Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эштан: Эўразьвяз можа ўзмацніць санкцыі супраць афіцыйнага Менска


Кэтрын Эштан

Кэтрын Эштан

Выявіўшы ўзважаны падыход да санкцый супраць Беларусі, Рада міністраў ЭЗ разьлічвае ўбачыць прагрэс у сытуацыі, заявіла Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан:

"Мы не адзін раз патрабавалі вызваленьня зьняволеных па палітычных матывах. Мы спадзяваліся, што сытуацыя ў Беларусі палепшыцца, але на справе не выявілася ніякіх зьменаў. Вось чаму ў нас не заставалася іншага выхаду, як прыняць абмежавальныя меры ў адносінах да беларусаў, адказных за прымяненьне гвалту , уключаючы прэзыдэнта Лукашэнку. У сьпісе больш за 150 імёнаў ", -- адзначыла Эштан на прэсавай канфэрэнцыі пасьля пасяджэньня Рады Эўразьвязу.

Яна заявіла, што Рада ЭЗ вернецца да пытаньня аб санкцыях, калі ў Беларусі не вызваляць палітычных зьняволеных. У прынятай ў панядзелак пастанове Рады ЭЗ адзначаецца, што прадугледжваюцца і "іншыя дзеяньні, якія маглі б быць прынятыя ў будучыні".

"Наш прыярытэт – гэта вызваленьне ўсіх палітвязьняў, што будзе заставацца галоўным да таго моманту, калі мы зможам перагледзець прынятае сёньня рашэньне", -- сказала Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ.

Пры гэтым яна выказала падтрымку беларускаму народу і згадала абавязацельствы ЭЗ перад грамадзянскай супольнасьцю Беларусі.

Рада Эўразьвязу разглядала і магчымасьць эканамічных санкцыяў адносна беларускіх уладаў, але не знайшла згоды. Некаторыя аргумэнтавалі, што такія санкцыі закрануць беларускае грамадзтва. На прапанову Польшчы і Швэцыі было вырашана, што пад эканамічныя санкцыі патрапяць некаторыя беларускія кампаніі.

"Гэта будуць санкцыі, напрыклад, скіраваныя супраць фірм, якія выкарыстоўваць рэпрэсіі або зьяўляюцца фінансавай падпоркай беларускага рэжыму", -- патлумачыў міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG