуацыя досыць заблытаная, але цікавая.

Слухаць гутарку цалкам:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG