Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«А храм наш жыве. Яго звон не заглух. Учуты спор даўніх сусьветаў»


Камаі, Пастаўскі раён.

Камаі, Пастаўскі раён.

Камаі вядомыя кожнаму беларусу, якому не абыякавая гісторыя свайго краю. Бо славуты Камайскі касьцёл-крэпасьць, якому нядаўна споўнілася 400 гадоў, быў уключаны ў турыстычныя даведнікі яшчэ за саветамі. І турыстаў у Камаях з кожным годам становіцца ўсё болей і болей.

Сюды едуць беларускія студэнты, сюды стала наведваюцца расейскія курортнікі з Нарачы, да старажытных муроў прыяжджаюць літоўцы і палякі. І тут ёсьць што паглядзець і што пачуць. У Камайскім касьцёле захаваліся старыя арганы і ўнікальны жывапіс.

У Камаях я ўпершыню апынуўся ў 1998-м годзе. Тым заўважней для мяне сталі зьмены, якія адбыліся з касьцёлам за прамінулы тузін гадоў. Тады касьцёл сапраўды быў падобны больш да крэпасьці, чым да храму. Зь ягоных муроў асыпаўся белы тынк, якім тынкуюць кароўнікі. Байніцы вежаў былі закрытыя нейкай іржавай бляхаю. Але найбольшага суму наганяў звычайны вулічны ліхтар, які недарэчна тырчаў з аднаго вакна. Сёньня ад таго смуру не засталося і сьледу. Не. Тут не зрабілі эўрарамонт з сайдынгам. Але храм і ягоныя ваколіцы сталі выглядаць не па-савецку ахайнымі. А на плошчы перад храмам стаў архітэктурны папярэднік касьцёла, каменны крыж 15-га стагодзьдзя. Які раней быў на задворках. І ўсё гэта дзякуючы камайскаму ксяндзу, Яцэку Хутману. Паляку, які, кажа, што не прамяняў бы Камаі на Кракаў.



Ксёндз: «Касьцёл камайскі на шляху Вільня — Полацак. Праз Камаі ідзе вайна і гандаль. У хроніцы парахвіяльнай запісаныя добрыя словы. Стаіць каменны крыж каля касьцёла. Напісана ў хроніцы: „Народ, які тут жыве — ёсьць як той крыж перад касьцёлам. Стары, зьнішчаны“. Народ, які тут жыў, шмат цярпеў. Стары, зьнішчаны, але верны Хрысту. І гэты касьцёл сьведчыць пра веру гэтых людзей. Мы ўвесь час робім рамонты гэтага касьцёла, і людзі ахвотна дапамагаюць. Гэта сьведчыць, што народ, які тут жыў і жыве, Хрыстоў».

У камайскім касьцёле служыў паэт Казімір Сваяк. А расьпісваў яго беларускі мастак, этнограф і паўстанец Альфрэд Ромер. Чый твор «Хрыстос і сірата» не пакіне нікога абыякавым.

Ксёндз: «Цікава. Ёсьць людзі, якія адчуваюць сьмерць сваю. Могуць прадказаць сьмерць сваю. Хаця не хварэюць цяжка і не пажылыя. Ромэр жыў гадоў 65. Не сказаць, каб стары быў. Але ён адчуваў сьмерць сваю. Ён пад канец жыцьця, можна сказаць, на апошніх хвілінах жыцьця напісаў ікону „Пан Езус і сірата“. Для гэтага касьцёла, як тэстамэнт. У 1897 годзе памёр і за некалькі хвілін да сваёй сьмерці падараваў касьцёлу. Хацелі купіць, узяць у Мастацкі музэй, у Менск. Але ксёндз, які тут быў, не дазволіў. Тэстамэнт мастака».


Звыклая карціна. Румяныя і задаволеныя пажылыя вяскоўкі ідуць са сьвяточнай службы дахаты.

Карэспандэнт: «Сёньня які настрой у вас, на сьвята?»

Старыя: «Добры настрой!»

Карэспандэнт: «Вы заўжды сьвяткавалі Каляды?»

Старая: «Канечне. З маленства. Мяне мама за руку, прывучыла. Я цяпер не магу без касьцёла. Мне трэба ў касьцёл, і ўсё. Я калі не схаджу да касьцёла, дык для мяне гэта не нядзеля».

Старая: «І ня сьвята».

Карэспандэнт: «А вы ведаеце, што ў Менску была бойка 19-га?»

Старая: «Бачылі. Па тэлевізары».

Карэспандэнт: «І хто вінаваты ў гэтай бойцы?»

Старая: «Той дурны, хто пусьціў дзяцей».

Старая: «Безабразіе. Пабілі вокны. І што яны дабіліся?»

Старая: «Ну, мусі, нічога».

Старая: «Пасадзілі людзей».

Старая: «Проста справакавана нешта».

Старая: «Зарабілі грошы гэтыя дзеці. Усё добра рабілася, на табе на канец».

І ў такім жа прыўзьнятым настроі гэтыя мілыя бабулькі ходзяць на выбарчы ўчастак. Дзе таксама ёсьць каму памаліцца.

Карэспандэнт: «Вы самі за каго галасавалі?»

Старая: «За Лукашэнку».

Старая: «Ну, што нам ужо трэба? Старым людзям. Пэнсію далі, і слава Богу».

Старая: «Пад хату прынесьлі грошы, чаго болей трэба? Маладым, можа, благі Лукашэнка…»

Старая: «А нам што бедаваць?»

Карэспандэнт: «Дык, можа, трэба маладых слухаць? Ім жа жыць яшчэ колькі?»

Старая: «Вам цяпер лёгка жыць, хто хоча рабіць».

Старая: «Толькі таму дрэнна, хто ляніцца рабіць».

Старая: «І кватэры будуюцца, домікі маладым. Пайшоў і жыві. І работай».

Аднаго я ніяк зразумець не магу: чым вызначаецца іхны выбар — старэчым эгаізмам, жаданьнем паспрачацца зь неразумнымі дзецьмі ці памяцьцю пра ліхія часы? Зрэшты, у нечым яны маюць рацыю. Домікаў у Камайскім аграгарадку набудавалі нямала. Тутэйшая гаспадарка наймацнейшая ў раёне. Хацелі нават зрабіць свой сапраўдны парк з альтанкамі і сажалкай. Чым гэта скончылася, вельмі мне яскрава жывапісаў камайскі паэт Аркадзь Нафраловіч. Пажылы прыгажун з тварам сярэднявечнага рыцара.

Аркадзь: «Крыж новы паставіў. А тады ж гэта сквэр. Што тут было ў сквэры? Як рабілі аграгарадок, наставілі гэтых альтанак. Альтанкі былі рассаднікі заразы. Там і рукавіцы, і трусы нейкія, і рукаво ад фуфайкі, бутэлькі. Там чорт яго ведае. Я ж туды не пайду тры гадзіны сядзець, і вы ня пойдзеце. А хто? Смаркачы. Пасьля выкапалі гэтую яму ў выглядзе васьмёркі і мосьцік перакінулі. А вада ж непраточная. Во такі слой ціны. Сьмярдзіць. А там і палкі, і бутэлькі, і кардон, і чорт знае што».

Карэспандэнт: «Гэта яны зрабілі такую прыгожую сажалку, рамантычную…»

Аркадзь: «Так».

Карэспандэнт: «Месца для спатканьняў».

Аркадзь: «Пафарбавалі, паздымалі. І ў газэту „Культура“. Як паглядзеў, сам думаю — рай, казка! Ксёндз усё гэта ліквідаваў. Усе гэтыя альтанкі зьвёз, усе гэтыя асфальты падняў».

Карэспандэнт: «А сажалку?»

Аркадзь: «Двое сутак самазвалы саракатонныя вазілі і вазілі жвір. І закапалі. Дык, знаеце, ксяндзоў было многа і да яго, і будзе пасьля. Гэта чалавек такі ад прыроды. Прыродай так скроены. Быў бы ён брыгадзірам, быў бы ён старшынём калгасу, дырэктарам заводу, ён па-другому ня мог бы рабіць. У другога б, можа, дзьве машыны б стаялі. А ён, якая капейка, усё ў касьцёл».

Аркадзь Нафраловіч выдаў не адзін зборнік вершаў. І нямала зь іх прысьвяціў роднаму касьцёлу.

«На ўзгорку вясёлым камайскі касьцёл
Чатыры стагодзьдзі красуе.
А сонца, галяктыкі слаўны пасол,
Сьвятло яму шчодра даруе.

Чатыры вякі. Столькі бур, завірух
Мінула і канула ў Лету.
А храм наш жыве. Яго звон не заглух.
Учуты спор даўніх сусьветаў».



Ксёндз Яцэк, дарэчы, зрабіў ня толькі вонкавае ўпарадкаваньне. Дзякуючы ягоным стараньням пад касьцёлам былі знойдзеныя вялікія сутарэньні з разрабаванымі трунамі былых фундатараў. Сёньня ў той склеп вядуць адноўленыя сходы.



Карэспандэнт: «А гэтага не было? Падземнага ўваходу?»

Ксёндз: «Не. Мы за алтаром падземны ход шукалі. З-за алтара ўвайшлі сюды. Выбілі падлогу. З-за алтара тут выйшлі».

Карэспандэнт: «І там былі раскапаныя косткі?»

Ксёндз: «Раскіданыя труны. А мы сабралі».


У карціне Ромэра «Хрыстос і сірата» ксёндз Яцэк бачыць зашыфраваны палітычны маніфэст.


Ксёндз: «Альфрэд Ромэр, які ваяваў супраць цара. Бачыце, ён усе іконы маляваў… Хлопчык — гэта ёсьць Рэч Паспалітая. А колеры — гэта сьцяг расійскі і францускі. З аднаго боку цар, з другога — Напалеон, які вызваліць. Усе асноўныя іконы Ромэра маюць тры колеры сьцяга францускага. Прыйдзе Напалеон і вызваліць ад цара».

У Беларусі ня так шмат захавалася старадаўніх арганоў, зусім не пашкоджаных вайною і саветамі. У камайскім касьцёле — якраз такія. Цяжка перадаць словамі тыя пачуцьці, якія нараджаюць у душы гукі стогадовых труб. Але ніякі аўдыёзапіс не перадасьць іх. Дзеля гэтага варта паехаць у Камаі. Касьцёльная арганістка, маладая камайская жыхарка Алена Даўжук, дзеля права граць на гэтых арганах ня толькі авалодала музычнай граматай, але і пачала пісаць свае рэлігійныя гімны.


Алена: «Як я адчула, што не магу за чыёйсьці сьпінай схавацца, нехта сьпявае, а я падпяю ззаду. Як толькі я гэта адчула, тады ў мяне і голас стаў такі, які патрэбны».

Карэспандэнт: «Вы можаце назваць сябе шчасьлівым чалавекам?»

Алена: «Магу. Шчасьлівым чалавекам. Бо адчуваю заўсёды дапамогу Пана Бога. А гэта ня кожны чалавек можа адчуць. Бог зрабіў у маёй сям’і вельмі многа пераваротаў. Спачатку ня ўсё гладка было ў маёй сям’і. Хіба гэта ня цуд, калі мой муж, які казаў, што ніколі ня пойдзе ў касьцёл, калі ён у сорак гадоў пайшоў вучыцца на катэхізатара? І зараз выкладае рэлігію для дзяцей. Які раней любіў выпіць, з усімі выцякаючымі…»
Падарожжы Свабоды

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG