Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Белавія" па-ранейшаму возіць беларусаў у Эгіпет


Беларускія грамадзяне, якія знаходзяцца на адпачынку ў Эгіпце, не сьпяшаюцца вяртацца дадому, пакуль ня выйдзе час аплачанага пражываньня ў гатэлях. Аргумэнтуюць гэта тым, што ў курортных гарадах сытуацыя пад кантролем і небясьпекі для жыцьця няма. Ці так гэта?

Беларускія ўлады рэкамэндавалі грамадзянам краіны ўстрымацца ад паездак у ахоплены хваляваньнямі Эгіпет. Аднак пры гэтым не робяць асаблівых крокаў дзеля таго, каб вярнуць на радзіму беларусаў, якія там знаходзяцца — а гэта больш за дзьве тысячы чалавек. Калі ў суседняй Расеі апэратарам забаронена прадаваць туры ў Эгіпет і самалёты туды ляцяць выключна з мэтай эвакуацыі сваіх грамадзянаў, то "Белавія" чартэрныя рэйсы не скасоўвае. Так, і 1 лютага чарговы борт з турыстамі выправіўся на поўнач Афрыкі.

Кіраўнік асацыяцыі турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмайстар кажа: сытуацыя ўскладняецца тым, што беларускія турысты не застрахаваныя ад такога кшталту рызыкаў:

"У курортных месцах спакойна, хоць ёсьць паведамленьні, што ў тым жа Шарм-эль-Шэйху танкі ўведзеныя. Але курорт, гатэль — гэта прыватны бізнэс, яны ахоўваюцца. Гэта не 15 мільёнаў каірцаў, якіх немагчыма пракантраляваць падчас масавых хваляваньняў і беспарадкаў. Бізнэс у любым разе зацікаўлены ў захаваньні стабільнасьці, бо ў іншым выпадку гэта пацягне за сабой непажаданыя наступствы для справы.
, у нашым заканадаўстве дакладна не прапісана, што ў выпадку крытычных сытуацый можа ўдзельнічаць у выратаваньні сваіх грамадзянаў у "гарачых кропках" ...

Дрэнна ў гэтай сытуацыі тое, што нашы турысты, па-першае, не застрахаваныя на непрадбачаныя рызыкі. Па-другое, у нашым заканадаўстве дакладна не прапісана, у адрозьненьне ад таго ж расейскага, што Міністэрства надзвычайных сытуацый у выпадку крытычных сытуацый можа ўдзельнічаць у выратаваньні сваіх грамадзянаў у "гарачых кропках". Таму мусім задзейнічаць, часьцей за ўсё, чужую дапамогу ці знаходзіць іншыя інструмэнты".

Як падаюць усясьветныя інфармагенцтвы, у найбуйнейшых аэрапортах Эгіпту пануе поўны хаос. Колькасьць тых, хто хоча вярнуцца на радзіму, нашмат перавышае тэхнічныя магчымасьці авіяперавозчыкаў. Тым часам узрастае агульнапалітычная напружанасьць — на 1 лютага эгіпецкая апазыцыя заплянавала "марш мільёнаў", у зьвязку з чым у буйных гарадах можа быць цалкам паралізаваны ўсялякі рух.

Мянчук Юрась адпачываў у Эгіпце незадоўга да пачатку масавых акцый пратэсту. Кажа, што быў нават сьведкам нападу акулы на турыста ў курортным Шарм-эль-Шэйху, але ўсьцешаны, што не давялося выпрабоўваць лёс сустрэчай з абураным натоўпам. Лічыць, што раней ці пазьней трэба было чакаць, што плаціну "прарве":

"Хоць у партрэты Мубарака ніхто памідоры ня кідаў, але сказаць, што была ўсенародная любоў, вядома, нельга. Прынамсі, я не адчуваў і ня бачыў. І, як выявілася, вера ў яго не настолькі моцная, калі вось гэтае даміно, якое пачало падаць з Тунісу, так хутка да Эгіпту дакацілася. Запатрабавалася ня тое што жарынка, хапіла проста дыму, тленьня нават. Было дастаткова, каб выбухнула гэтая народна-сацыяльная бомба.

Натуральна, што народ стаміўся. І хоць у масе сваёй яны недысцыплінаваныя і безалаберныя (хто быў у Каіры, той зразумее, што я маю на ўвазе), тым ня меней і яны стаміліся ад неразьбярыхі, павальнай карупцыі, нізкага ўзроўню жыцьця. Пласты насельніцтва вельмі моцна разьдзеленыя: 5% на залатых "Ролс-ройсах", астатнія — у скрынях з-пад тэлевізараў. І гэтыя падзеі яшчэ раз паказваюць, што поўнач Афрыкі — усё ж не зусім Афрыка…".

Ганна зь Берасьцейшчыны ў сыстэме гатэльнага бізнэсу Эгіпту — ад пачатку 2000-х. Працуе на рэцэпцыі ў адным з самых дарагіх гатэляў Хургады, адпачынак у якім большасьці беларускіх турыстаў не па кішэні. Кажа, што адчуваньня асаблівай напружанасьці няма, але і няма ніякай гарантыі, што пратэстныя настроі ў сталіцы ўрэшце не перакінуцца на іншыя рэгіёны, у тым ліку курортныя:
Людзі працуюць па 16 гадзін... і маюць крыху больш за 100 даляраў. ...

"Я ведаю, што ў Каіры, у Луксоры людзі жывуць за абсалютны мінімум. Людзі працуюць па 16 гадзін, а што ў іх ёсьць? Яны ня могуць дазволіць сабе самага элемэнтарнага! То бок у іх там ёсьць 500—600 фунтаў на месяц, і гэта лічыцца нармальным. А насамрэч гэта крыху больш за 100 даляраў. Каб жыць больш-менш прыстойна — мець хоць бы ня дом, а кватэру, машыну — патрэбна вельмі шмат грошай. Пры гэтым ёсьць вельмі багатыя вілы і ў тым жа Каіры, і ў Луксоры, і такі кантраст, вядома, вельмі многіх напружвае".

Сярод турыстаў з пасьлясавецкай прасторы Эгіпет мае вялізную папулярнасьць. Адсутнасьць візаў і танныя ў параўнаньні зь іншымі кірункамі туры вывелі краіну ў лідэры турыстычных прыярытэтаў -- штогод на Чырвоным моры адпачываюць дзясяткі тысяч беларусаў. Паводле зьвестак Міністэрства спорту і турызму Беларусі, нават у гэтыя дні ад загадзя набытых пуцёвак адмовіліся толькі 3% беларускіх турыстаў.
XS
SM
MD
LG