Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сёлета негатыўнае сальда складзе 8 мільярдаў даляраў»


Міхась Залескі
Міхась Залескі

1 лютага адбылося паседжаньне Савета Міністраў Беларусі, на якім прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што неабходна пераламіць сытуацыю ў эканоміцы. Ці рэальна павялічыць экспарт болей чым у два разы? Ці стане падвышэньне заробку залежаць ад росту прадукцыйнасьці працы? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі.

Цыганкоў: На паседжаньні Саўміну Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што ў 2010 годзе эканоміка прадэманстравала найгоршае за апошнія гады адмоўнае сальда замежнага гандлю. Мясьніковіч заявіў, што трэба пераламіць сытуацыю, трэба павялічыць экспарт у 2,2 разу. Наколькі рэальная гэта задача, улічваючы, што кожны год перад урадам ставіцца задача дасягнуць станоўчага сальда, але нэгатыўнае сальда расьце кожны год?

Залескі: Мы з вамі размаўлялі на тэму адмоўнага сальда год таму. 12 студзеня ў адказ на ваша пытаньне, якім будзе адмоўнае сальда ў 2010-м, я сказаў, што яно складзе 7 мільярдаў даляраў. Для гэтага трэба проста пабудаваць графік утварэньня і росту гэтага сальда за апошнія 16 гадоў і паставіць сямнаццатую кропачку там, дзе трэба. Таму сёньня я магу сказаць, што сёлета адмоўнае сальда складзе 8 мільярдаў.

А яны год таму сабралі тысячу міністраў і навукоўцаў і заявілі, што ў нас адмоўнае сальда ў 2010 годзе будзе 4 мільярды. Але ж гэта як мантры паўтараць тысячу разоў на дзень — колькі не кажы «халва», у роце салодка ня будзе.

Цыганкоў: Няўжо ўрад нічога ня можа зрабіць, каб пераламіць гэтую тэндэнцыю?

Пераламіць можа амонавец студэнтцы нагу. А пераламіць жыцьцё ніякі ўрад ня можа.
Залескі: Пераламіць можа амонавец студэнтцы нагу. А пераламіць жыцьцё ніякі ўрад ня можа. Зь якой прычыны будуць купляць нашы тавары ў два разы больш? Чаму да гэтага ня кінуліся? Зь якой прычыны нашы паслугі стануць у тры разы больш патрэбныя суседзям? Для гэтага трэба прыдумаць нейкія рэвалюцыйныя зьмены, якія не прыдумаеш нават у фантастычным рамане. Мы што — крыніцу вечнай энэргіі можам прыдумаць?

Цыганкоў: Мясьніковіч на гэтым паседжаньні таксама заявіў, што «заробак павінен быць заробленым». Маўляў, пляны падвышэньня заробку павінны карэктавацца ад прадукцыйнасьці працы? Ці можа прадукцыйнасьць працы вырасьці настолькі, каб заробак дасягнуў тысячы даляраў да 2015 году?

Залескі: Прадукцыйнасьць працы залежыць у першую чаргу ад працадаўца. У нас няма ў належнай колькасьці незалежных працадаўцаў. І пакуль іх ня будзе, усе мінімальныя пагадзінныя аплаты, усе гэтыя праекты будуць фікцыяй. Бо ўсё трэба ставіць з галавы на ногі. А пакуль у нас разьвіты сацыялізм у стадыі крутога піке.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG