Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца ў Беларусі да санкцыяў, якія ўвялі супраць афіцыйнага Менску ЗША і Эўрапейскі Зьвяз?

Беларускі МЗС у адказ на санкцыі паабяцаў увесьці "прапарцыйныя і адэкватныя паводле зьместу захады". На пытаньне, якімі будуць гэтыя захады, прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных, патлумачыў:
Рашэньне ЭЗ нам, на жаль, не пакідае выбару ...

"Любое ўвядзеньне мераў патрабуе пэўнага часу. Мы з гэтым ня будзем сьпяшацца. Меры будуць добра прааналізаваныя, і як толькі яны будуць прынятыя, мы вас праінфармуем. Мы зь вялікім нежаданьнем ідзем гэтым шляхам. Рашэньне ЭЗ нам, на жаль, не пакідае выбару. Меры распрацоўваюць экспэрты. Галоўны прынцып у гэтым — гэта адэкватнасьць мераў, іх характар адказу".

ЗША аднавілі эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да дзьвюх філіяў "Белнафтахіму" — "Полацак Шкловалакно" і "Лідзкая Лякафарба".

Прэсавы сакратар "Белнафтахіму" Марына Касьцючэнка ня стала камэнтаваць гэтыя санкцыі:

"Наша пазыцыя супадае зь дзяржаўнай пазыцыяй, якая агучана Міністэрствам замежных спраў, і дадаць нешта іншае мы ня лічым патрэбным".

Лідэр руху "За свабоду" Аляксандар Мілінкевіч адзначыў, што Эўразьвяз адносна Беларусі абірае тактыку калідора:

Аляксандар Мілінкевіч
"Я лічу, што гэта вельмі мяккія санкцыі, калі параўнаць з тым, што адбываецца на Беларусі, з тымі жорсткімі рэпрэсіямі, з той колькасьцю палітвязьняў, што мы сёньня маем, з зачысткай палітычнага і грамадзкага поля. Відавочна, што Эўразьвяз абірае тактыку калідора, калі ўводзяць адны санкцыі, пагражаючы іншымі, і чакаюць адпаведных крокаў ад уладаў. Як мінімум, вызваленьня палітвязьняў".

Паводле экс-кандыдата ў прэзыдэнты і былога палітвязьня Аляксандра Казуліна, "цяпер было цяжка чакаць іншых санкцый". Ён адзначыў, што Эўропа дае Аляксандру Лукашэнку права выбару:

Аляксандар Казулін
"Гэта проста першы крок. Эўропа цяпер больш разумее, што адбываецца ў нашай краіне, і ўжо робіць усё з адкрытымі вачыма. Даецца права нейкага выбару для спадара Лукашэнкі адносна таго, што ён зараз будзе рабіць: ці знойдзе цывілізаванае выйсьце, ці проста стане ізгоем. Калі казаць, як я быў вызвалены, то я быў вызвалены, калі ЗША ўвялі пэўныя эканамічныя санкцыі. Адсоткаў на 90 дзякуючы гэтаму я быў вызвалены, і тое праз шэсьць месяцаў пасьля іх увядзеньня".

Дык ці пойдзе Лукашэнка на вызваленьне палітвязьняў?

"Ён цяпер знаходзіцца ў такім цяжкім стане, калі нельга пакараць і нельга памілаваць. Гэтую коску яму ўсё роўна давядзецца недзе ставіць. Але пакуль ён сам сябе загнаў у такі кут, зь якога яму будзе вельмі цяжка выбрацца".

Экс-кандыдат у прэзыдэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў назваў падыход эўрапейцаў "больш прадуманым", але разьлічвае на пашырэньне сьпісу неўязных:

Рыгор Кастусёў
"Не заўсёды эканамічныя санкцыі — гэта тое, што можа дапамагчы нашай справе. Эканамічныя санкцыі, якія паспрыяюць падзеньню ўзроўню жыцьця супрацоўнікаў тых ці іншых прадпрыемстваў ці беларускага народу, могуць, наадварот, паспрыяць павелічэньню прыхільнасьці насельніцтва Беларусі да дыктатара. А вось санкцыі асабістага фармату больш пасьпяховыя. Хочацца, каб гэтыя санкцыі былі працягнутыя. Было агучана пра закрыцьцё рахункаў прадстаўнікоў беларускай улады ў Эўропе, каб гэтыя рахункі яшчэ былі названыя, колькасьць сродкаў на іх. Я лічу, што трэба пашыраць сьпіс беларускіх чыноўнікаў, невыязных у Эўропу і ЗША. Бо колькасьць у паўтары сотні чалавек — гэта дробязь. Туды трэба ўключаць усіх людзей, якія былі далучаны да фальсыфікацыі выбараў. Гэты сьпіс павінен налічваць некалькі тысяч чалавек".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG