Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі ЗША камэнтуюць беларускія палітолягі


Злучаныя Штаты ўсьлед за аналягічным крокам Эўразьвязу таксама ўвялі свае санкцыі супраць Беларусі ў зьвязку з разгонам акцыяў пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Амэрыканскія санкцыі прадугледжваюць пашырэньне колькасьці беларускіх урадоўцаў, на якіх распаўсюджваюцца візавыя і фінансавыя абмежаваньні, і аднаўляюць мараторый на дзелавое супрацоўніцтва зь дзьвюма філіямі канцэрну «Белнафтахім».

Санкцыі ЗША камэнтуюць беларускія палітолягі

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў: «Гэтыя санкцыі чакаліся. Было пытаньне наконт эканамічных санкцыяў, але, як мы бачым, яны Эўразьвязам ня ўведзеныя. А Злучаныя Штаты проста зьнялі мараторый на лідзкі завод „Лакафарба“ і полацкі завод „Шкловалакно“, што таксама чакалася. Мне падаецца, што нічога надзвычайнага не адбылося. Але ўсё роўна цікава, якім чынам адрэагуе на гэта беларускае кіраўніцтва. Мяркую, што рыторыка будзе жорсткай. Але, мне падаецца, яны баяліся большага».

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў: «Гэтым разам Злучаныя Штаты вельмі шчыльна каардынавалі сваю палітыку, свае захады адносна Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам. У прынцыпе, яны ўвялі такі ж самы сьпіс, як і Эўрапейскі Зьвяз, а Эўразьвяз пайшоў на тое, каб выкарыстаць папярэднюю фармулёўку ЗША пра тое, што сьпіс візавых санкцыяў мусіць быць адкрытым, то бок яго можна пераглядаць некалькі разоў. Што тычыцца эканамічных санкцыяў Злучаных Штатаў, дык яны ўжо паказалі сваю неэфэктыўнасьць. Мы разумеем, што гэта хутчэй, так бы мовіць, іміджавыя захады з тым, каб прадэманстраваць, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі паводзіць сябе ня так, як гэтага хацелася б заходнім дэмакратыям».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG