Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзіны беларускі ўнівэрсытэт ў Эўрапейскім Зьвязе — Эўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні — пачынае кампанію па наборы новых студэнтаў. Дарэчы, траціна найбольш пасьпяховых студэнтаў вучыцца ў ЭГУ бясплатна.

У новым навучальным годзе для студэнтаў-першакурснікаў будзе павялічана колькасьць стыпэндый, ільготаў па аплаце і іншых бонусаў. Зьявяцца і новыя праграмы.

Дыплём ЭГУ — гэта дыплём эўрапейскага ўзору, які прызнаецца ва ўсіх краінах Эўразьвязу і краінах Паўночнай Амэрыкі. Выпускнікі бакаляўрыяту і магістратуры ЭГУ пасьпяхова знаходзяць працу ў Эўропе і на радзіме, кажа кіраўнік дэпартамэнту паліталёгіі Віктар Марціновіч:

Віктар Марціновіч
«Ёсьць шмат прыкладаў, калі выпускнікі ЭГУ пасьпяхова ўладкоўваліся нават у Беларусі. Ёсьць прыклады пасьпяховага ўладкаваньня ў Эўропе ў інстытуцыях, якія працуюць зь Беларусьсю. Адзін з нашых выпускнікоў працаўладкаваўся ў прадстаўніцтве Эўрапейскай камісіі ў Беларусі, у офісе, які працуе ў Менску».

Прарэктар па акадэмічных пытаньнях Аляксандар Каўбаска распавёў, што сёлета ўнівэрсытэт вырашыў больш шырока, так бы мовіць, адкрыцца абітурыентам:

«Мы будзем ладзіць тры дні з ЭГУ — дні адчыненых дзьвярэй, калі можна будзе і схадзіць на заняткі замежных моваў, профільных дысцыплін, пазнаёміцца за гэтыя тры дні і ў інтэрнаце пажыць. І адразу, хто пажадае, здаць іспыты па эсэ і малюнку. Тэрміны гэтых трох дзён з ЭГУ 25 — 27 сакавіка. На сайце ёсьць дэдлайны, калі трэба падаць дакумэнты, каб атрымаць візу. Зараз заканчваецца запіс на два дыстанцыйныя курсы, якія адкрываюць дарогу ці дабаўляюць балы пры паступленьні. Гэта «Дэмакратыя і правы чалавека: дыялёг культур» і «Інтэлектуальны маратон».

У адрозьненьне ад беларускіх ВНУ, у ЭГУ на ўсіх спэцыяльнасьцях ёсьць базавы набор прадметаў, якія ўсе абавязаныя вывучаць, а частку прадметаў студэнт выбірае сам. Найбольшай папулярнасьцю ў абітурыентаў зь Беларусі зараз карыстаюцца паліталягічныя навукі. Кіраўнік Дэпартамэнту паліталёгіі Віктар Марціновіч распавядае пра праграмы наступнага навучальнага году:

«У гэтым годзе будзе абвешчаны набор на адну бакаляўрскую праграму. Гэта праграма „Паліталёгія і эўрапейскія дасьледаваньні“, якая разьлічана на тых выпускнікоў беларускіх школ, якія зацікаўленыя зразумець, што такая эўрапейская паліталёгія. І будуць дзьве магістарскія праграмы, якія разьлічаны на тых, хто ўжо скончыў навучаньне ў беларускай ВНУ і жадае рабіць навуковую кар’еру, стаць дасьледчыкам . Гэта праграма „Эўрапейскія дасьледаваньні“. І ёсьць магістарская праграма „Публічная палітыка“. Мы дамагліся, што выкладаць будзе прафэсар з галяндзкага Лэйдэну Антуанэта Дзімітрова. Чалавек з эўрапейскім імем, будзе выкладаць для беларускіх магістрантаў».

Дарэчы, Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт нядаўна стварыў Надзвычайны фонд для падтрымкі і інтэграцыі студэнтаў, выключаных зь ВНУ за ўдзел у акцыі 19 сьнежня. ЭГУ гатовы прыняць такіх студэнтаў на ўсе праграмы, што дзейнічаюць ва ўнівэрсытэце.

Больш аб праграмах ЭГУ можна даведацца ТУТ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG