Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Афіцыйны Менск зноў папракае Брусэль падвойнымі стандартамі


Будынак МЗС Беларусі

Будынак МЗС Беларусі

Сёньня Эўразьвяз аднавіў прыпыненыя ў 2008 годзе візавыя санкцыі ў дачыненьні да беларускіх функцыянэраў. Яны будуць датычыць 158 прадстаўнікоў рэжыму ўлучна з прэзыдэнтам Лукашэнкам і двума ягонымі сынамі. Замарожаныя таксама банкаўскія актывы гэтых асобаў.

Сёньняшняе рашэньне прынялі 27 міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу. Гэта адказ афіцыйнаму Менску на пасьлявыбарчыя рэпрэсіі і арышты.

Хутка пасьля абвяшчэньня брусэльскага вэрдыкту ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі сабралі журналістаў. Прэсавы сакратар Андрэй Савіных зачытаў заяву зьнешнепалітычнага ведамства ў адказ. У ёй сярод іншага адзначаецца:

Андрэй Савіных
«Лёгіка, якая закладзеная ў заключэньнях Эўрапейскага Зьвязу, штурхае яго да непасрэднага ўмяшальніцтва ў справы сувэрэннай дзяржавы. Яна падрывае давер, і зь непазьбежнасьцю вядзе да дзеяньняў, якія разбураюць пэрспэктыву агульнай для ўсходу і захаду нашага кантынэнту мэты — фармаваньне Эўропы бязь лініяў падзелу».

МЗС абвінаваціла Эўразьвяз і ў падтрымцы экстрэмізму, і ў падвойных стандартах:

«Непрыхаванае імкненьне апраўдаць небясьпечныя для грамадзтва парушэньні часткай апазыцыйных сілаў закону на справе ўспрымаецца як заахвочваньне звонку беззаконьня і экстрэмізму… Асаблівую антыпатыю выклікае абсалютна несупастаўляльная рэакцыя Эўразьвязу на непараўнальна больш жорсткія дзеяньні ўрадаў у некаторых іншых дзяржавах эўрапейскага рэгіёну. Такія адрозныя падвойныя стандарты пазбаўляюць сэнсу рыторыку Эўразьвязу пра «эўрапейскія каштоўнасьці».

У заяве таксама падкрэсьліваецца, што «ціск на Беларусь ня мае пэрспэктывы», а «рашэньні Рады ЭЗ змушаюць Рэспубліку Беларусь пайсьці на прапарцыйныя і адэкватныя паводле зьместу захады».

У сьпісе беларускіх чыноўнікаў, супраць якіх уводзяцца візавыя санкцыі, ёсьць і група кіраўнікоў выбарчых камісіяў — ад Цэнтральнай да рэгіянальных. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына так пракамэнтавала «Свабодзе» гэтае рашэньне:

Лідзія Ярмошына
«Гэта расстрэльныя сьпісы. Калі на акупаванай тэрыторыі з насельніцтвам распраўляюцца, то спачатку вызначаюць— пацярпіць столькі і столькі чалавек. А пасьля мы вызначымся пэрсанальна.

Яны могуць зрабіць усё што заўгодна. Гэта нішто іншае як звычайная расправа. Яна ня мае нічога агульнага з пэрсанальнай віною людзей».

У брусэльскай заяве таксама падкрэсьліваецца, што згаданыя абмежаваньні і сьпіс ахопленых імі асобаў будуць адкрытыя і ўвесь час будуць пераглядацца. Таму цікаўлюся ў Лідзіі Ярмошынай, ці могуць, на яе думку, патрапіць пад абмежаваньні і іншыя чальцы выбарчых камісіяў?

«Вось ужо і ня ведаю. Мабыць, тут можа быць помста. Тыя прадстаўнікі так званых няўрадавых арганізацыяў, якія падтрымліваюць дачыненьні з Брусэлем, будуць даваць сьпісы нейкіх канкрэтных старшыняў участковых камісіяў, зь якімі ў іх былі канфлікты. І такім чынам проста пэрсанальна помсьціць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG